Эўраструктуры ізалююць не рэжым, а беларускі народ

13 мая 2010 г.

Навіны

Такога даўно ўжо не было ў найноўшай гісторыі. Афіцыйная Масква выступіла на міжнароднай арэне супраць афіцыйнага Менску. Можа маскоўцы асудзілі палітыку русіфікацыі і гэбізацыі нашай краіны? Што іх так раптам “осеніло”?

29 красавіка сёлета Парляманцкая Асамблея Рады Эўропы прыняла рэзалюцыю па Беларусі, у якой пастанавіла замарозіць кантакты з “палаткамі” і ўрадам менскага рэжыму. Упершыню такую рэзалюцыю падтрымала расейскае прадстаўніцтва ў гэтай міжнароднай арганізацыі. У рэзалюцыі ПАРЭ была выказана гатоўнасьць “вярнуцца да дыялогу ў адказ на будучыя станоўчыя крокі афіцыйнага Менску”. З досьведу мы ведаем, што спыненьне працэсу русіфікацыі і гэбізацыі ў Беларусі, унутраная акупацыя нашай краіны маскоўскімі сіламі ніколі не разглядалася ў ПАРЭ і нават ня згадвалася. Іх гэта не цікавіць, яны гэтага “не заўважаюць”. Раней мы чулі ад іх патрабаваньні да антыдэмакратычнага лукашыстоўскага рэжыму арганізаваць дэмакратычныя выбары, не чапаць журналістаў і лібэральныя фармулёўкі пра “правы чалавека”. У прынцыпе ніхто ў ПАРЭ ніколі не прадстаўляў на разгляд сапраўднай, адэкватнай карціны трагедыі беларускага народу і праблемаў беларускай дзяржавы. Карцінка малявалася заўсёды дыстортная, паводле лібэральнай канцэпцыі. Псэўдаапазыцыйная публічка, якая прыязджала на ранейшыя абмеркаваньні з Беларусі, зачытвала з паперак тое, што ёй падсоўвалі пад нос, і ківала галавой, калі было трэба. І вось у чарговы раз шэрагу чыноўнікаў РБ ПАРЭ забараніла ўезд на тэрыторыю дзяржаваў-сяброў арганізацыі.

Як напісала пра гэта Радыё Свабода, А. Лукашэнка нават паскардзіўся на расейцаў і канкрэтна на дэпутата Дзярждумы С. Маркава, які дзейнічаў у ПАРЭ, самому прэзыдэнту Д. Медведеву падчас візыту ў Маскву 8 траўня. Лукашэнка прасіў “не выносіць з хаты сьмецьце на міжнародную арэну”. Невядома, што яму адказаў Медведев. Але вядома, што С. Маркаў апраўдваўся. Казаў, што хацеў зрабіць як лепш і што пасьля паседжаньня ў ПАРЭ “да яго падыходзілі беларускія дыпламаты і дзячылі яму”.

Непаўторны А. Лебедько, які таксама ўдзельнічаў у тым паседжаньні ПАРЭ і дзе трэба было ківаў галавой, расказаў нам на радыёхвалях, што гэта ёсьць “крызіс у беларуска-расейскіх стасунках”. Прычыны і характар гэтага “крызісу” ён так і не патлумачыў. Хаця ніхто ад гэтага запіснога статыста ніякіх тлумачэньняў і не чакаў.

Што ж сапраўды здарылася? Чаму Масква праз сваіх міжнародных прадстаўнікоў вырашыла пакараць рэжым сваіх менскіх васалаў? Аналіз паказвае, што ніякага “крызісу ў беларуска-расейскіх стасунках” няма. Крызіс мог бы існаваць толькі ва ўмовах парытэтных, роўных адносінаў двух раўнапраўных бакоў. Вядома, што начальнік рэжыму і ягоная камарылья (якім ПАРЭ забараніла падарожнічаць па сваёй зямлі) ня маюць ніякіх парытэтных стасункаў з Масквой, яны ўзятыя Крамлём на працу, на выкананьне пэўных функцыяў. Чаму ж тады Крэмль загадаў публічна высекчы такую верную яму “унтэр-афіцэрскую ўдаву”?

Крэмль такім чынам, вельмі рэзка нагадаў сваім васалам, дзе іхнае месца, іхная будка і міска. Крэмль зацікаўлены ў тым, каб Беларусь была шчыльна ізаляваная ад заходніх краін, каб рэжымнае чынавенства бачыла магчымасьць рэалізоўваць свае рэжымныя і асабістыя праекты толькі ў рамках Расеі. Каб нават выпадкова, нават часткова не маглі рэалізавацца нейкія эскізы кшталту “Заходняга партнёрства”. Каб сонца яснае сьвяціла для рэжымнага чынавенства толькі з Масквы. І міжнародная эўрапейская арганізацыя ахвотна пагадзілася на гэты прадыктаваны Масквой ізаляцыйны варыянт. Нават не засумнявалася, а чаго гэта Масква раптам пачала выхоўваць свой васальны рэжым?

У выніку ўсе, выключна ўсе страты будзе мець Беларусь – не рэжым і ягоныя “палаткі”, а наш народ, нашы людзі, мільёны звычайных грамадзянаў. Гэта мы з вамі будзем сядзець у арганізаванай Масквой ізаляцыі, пакуль грамадзяне іншых краін свабодна займаюцца бізнэсам, творчасьцю, працуюць, вучацца і адпачываюць у цывілізаваным сьвеце. Лукашыстоўская “эліта” будзе рабіць свой бізнэс, нягледзячы на рэзалюцыю ПАРЭ, і будзе зрошчвацца яшчэ болей з дзяржаўна-мафійнымі структурамі Расеі. Збочаная арентацыя, навязаная нашаму народу, рызыкуе стаць нашым лёсам.

Дзе ж выйсьце? Выйсце ў вызваленьні ад унутранай маскоўскай акупацыі і яе носьбітаў. Выйсьце ў наладжваньні самастойнай унутранай і зьнешняй палітыкі, якая сапраўды адпавядае нашым нацыянальна-дзяржаўным інтарэсам. Калі будзе народная Беларуская Салідарнасьць, дэмакратычна абраны парлямант (а не пацешныя “палаткі”), калі будзе не васалітэт, а паўнавартасная Беларуская Дзяржава – тады міжнародныя арганізацыі вымушаны будуць шанаваць наш народ і не пасьмеюць наладжваць нам ізаляцыю.