27 красавіка на сайце партыі “Наша Украіна” былі зьмешчаны паведамленьні пра драматычныя падзеі ў Кіеве. Публікуем гэтую інфармацыю.
Юшчанка: Сёньняшнія падзеі – тэст для грамадзтва
Лідэр “Нашай Украіны” Віктар Юшчанка заявіў, што ратыфікацыя пагадненьня аб пралангацыі знаходжаньня Чарнаморскага Флёту РФ ва Украіне яшчэ на 25 гадоў – гэта вайсковая ўзурпацыя краіны. “Тое, што адбылося ў Вярхоўнай Радзе, ёсьць вайсковай узурпацыяй. І я перакананы, што на гэтым кропка ня ставіцца”, — заявіў Юшчанка.
Ён падкрэсьліў, што гэта ёсьць наступства беспрынцыпнасьці ўлады. “Дзеля эканамічных інтарэсаў нельга паступацца інтарэсамі бясьпекі, — зазначыў лідэр “Нашай Украіны”. Юшчанка заявіў, што калі ўлада ня зьменіць сістэму каштоўнасьцяў, то “падобныя галасаваньні адбудуцца і па авіяпраму, і па ядзернай энэргетыцы, па газатранспартнай сістэме. Ня важна, пра які аб’ект йдзецца – беспрынцыпнасьць, адсутнасьць нацыянальнай ідэалогіі прыводзяць да такіх наступстваў”.
Адначасова Юшчанка адзначыў, што сёньняшнія падзеі стануць асновай для грамадзкай кансалідацыі: “Я перакананы, што сёньня толькі ад нацыі залежыць наш рух”. “Гэта тэст ня толькі для народных дэпутатаў, гэта – тэст для ўсяго грамадзтва”, — сказаў Віктар Юшчанка. Паводле ягоных словаў, гэтае рашэньне павінна абудзіць ва Украіне цэлую нізку ініцыятываў, пачынаючы ад мясцовых рад і грамадзкіх арганізацый, каб даць ацэнку дзеяньням улады.
“Мы як ніколі дэзарганізаваныя, патрэбна шмат часу, каб нацыя зразумела, што адбылося. Нацыя павінна прайсьці вялікі працэс грамадзкага ўсьведамленьня”, — дадаў ён. Юшчанка заявіў, што пакуль мы будзем кансалідавацца не вакол каштоўнасьцяў, а вакол “бажкоў”, мы будзем мець падобныя памылкі.
Крыніца: http://www.razom.org.ua/news/6051/
Вярхоўная Рада здала нацыянальны інтарэс Украіны
Вярхоўная Рада ратыфікавала пагадненьне аб працягу знаходжаньня Чарнаморскага Флёту ў Крыме яшчэ на 25 гадоў. За гэтае рашэньне дэпутаты аддалі 236 галасоў, хаця паловы дэпутатаў-рэгіянальнікаў не было ў гэты час на месцы галасаваньня, таму што яны блакавалі трыбуну.
У той самы час каля сьцен парляманту сабраўся шматлюдны мітынг супраць ратыфікацыі дамовы. Усе вуліцы каля Вярхоўнай Рады былі запоўненыя людзьмі. Пляцоўка на вуліцы Грушэўскага перад Вярхоўнай Радай была перакрыта кардонамі міліцыі і аточана намётамі Партыі рэгіёнаў. На гэтую пляцоўку міліцыя не прапускала нікога з апазыцыі – толькі журналістаў і прадстаўнікоў Партыі рэгіёнаў.
Лідэр “Нашай Украіны” Віктар Юшчанка, які прыехаў да парляманту, заявіў, што ратыфікацыя пагадненьня аб пралангацыі знаходжаньня Чарнаморскага Флёту РФ яшчэ на 25 гадоў – гэта вайсковая ўзурпацыя краіны.
Крыніца: http://www.razom.org.ua/news/6056/
(Пераклад з украінскай)