Шатландцы злавілі “засланага казачка”

6 мая 2010 г.

Навіны

Брытанскія і расейскія СМІ паведамілі пра чарговы эпізод эўрапейскага змаганьня супраць расейскага крыміналу. Пракуратура Шатландыі канфіскавала 6,5 мільёнаў фунтаў сцелінгаў (!) з рахунка расейскага “бізнэсмэна” Анатолія Казачкова ў Royal Bank of Scotland. Яго падазраюць у адмываньні грошай. Рассьледваньне па Казачкову вядзецца ажно з 2008 года, калі сьледчыя атрымалі падазроную інфармацыю з філіяла згаданага банка ва Угоршчыне. Яшчэ ў 2004 годзе Казачкоў крутануў фінансавую афёру з грашамі, паходжаньне якіх не змаглі патлумачыць нават расейскія ўлады, да якіх зьвярнуліся сьледчыя.

Сам Казачкоў тлумачыў сьледчым, што грошы меркавалася выдаткаваць на будаўніцтва нафта-перагоннага завода ў Іране. Але шатландцы не паверылі ў пэрсідзкую казку і фальшывым даведкам, якія прадставіў маскоўскі дзеяч. Тым больш, што брытанскія партнёры маскоўца заявілі, што ня маюць зь ім нічога агульнага (мяркуем, што брытанскія жулікі проста здалі свайго маскоўскага калегу). Сьледчым удалося разматаць увесь клубок і высьветліць, што праз Казачкова на працягу некалькіх гадоў у розныя заходнія банкі былі пераведзены вялікія грашовыя сродкі і ўсё з аднаго расейскага банка. А банк гэты абанкроціўся ў 2004 годзе.

Пакуль што канфіскаваныя ў Казачкова сумы (а мы разумеем, што гэтыя грошы належаць усёй злачыннай групе, а ня толькі яму) прадстаўляюць сабой рэкорд памераў канфіскацыі. Але падобна, што рэкорд пратрымаецца нядоўга. Заходнія крыміналісты зловяць яшчэ засланых з Масквы казачкоў. У адпаведнасьці з законам, казачкоўскія грошы будуць выдаткаваны на сацыяльныя патрэбы. Пакручастыя шляхі фінансавых расейскіх плыняў. Грошы, адабраныя бандытамі ў расейскіх бедалаг, будуць цяпер забясьпечваць існаваньне тых заходнікаў, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай дапамозе. Такая вось сацыяльная справядлівасьць.

Юрка Марозаў