З замежжа ў СМІ РБ паступілі інфармацыйныя справаздачы пра сьвяткаваньне 9 траўня фэнамэнальнымі структурамі пад назовам “белорусская діпломатія”. Што тычыцца Эўропы, то тут яны сапраўды праявілі актыўнасьць. Месцы правядзеньня мерапрыемстваў падабраныя нібыта пад капірку: “Русскій дом”, “Русскій центр культуры і наукі”, “Русскій культурный центр” і г.д. у розных эўрапейскіх сталіцах. Зразумела, хто там арганізоўваў мерапрыемствы, прысьвечаныя гадавіне перамогі над Нямеччынай, хто там вёў рэй і пра што ён распавядаў – русскіе товарішчі з ФСБ, якія на розныя лады казалі пра “велічіе русского і советского народов”, пра Сталіна і г.д. Выставы і канцэрты праводзіліся таксама імі. Пад рускіх “закасілі” (як кажуць студэнты) і дыпламаты з Беларусі, у некаторых месцах да іх ужо далучыліся афіцыйныя асобы ад януковіцкай дыпламатыі Украіны. Правінцыйныя таварышы пасядзелі ў куточку ў рускіх цэнтрах, паслухалі “вставай страна огромная…”, патусаваліся і “с чувством выполненного долга” пайшлі ў кантору рабіць справаздачу ў Менск. У некаторых месцах Эўропы яны хадзілі (зразумела, таксама з расейцамі) ускладаць кветкі да розных помнікаў.
Што павінна была б рабіць у гэты дзень сапраўдная беларуская дыпламатыя? Рабіць тое, што рабілі ўсе замежныя прадстаўнікі цывілізаваных дзяржаваў. Ісьці перш за ўсё да помнікаў сваім нацыянальным героям і ахвярам вайны свайго народу. Беларускія гісторыкі і актывісты Народнага Фронту даўно ўжо высьветлілі і паведамілі нашаму грамадзтву, дзе знаходзяцца такія помнікі і магілы беларусаў. У Італіі гэта Монтэ-Касіна, Анкона, Балонья. Ёсьць помнікі і магілы беларусаў у Францыі, Бэльгіі, Нідэрляндах і Нямеччыне. Ня кажучы ўжо пра Польшчу, Угоршчыну, Румынію, Чэхію, Славакію, дзе іх ёсьць тысячы. Нармальнае дзяржаўнае кіраўніцтва даўно б ужо паставіла б у гэтых краінах дзесяткі новых помнікаў нашым героям і ахвярам. Нармальная дыпламатыя даўно б ужо ініц’явала гэты працэс мэмарыялізацыі.
“Скептыкі” могуць запярэчыць, што, маўляў, “грошай у дзяржавы няма” і не да таго… “Скептыкам” можна запярэчыць, што лепш было б не пабудаваць адзін лядовы палац у якім-небудзь Бабруйску і грошы б знайшліся. Гэтыя ж могуць заявіць, што расейцы далі магчымасьць пакарыстацца сваімі замежнымі “дамамі”, пакуль у Беларусі няма сваіх дамоў культуры ў Эўропе. На гэта адказ просты. Замест непатрэбнай нікому мільярднай “Мінск-арэны” можна было б арганізаваць замежныя цэнтры беларускай культуры, і гэта б выйшла значна таньней. Нават ня маючы такіх цэнтраў сёньня, можна было б арганізаваць сапраўды нацыянальныя і дзяржаўныя мерапрыемствы. Арэндаваць невялікія пляцоўкі няхай сабе не ў сталіцах, а недзе ў правінцыйных гарадах эўрапейскіх краін, запрасіць туды беларускіх творцаў, правесьці выставы, канцэрты, сустрэчы. Дарэчы, камунальныя ўлады прадаставілі б бясплатна свае памяшканьні для такіх мерапрыемстваў і запрасілі б жыхароў сваёй правінцыі на цікавыя імпрэзы. Усё можна. Але для гэтага трэба мець жаданьне. Жаданьня ў чужых і раўнадушных людзей ня можа быць. У іх афіцыйная канцэпцыя такая і яны з радасьцю выконваюць яе: хадзіць авечкамі за маскоўскім пастухом ва ўсе месцы, дзе ён іх павядзе. Прычым пугі для іх ня трэба, дастаткова сьвістка. І гэтую варожую нам, мягка кажучы небеларускую публіку павінен утрымліваць на свае сродкі беларускі народ.
Яны паказалі сваю сапраўдную натуру і ў сьвята, і ў дыпламатычныя будні – поўны правал, ганьба, ізаляцыя краіны і змрочная савецкая правінцыйнасьць. Яны так выхаваны, іх так адбіралі. МЗС РБ з гонарам заяўляў ня раз, што “95% нашых дыпработнікаў –гэта прадстаўнікі маскоўскай дыпламатычнай школы”. Вось гэта сапраўды адчуваецца: лёкаі чужой дзяржавы.
*Янка Базыль *