Беларусы і ўвесь сьвет назіраюць за “рэформамі”, якія наладжваюць ва Украіне яе новыя гаспадары пасьля перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах маскоўскага стаўленіка Януковіча. Характар “рэформаў” выразна антыўкраінскі. Разгортваецца сістэма русіфікацыі, якую Украіна ня бачыла з 1991 года. Міністар асьветы Табачнік загадаў структурам асьветы рыхтаваць тысячы настаўнікаў расейшчыны для навучальных установаў краіны. Расея заявіла, што на яе ваенна-марскія базы вяртаюцца афіцэры контрвыведкі РФ (выдаленыя з краіны пры прэзыдэнце Юшчанку). Таксама прайшла інфармацыя, што на расейскую ваенна-марскую базу Балаклава ў Крыме вяртаюцца расейскія падводныя чаўны.
Хто займаецца ўсім гэтым, хто падрывае асновы дзяржаўнага сувэрэнітэту краіны? Якая ідэалогія гэтай публікі? Ілюстрацыю да дзеяньняў Януковіча і януковічцаў дае аглядальнік львоўскай газэты “Високий Замок” Амар Узарашвілі.
Амар Узарашвілі Дзьве “ходкі” Януковіча былі… палітрэпрэсіямі!
Чытачы газэты “Лівий берег” будуць доўга рагатаць, калі прачытаюць інтэрв’ю з міністрам унутраных справаў Украіны Анатоліем Магілёвым, якій назваў дзьве “ходкі” Віктара Януковіча… палітычнымі рэпрэсіямі.
Журналістка спытала спадара Магілёва, ці не бянтэжыць галоўнага міліцыянта краіны тое, што ім кіруе прэзыдэнт, які сядзеў за рабункі. У адказ міністар наліўся крывёю і запытаў газэтчыцу, ці яна не паліла ў школьнай прыбіральні. Журналістка не разгубілася і зазначыла, што паленьне і “дзьве ходкі на малалетку” параўноўваць недапушчальна. “А калі лічыць гэта палітрэпрэсіямі тых часоў?” — ляпнуў у адказ разгублены Магілёў.
У 1967 годзе Віктара Януковіча засудзілі на паўтара гады пазбаўленьня волі “за абрабаваньне, зьвязанае з гвалтам”, а ў 1970 годзе ён у другі раз апынуўся за калючым дротам “за нанясеньне цялесных пашкоджаньняў сярэдняй цяжкасьці”.
Прызнаньне сілавым міністрам гэтых па сутнасьці крымінальных дзеяньняў “палітрэпрэсіямі” толькі на першы погляд здаецца сьмешным і абсурдным. У Лэўка Лук’янэнка і шмат каго з іншых палітрэпрэсаваных, я перакананы, такія параўнаньні выклікаюць ня сьмех, а гнеў і абурэньне. Але што зробіш… Мы нечакана для шмат каго пасьля прэзыдэнцкіх выбараў апынуліся ў краіне крывых люстраў. Раней, прыгадваю, кіраўнікоў дзяржавы папракалі, што яны ня здолелі стварыць дзяржаўную ідэалогію. З цяперашняга часу яна ёсьць. Гэта ідэалогія нават ня злодзеяў, а звычайнай шпаны, што патрапіла за краты за, скажам, зьбіцьцё слабейшага зграей. У калоніях для непоўнагадовых гэтая шпана навучылася жорсткасьці і зразумела, што нахабства – другое шчасьце.
“Магілёў – гэта дэкласаваная асоба з Данеччыны”, — пракамэнтаваў “пэрлы” міністра ў размове з карэспандэнтам “ВЗ” народны дэпутат фракцыі “НУ-НС” Генадзій Маскаль. Дэкласаваная шпана пры ўладзе – гэта ня сьмешна, гэта – страшна. Яна прызвычаяна дзейнічаць скорайне жорстка і цынічна. А яе ўменьню выдаваць чорнае за белае пазайздросьціў бы і сам Гэбельс. Далёка ня ўсі палітыкі-апазыцыянэры ведаюць галоўны закон шпаны – “Слабейшага сагні мацней”. У зонах паважаюць толькі нахабную сілу. Дык толькі на сілу і зважае данецкая шпана, якая зрабіла зонаўскія традыцыі ідэалогіяй краіны.
Крыніца: http://www.wz.lviv.ua/pages.php?atid=82891
(Пераклад з украінскай)