17 траўня ў Кіеў з афіцыйным візытам прыбыў прэзыдэнт Расеі Медведев. Пераможца завітаў на скораную тэрыторыю, каб агледзець яе. Прынамсі так уяўляюць сябе свой рэванш ва Украіне самы маскоўскія імпэрцы. Васал Масквы выканаў рытуальны танец вакол свайго гаспадара і павёз яго па заранёў узгодненай праграме. Медведев пачаў куражыцца яшчэ на этапе падрыхтоўкі візыту. У дэлегацыю РФ дэманстрацыйна быў уключаны чачэнскі васал Масквы Кадыраў-малодшы. Яшчэ пры прэзыдэнце Юшчанку Кадыраў зрабіў публічную заяву: “Грузія, паўднёвая Асэція, Украіна – усё гэта будзе працягвацца і працягвацца. Гэта асабістая бяда Расеі. Чаму мы павінны ўвесь час пакутваць, калі можам ліквідаваць гэта? Мы – вялікая дзяржава. У нас ёсьць усё: армія, тэхналогіі. Нам неабходна пераходзіць у наступ”. У сувязі з антыўкраінскім сэнсам гэтай заявы МЗС Украіны пасылала было пратэстную ноту ў Маскву. І вось гэты дробны выскачка (якога без ваеннай падтрымкі Масквы чачэнскі народ ліквідаваў бы зь ягонай хунтай на працягу аднаго дня) будзе побач з сваім паханом аглядаць Украіну.

Расейцы з самага пачатку заявілі, што цырымоніі ўшанаваньня памяці расстраляных пры Сталіне ў Быкоўне каля Кіева ня будзе. Было б дзіўна, калі б спадчыньнікі лубянскіх расстрэльшчыкаў зьявіліся там. Хаця Пуцін ніколі не праймаваўся такімі дэталямі. Ён спакойна хадзіў на магілы людзей, забітых гэбэ і савецкай арміяй у 1988-91 гадах. Напрыклад, у Баку. І кланяўся там, і вянок ускладаў. І хоць бы хны…

Гэтым разам крамлёўцаў павезьлі да Магілы невядомага жаўнера. Як толькі распачаўся рытуал, неба абрынула на зямлю моцны дождж з градам, усё злавесна пацямнела. Калі Януковіч зрабіў рытуальны паклон перад вянком, парыў ветра сарваў вянок з канструкцыі і кінуў яго на васала. Вызваляць Януковіча ад вянка кінулася ахова. Богабойныя людзі ўсяе Украіны, убачыўшы гэтую сцэну, жагналіся і зразумелі ўсё як Божы знак: палеглыя не хацелі прымаць крывадушны дар ад таго, хто прадаў душу ворагам. Гэбоўскія малойцы пасьпелі ўчапіцца ў медведевскі вянок і гэтым разам крамлёвец ацалеў.

Гадоў восем таму Патрыярх Ерузалімскі запрасіў да сябе прэзыдэнтаў усіх эўрапейскіх краінаў з праваслаўнай большасьцю насельніцтва. На афіцыйную сустрэчу прыехалі першыя асобы Баўгарыі, Румыніі, Грэцыі, Расеі, Украіны, Грузіі. Быў там і Лукашэнка. Элемэнтам сустрэчы была раздача гасьцям абразоў. Усе прэзыдэнты прынялі абразы. Толькі калі Лукашэнка выставіў свае рукі наперад і хацеў загрэбсьці абраз, сьвяты вобраз упаў на падлогу. Бог і тады пасылаў народам і людзям свой знак.

Матэрыялісты-прагматыкі звычайна сьмяюцца з такой аргумэнтацыі. Яны і марксізм і праваслаўе здолелі выкарыстаць на сваю карысьць. Яны не баяцца ані Божага гневу, ані гневу людзей. Яны ўжо давялі да жабрацкага стану і дзікага крызісу падуладныя сабе краіны. Але ўжо набліжаецца канец іхнага трыюмфа. Ня будуць ворагі чалавецтва бясконца куражыцца на зямлі народаў.

Юрка Марозаў