Старшыня рэжымнага ЦВК Л. Ярмошына 3 траўня зрабіла цікавую заяву ў інтэрв’ю агенцыі “Белапан”. Цытуем яе на мове арыгіналу: “Конечно, выборы было бы удобнее провести до Нового года. Было бы иное настроение в обществе”. Што ж, заява атрымалася і дастаткова ёмістая і ў той жа час дастаткова празрыстая, хаця і крыху загадкавая. Л. Ярмошына пасьпяшалася ўдакладніць, што “ні з кім пра гэта не раілася”. Але мы ведаем, што чыноўнікі проста “ад сябе” ня робяць такія заявы. Зразумела, што агучыла яна далёка не сваё меркаваньне, а меркаваньне рэжыму.
Загадкавасьць заявы ў таямнічасьці фармулёўкі. Што гэта значыць, “іное настроеніе в обшчестве”? Можа быць мяркуецца, што перад Новым годам людзі будуць весялей пасярод перадсьвяточных клопатаў? Стан нацыянальнай эканомікі і фінансаў, а таксама разьвіцьцё і паглыбленьне эканамічнага крызісу па ўсім сьвеце падказваюць, што ў рэчаіснасьці будзе якраз наадварот. Чым далей у часе, тым большы эканамічны правал адкрываецца на прасторах дзеяньня прамаскоўскага рэжыму, які нелегальна гаспадарыць у Беларусі ў выніку папярэдніх электаральных падманаў. Падобна, што рэжым сьпяшаецца арганізаваць яшчэ адну “элегантную перамогу” Лукашэнку, пакуль людзі атрымліваюць нейкі заробак і нейкую пэнсію, пакуль канструкцыя дыктатуры не абвалілася канчаткова. Калі б усё ішло паводле іхных аптымістычных сцэнароў, то й навошта было б сьпяшацца. Тым больш, што рэжым лічыць удалай генэральную рэпэтыцыю ў выглядзе нядаўніх “мясцовых выбараў”. Удалай ня ў сэнсе масавага ўдзелу выбаршчыкаў або іх энтузіязма ў падтрымцы лукашызма. 75% выбаршчыкаў на галасаваньне не пайшлі, мільёны людзей адвярнуліся ад хлусьлівай дыктатуры і прышпіленай да яе псэўдаапазыцыі. Для электаральных жулікаў (як і для ўсіх відаў жулікаў) важна іншае – зьнешняя гладкасьць пракручанай афёры, добрая міна пры шулерскай гульні. Падобна, што яны мяркуюць такім чынам ісьці па жыцьці вечна. Але нават практыка казіно і гульнявых клюбаў сьведчыць аб тым, што ў пэўны момант шулераў ловяць з краплёнымі картамі, бьюць падсьвечнікамі і гоняць прэч.
Заўважана, што засьпяшалася і рэжымная псэўдаапазыцыя. Растыражавана па мясцовых, расейскіх і нават шэрагу замежных СМІ навіна пра высоўваньне А. Мілінкевіча на прэзыдэнцкае кандыдацтва. Цяпер, што праўда, яго не падаюць у амплуа “агульнанацыянальнага лідэра апазыцыі”, але для рэкламшчыкаў дастаткова і ягонае старшынства ў нейкай другараднай структурцы (і так “салідна”). На форумах пасыпаліся камэнтары наконт гэтай гутапэрчывай фігуры. Камэнтары ў асноўным іранічныя. Найбольш запомнілася фармулёўка: “Мілінкевіч асацыіруецца з паразай і блякласьцю выбарчай кампаніі”. Цяпер сапраўды цяжка сябе ўявіць, што гэтая постаць у 2006 годзе даволі лёгка здолела павесьці за сабой дзесяткі тысячаў людзей – не, не на разгром дыктатуры, а якраз наадварот: ад палаца дыктатара ў аддаленыя сьнежныя сумёты. Цяпер яму такі фокус не паўтарыць.
Разумеючы гэта, рэжым мабілізоўвае чарговы “джэнтльмэнскі набор” з псэўдаапазыцыйных кандыдатаў, зь якіх найбольшым артыстызмам вылучаецца Гайдукевіч. У найноўшай гісторыі краіны за ім ужо замацавалася амплуа “вечна другога”. У сэнсе некалькіх адсоткаў, атрыманых на выбарчым шоў. Ён мяркуе і гэтым разам публічна, з шчырай усьмешкай павіншаваць Лукашэнку з “честной победой”.
Весялосьці дадае і маленькая “грамадзянская вайна” у псэўда-БНФ. Раптам група таварышаў (Вячорка, Баршчэўскі, Івашкевіч, Арэшка і інш.) выступілі з абвінавачваньнямі супраць “чалавека ў галіфэ” Янукевіча. Ён, аказваецца, давёў арганізацыю да ручкі, знівэліраваў яе, пазбавіў палітычнай вагі і вывеў на маргінэс палітычнага жыцьця. Усе згаданыя працэсы назіраюцца ў псэўда-БНФ ужо на працягу шэрагу гадоў пры прагматыках-кіраўніках Вячорку і Баршчэўскім. Янукевіч іхны выхаванец на прагматычнай глебе. Янукевіч рэалізаваў на практыцы тое, чаму вучылі “настаўнікі”. Канфлікт выглядае дастаткова эфэктна. Паседжаньні, камітэты, заявы, прэс-канфэрэнцыі, гуканьне з правінцыі… Журналісты вынялі з свайго арсэналу фармулёўкі, ад якіх патахае драматызмам і эсхаталагічнымі матывамі: “Раскол або рэванш у Партыі БНФ” і г.д. Ведаючы гэтую публіку, мы, аднак, мяркуем, што адносіны паміж імі не зьмяніліся. Яны як былі, так і засталіся прагматыкамі. Разыгранае імі лакальнае шоў дазваляе нават у Маскве гукаць пра “распыленасьць і нязгоду ў беларускай апазыцыі, якая няздольная перамагчы Лукашэнку”. Гэтым яны і займаюцца на працягу апошніх 10-15 гадоў.
Што ж рабіць беларусам пасярод гэтага мельцяшэньня, двухсэнсоўных дэкларацый і няшчырых жэстаў? Мільёны нашых людзей ужо зразумелі, што трэба рабіць, і пакінулі рэжым зь ягонай псэўдаапазыцыяй гуляцца ў свае падстаўныя гульні. Беларусы ня хочуць выступаць у ролі статыстаў у іхнай шулерскай масоўцы. Ужо другі раз запар бальшыня беларускага электарату (мільёны дарослых людзей) наладзіла народны байкот выбарчага шоў дыктатуры. Людзі зрабілі свой маральны выбар, не запляміліся супрацоўніцтвам з крымінальнікамі. У выніку людзі адчуваюць цяпер адэкватнае душэўнае задавальненьне, бо яны захавалі свой гонар і не напалохаліся жулікаў, не саступілі ім. Беларусы робяць першыя крокі на шляху да вызваленьня ад крымінальнага рэжыму. Не выпадкова так напалохалася і засьпяшалася камарылья рэжыму. Яна і яе начальнік маюць сапраўдныя зьвесткі і сапраўдную, правальную для іх статыстыку “выбараў”. Вось і мітусяцца яны, мабілізуюць свае жыдзенькія шыхты.
На чарговым выбарчым шоў антыбеларускага рэжыму, незалежна ад таго, калі яно будзе арганізавана, наш народ павінен выкарыстаць унівэрсальную зброю абароны Бацькаўшчыны – народны байкот дыктатуры і яе “выбараў”.
*Янка Базыль *