Маскоўскія багацеі, мафіёзы, бандыты і злодзеі купляюць сябе раскошныя кватэры і маёнткі ня толькі ў нас у Беларусі. Вядома, што ўкладаньне жульніцкіх і крывавых капіталаў у нерухомасьць праводзіцца легіёнамі гэтай публікі ў шэрагу краін Эўропы, перш за ўсё ў сталіцах, а таксама ў камфортных зонах адпачынку. Некаторыя курортныя зоны ў Іспаніі, Францыі і Італіі ўжо цалкам падпарадкаваны расейскай мафіі, наўпрост або праз падстаўных асобаў. Ня раз ужо мясцовы люд, напалоханы інвазіяй агрэсіўных і хамскіх маскоўскіх экзотаў з растапыранымі пальцамі, мабілізаваўся на абарону свайго краю і сваіх каштоўнасьцяў. Жыхары мястэчак і вёсак бачылі, як маскоўскія бандыты скуплялі на караню мясцовую адміністрацыю і мясцовых аўтарытэтаў. Рызыка апынуцца парабкамі на ўласнай зямлі дыктавала людзям неабходнасьць супраціўляцца. Іспанцы, французы, італьянцы ўзброіваліся паляўнічымі рушніцамі і стваралі народныя дружыны, якія бралі пад ахову тэрыторыю жыцьця мясцовага люду. Яны не пускалі ў свае паселішчы публіку, якая размаўляла і паводзіла сябе па-расейску. У шэрагу выпадкаў людзі вымушалі структуры ўлады праводзіць ачыстку тэрыторыі ад расейскай банды. Да справы падключаліся нацыяналістычныя палітычныя групоўкі, за якія жыхары пачыналі актыўна галасаваць. Калі на пачатку 90-х гадоў заходнікам трэба было яшчэ тлумачыць, што такое ёсьць “таямнічая руская душа”, то цяпер для іх гэта не сакрэт.
Цікава, што да справы ачысткі жыцьцёвай прасторы ад навязьлівай чужынскай мафіі і іхнай лакальнай агентуры падключыліся надчалавечыя стыхіі. Прырода прадыктавала сваё на ўскраіне Менску. Непадалёк ад цяперашняга “Чупа-чупса” (як называе моладзь будынак “національной бібліотекі”) з сярэдзіны 90-х разбудаваўся вялікі “баярскі гарадок”, адзін з першых у нас. Таўстасумы ўпрытык адзін да аднаго пабудавалі свае церамы над каналам па вул. Філімонава, весела і ярка расфарбавалі іх. Але пралічыліся. Аказалася, што глеба ў гэтым месцы балоцістая, яна не вытрымлівае цяжараў над сабой. Ніжні ярус баярскіх пабудоваў рэгулярна залівае вада, у інтэр’ерах гасьцююць хмары камароў…
Другой стыхіяй выступае эканамічны крызіс, які сярод іншага актывізаваў шмат якіх жулікаў. На працягу гадоў расейскія багацеі скуплялі дамы ў Баўгарыі. І вось вялікая колькасьць іх стала ахвярай вялікай афёры. Толькі ў горадзе Санданскім на поўдні Баўгарыі баўгарскія жулікі сабралі з расейцаў сумарна 600 тысячаў даляраў на пакупку кватэраў “экстра-класа”. Паводле баўгарскіх і расейскіх СМІ сярод пацярпелых ёсьць буйныя маскоўскія бізнэсоўцы, а таксама блізкі сябра амбасадара РФ у Сафіі Юрыя Ісакава. Справа ў тым, што ўжо больш за два гады гэтая нерухомасьць у Санданскім знаходзіцца ў закладзе ў Аб’яднанага банку Баўгарыі.
За крымінальнай здзелкай стаіць вядомы баўгарскі “прадпрыймальнік” Іван Ковачаў. Ён узяў грошы з расейцаў, але так і не перавёў іх у банкі. А сам зьнік. У выніку баўгарскі банк выставіў нерухомасьць на таргі. Расейцам запрапанавалі паўдзельнічаць у таргах і такім чынам плаціць у другі раз за свае апартамэнты.
І можна было б паспачуваць абрабаваным маскоўцам. Але як кажа расейскі народ, “вор у вора дубінку украл”… Ня будзе шчасьця на нарабаваныя ў людзей грошы.
- Юрка Марозаў*