Ня тыя словы

19 мая 2010 г.

Навіны

Радыё Свабода 4 траўня сёлета правяла он-лайн канфэрэнцыю зь Лявонам Баршчэўскім, вядомым дзеячом Фронта (пазьней псэўда-БНФ), якога разам з В. Вячоркам нядаўна выдаліла з кіраўніцтва іхнай арганізацыі чарговая “новая хваля” начале з “чалавекам у галіфэ” Янукевічам. Дарэчы, у той жа дзень і час адбывалася он-лайн і з Янукевічам, і той на поўным сур’ёзе казаў, што галіфэ ня носіць (цікава, што гэты фрагмэнт на наступны дзень быў “вычышчаны” з тэксту ягоных адказаў на сайце Радыё Свабода). Але вернемся да Баршчэўскага.

Зьмітрок з Жодзіна задаў яму пытаньне: “Лявон, ці не здаецца вам, што зараз супраць вас “новай хваляй” ужываюцца тыя ж мэтады, што вамі былі выкарыстаны ў свой час супраць Пазьняка?”

Цытуем з адказу Баршчэўскага: “На зьезд, калі ўпершыню старшынём не быў выбраны паважаны сп. Пазьняк, дэлегатаў не прызначалі, а выбіралі. І не прывозілі на яго нікому не вядомых людзей (паглядзіце архіўныя здымкі делегатаў зьезду 1999 года). І да перамогі сп. Пазьняку на першай сэсіі зьезду не хапіла ўсяго аднаго голасу (нябожчык Уладзімер Кармілкін расказваў мне, што ён галасаваў самым апошнім і ў апошнюю хвілю вырашыў не галасаваць за сп. Зянона)”. Крыніца: http://www.svaboda.org/discussion/1/145655.html

Вядома, што спасылацца на нябожчыкаў вельмі зручна, яны не адкажуць, не запярэчаць. Але справа не ў легендарным фатографе-фронтаўцы Кармілкіне (хаця спасылка Баршчэўскага некарэктная). На Зьезьдзе 1999 года ўдзельнічалі сотні чалавек і яны ўсё бачылі. Яны пацьвердзяць, што сп. Баршчэўскі сказаў няпраўду пра вынікі галасаваньня.

У выніку галасаваньня і падліку галасоў Зьезд Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Партыі БНФ абраў старшынём абедзьвюх арганізацый сп. Зянона Пазьняка большасьцю ў чатыры галасы. Гэта зафіксавана ў дакумантах Зьезду.

Убачыўшы, што ўся задумка (узгодненая з грантадаўцамі) і ўся праца па адхіленьні Пазьняка ад кіраўніцтва Фронтам пайшла на марна, Баршчэўскі аб’явіў, што ніхто ня выбраны (што, маўляў, патавая сытуацыя) і зачыніў паседжаньне Зьезду з прапановай прадоўжыць Зьезд праз месяц. Такая была хлусьня, хітрасьць і тактыка змоўшчыкаў.

На наступным пасьля Зьезду паседжаньні Управы БНФ на вул. Варвашэні, 8 пацешна было назіраць і слухаць, як сп. Баршчэўскі, цытуючы нейкія амэрыканскія энцыкляпэдыі, даказваў, што “большасьць у чатыры галасы – гэта на самой справе ня большасьць, а меншасьць…” Мы, — людзі менш абазнаныя ў тонкасьцях схаластыкі і сафістычнага штукарства, — ад душы рагаталі, слухаючы разважаньні прамоўцы. Памятаю, я глядзеў на яго і думаў: “Які таленавіты артыст, як рэалістычна, проста па Станіслаўскаму, прыдумляе. І нават не чырванее…”

У прынцыпе правакацыя пэўных асобаў, якія заплянавалі адсоўваньне Зянона Пазьняка ад кіраўніцтва Фронтам, з грукатам правалілася. А як яны намагаліся, як мітусіліся і хітрылі! У многіх рэгіёнах краіны напярэдадні другой сэсіі Зьезда насуперак Статуту БНФ адбыўся прыём у Фронт шэрагу асобаў, якія побач з Фронтам ніколі не стаялі. Іх адразу абіралі дэлегатамі на Зьезд. Перад самым пачаткам Зьезду мітусьлівыя яшчэ праводзілі рэгістрацыю такіх “дэлегатаў”. Калі яны заўважылі, што колькасьці падстаўных асобаў ўсяроўна не хапае для “перавароту”, яны пачалі рабіць рэзкія жэсты. На нашых вачах сп. Баршчэўскі (адукаваны інтэлектуал, у эўрапейскіх унівэрсітэтах вучыўся) кінуўся да стала рэгістрацыі, схапіў кіпу падрыхтаваных бюлетэняў для рэгістрацыі і пабег прэч.

Дарэчы, пра згаданыя Баршчэўскім фотаматар’ялы Зьезда. Яны сапраўды ёсьць. Ёсьць кадры з хапаньнем і паяданьнем бюлетэняў і шмат пра што іншае.

“Путчысты” круціліся, як маглі. Па зале паседжаньня Зьезду падчас галасаваньня асабліва актыўна бегалі дзьве асобы: Вячаслаў Сіўчык і Павал Севярынец. Яны крыкамі і знакамі камандвалі прысутным маладзёнам, як трэба галасаваць. Але большасьць дэлегатаў Зьезду ўсяроўна прагаласавала за сп. Зянона Пазьняка.

На другой сэсіі Зьезду “путчысты”, бачачы свой правал, адкалоліся і арганізавалі свой асобны “зьезд”, ўтварылі свой БНФ на “прагматычных асновах” начале зь Вячоркам. Нагадаем, што праз пэўны час абодвух актывістаў (Сіўчыка і Севярынца) гэтыя “прагматыкі” выдалілі ўжо з свайго “Фронта”. (Прытым у аперэткавым стылі.) Сіўчыка нават выносілі з Варвашэні, 8 за ногі-рукі і недалікатна выкідвалі, як Панікоўскага ў рамане “Залатое цяля”. Баршчэўскі, Вячорка, Хадыка і некалькі іншых затрымаліся ў псэўда-БНФ даўжэй.

Ніхто не падлічыў аб’ём шкоды, якую прынесьлі нашай краіне сваёй раскольнай дзейнасьцю такія дзеячы. Але ў пэўны момант, як мы ўжо згадалі, іх пагналі прэч яшчэ больш “прагмацейшыя” за іх. Прычым, зрабілі гэта маладалікатным спосабам. Цяпер, як бачым, яны (прынамсі некаторыя зь іх) шукаюць свайго месца ў Фронце, займаюцца “мэмуарыстыкай” і міфатворчасьцю. Дзіўнае ўсё гэтае захаваньне. Само жыцьцё пацьвердзіла рацыю Зянона Пазьняка і засьведчыла крах той “прагматычнай рэвалюцыі” (ці “новай хвалі”, як яе называлі). Самы раз спадарам Баршчэўскаму і Вячорку прызнаць гэта і пагадзіцца, што памыліліся, прызнацца ў сваіх памылковых дзеяньнях. Замест гэтага спадар Баршчэўскі зноў нешта прыдумляе.

Вядома, прызнаваць памылкі цяжка, асабліва чалавеку вядомаму і аўтарытэтнаму. Але ж і жыць не па-праўдзе не выпадае. Няпраўда дзіўным чынам (ды што дзіўным – заканамерным) абарочваецца людзьмі ў галіфэ ды гандлярамі, што гандлююць шылдай, пад якой іншыя некалі гатовыя былі пакласьці сваё жыцьцё. Сапраўднае Адраджэньне, аднак, жыве, рухаецца і працягвае змаганьне за волю, справядлівасьць і вызваленьне Бацькаўшчыны.

Валеры Буйвал