Сардэчна віншуем зь юбілеем сп. Юрыя Адамавіча Беленькага, выканаўцу ў Беларусі абавязкаў старшыні Беларускага Народнага Фронту і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Ад душы зычым яму здароўя, творчага плёну і моцы духу. Найлепшыя зычэньні ягонай сям’і.
Калі ў 1988 годзе мы далучаліся да змаганьня Народнага Фронту і распачыналі нашу народную рэвалюцыю, то былі значна маладзейшымі. І вось прамінулі дзесяцігодззі, у юбілейныя дні мы можам з гонарам сказаць, што жыцьцё пражыта не дарэмна. Дасягнуты многія мэты нашай агульнай нацыянальнай справы: адноўлена незалежнасьць Бацькаўшчыны, нацыянальныя каштоўнасьці адрадзіліся ў душах мільёнаў суайчыньнікаў.
Нашае змаганьне за волю працягваецца і такія людзі, як Юры Беленькі, зьяўляюцца прыкладам для нас. У самыя драматычныя моманты барацьбы ён заўсёды наперадзе, натхняе беларускіх змагароў словам і справай. Маладым і старэйшым трэба вучыцца ў Юрыя Адамавіча аптымізму, упэўненасьці ў справядлівасьці беларускай справы, набірацца ад яго сьветлай энэргіі.
Будзем ісьці разам па абранай намі дарозе нацыянальнага вызваленьня. Над намі лунае сьвяты нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг.
Сябры Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 5 траўня 2010 г.