Дзярждума РФ прыняла да разгляду ўрадавы законапраект, які пашырае паўнамоцтвы ФСБ

3 мая 2010 г.

Навіны

Пра новыя думскія ініцыятывы пішуць у расейскім інтэрнэт-выданьні Grani. Ru. Прадстаўляем вашай увазе фрагмэнты публікацыі на гэтую тэму.

Новы законапраект

Дзярждума прыняла да разгляду ўрадавы законапраект, які пашырае паўнамоцтвы ФСБ. Як пішуць “Ведомости”, у адпаведнасьці з папраўкамі ў закон “Аб фэдэральнай службе бясьпекі” і ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях, рэдактар СМІ, які не падпарадкаваўся патрабаваньню ФСБ выдаліць з сайта публікацыю, можа быць арыштаваны на 15 сутак.

Цяпер супрацоўнік ФСБ зможа патрабаваць ад грамадзяніна, у прыватнасьц кіраўніка СМІ або чыноўніка, выкананьня патрабаваньняў пад пагрозай штрафа або арышту. Патрабаваньнямі можа стаць спыненьне публікацый, якія дапамагаюць экстрэмістам, або зьвестак, якія не зьяўляюцца сакрэтнымі, але публікацыя якіх непажадана, распавяла газэце крыніца, блізкая да ФСБ.

“Для абвяшчэньня афіцыйнай перасьцярогі асоба можа быць выклікана ў ворганы ФСБ”, — гаворыцца ў дакуманце.

Пры гэтым непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню супрацоўніка ФСБ будзе штрафавацца: для фізычных асобаў штрафам ад 500 да 1 тысячы рублёў або адміністрацыйны арышт на тэрмін да 15 сутак, для асобаў на пасадах – ад 1 да 3 тысячаў рублёў, а для юрыдычных асобаў – ад 10 да 55 тысячаў рублёў (сумы падаюцца ў расейскіх рублях – заўвага рэдактара).

“Асобныя СМІ адкрыта спрыяюць фармаваньнню негатыўных працэсаў у духоўнай сфэры, сьцьвярджэньню культа індывідуалізма і гвалту, нявер’ю ў здольнасьць дзяржавы абараніць сваіх грамадзянаў, фактычна ўцягваючы моладзь у экстрэмісцкую дзейнасьць”, — адзначаецца ў тлумачальнай запісцы да праекта, якую цытуе Росбалт. (…)

Аб неабходнасьці пашырэньня паўнамоцтваў ФСБ у студзені заяўляў Дзімітры Медведев. На штогадовым пашыраным пасяджэньні калегіі спэцслужбы ён заявіў, што Фэрэральная служба бясьпекі “таксама ўдзельнічае ў мадэрнізацыі краіны”. Адным з галоўных прыярытэтаў ФСБ Медведев назваў барацьбу з тэрарызмам і экстрэмізмам.

Крыніца: http://grani.ru/Society/Madia/m.177489.html


Найбольш кур’ёзнае ва ўсім гэтым – гэта медведеўская цытата пра тое, што “ФСБ таксама ўдзельнічае ў мадэрнізацыі краіны”. Наколькі памятаем, такой функцыі не замацавана за спэцслужбамі (сакрэтнымі службамі) ні ў воднай дэмакратычнай краіне сьвету. Там да такога проста не дадумаліся. Ну, таму што ў спэцслужбаў зусім іншыя функцыі і функцыянальныя абавязкі. Мадэрнізацыяй краіны спэцслужбы не павінны займацца. Як робіцца мадэрнізацыя па-лубянску, зьведалі на сабе пакаленьні падсавецкіх і паслясавецкіх людзей. У прынцыпе ў Расеі не рыхтуецца нічога новага. ФСБ і так мае поўную ўладу ў імпэрыі, у гэтым якраз і палягае сутнасьць гэбізму як сацыяльна-палітычнай зьявы. Цяпер будзе (абавязкава будзе) зроблены крок да канчатковай легалізацыі лубянскай дыктатуры ў імпэрыі. Пасьля прыняцьця гэтага закону Дзярждумай лубянцам ня трэба будзе прыдумляць і выкарыстоўваць розныя хітрыкі і прыкрываць свае дзеяньні. Цяпер ім можна будзе дзейнічаць проста ў лоб.

Уражваюць словы з тэрміналогіі новага законапраекта: “публікацыя непажадана”, “нявер’е ў здольнасьць дзяржавы абараніць сваіх грамадзянаў” і г.д. І, зразумела, гумова-безразьмерная згадка пра “экстрэмізм”. Цяпер пад гэтую гэбоўскую дэфініцыю можна падвесьці што заўгодна. Легальным зробіцца цяпер практыка выкліку ў гэбэ “на беседу”. Раней чалавек заўсёды мог паслаць іх куды падалей, патрабуючы прад’явіць яму позву з пячаткай і згадкай пра тое, па якой справе ён праходзіць. Цяпер справу яму будуць “шыць” з віртуознай лёгкасьцю.

Чаму лубянскім віртуозам спатрэбілася новая легалізацыя? Зразумела чаму. Правальваюцца ўсе праекты, якія яны пачалі зьдзяйсьняць у 1991 годзе: палітычныя. эканамічныя, сацыяльныя. Правальваецца іхная імпэрыя. Вось і бяруцца яны за “мадэрнізацыю”, зноў будуць наганяць страху на актыўных людзей і на грамадзтва ў цэлым. Прычым, рабіць гэта “абсалютна законна”. Нас гэты думскі праект павінен вельмі непакоіць, таму што васальны рэжым РБ можа па-малпачаму скапіраваць яго на нашай тэрыторыі. Беларускае грамадзтва не павінна дапусьціць трыюмфу гэбізму ў сваёй краіне.

Юрка Марозаў