Успамінаюць Васіля Быкава

3 мая 2010 г.

Навіны

Расейскае інтэрнэт-выданьне Grani.ru ў апошнія дні праводзіць апытаньне ў творча, палітычна і сацыяльна значных асобаў Расеі пра іхныя любімыя творы на тэму вайны (у катэгорыях — проза, вершы, песьня і кінафільм). У першай катэгорыі вядомая нам Валерыя Навадворская адназначна заявіла: “Васіль Быкаў – “Сьцюжа”, “Пастка”, і наогул увесь Быкаў”. Ад гэтай асобы (вядомага антыімпэрскага палітыка і публіцыста) пачуць такое ня дзіва. Тым больш, што яна нарадзілася і вырасла ў нашых Баранавічах. Але многія іншыя з апытаных таксама называюць імя і творы нашага класіка як зьяву, якая ўразіла іх на ўсё жыцьцё і данесла ім праўду пра вайну. Адзін зь іх, аднак, згадаў Быкава ў кароткім пераліку “из русской литературы”. А другі тэарэтызаваў наконт “славянского ощущения и переживания войны”. Але на наш погляд, у дадзеным выпадку гэта малаважна. Гэта яшчэ раз даказвае, што творы Васіля Быкава – гэта ўнівэрсальнае, агульначалавечае мастацтва. Настолькі ўнівэрсальнае, што чалавек можа нават паблытаць літаратуры, бо бачыць у тэксьце нешта глыбака сваё і роднае. Вось такі Васіль Быкаў, сябра Сойму Беларускага Народнага Фронту.

Дарэчы, на другім месцы ў згадках – творчасьць Аляксандра Твардоўскага, смаленскага беларуса, класіка расейскай паэзіі ХХ стагоддзя. Хаця ён публічна ніколі не ідэнтыфікаваў сябе з беларускай традыцыяй, але духоўны падмурак ягонага мастацкага мысьленьня, безумоўна, наш — нацыянальны.

Трагедыя вайны, чалавек на вайне – гэтую тэму з непаўторнай глыбінёй і празрыстасьцю перадала менавіта беларуская душа. Гэта статыстычна прызнаюць асобы, якія часам нават далёкія ад прызнаньня непаўторнасьці і тоеснасьці нашага народу і нашай культуры. Менавіта за гэта, за мастацтва праўды ненавідзела і ненавідзіць Васіля Быкава антыбеларуская хунта і яе начальніцкі охлас. За гэта любяць і будуць чытаць заўсёды творы Быкава ў розных краінах сьвету.

Самае важнае, каб самы беларусы ведалі, чыталі кнігі Быкава, каб ганарыліся сваім вялікім пісьменьнікам і распавядалі людзям аб нашай культуры, мове і гісторыі. Каб кожны з нас быў правадніком і носьбітам беларускай праўды паводле прыкладу Васіля Быкава.

Валеры Буйвал