Чарговы выбарчы фарс рэжыму праваліўся. 75 адсоткаў выбаршчыкаў не пайшлі галасаваць

26 красавіка 2010 г.

Навіны

З усяе краіны ў Менск паступаюць зьвесткі пра вынікі рэжымнай кампаніі пад назовам “мясцовыя выбары”. Рэжым, як заўсёды, абвясьціў аптымістычную для сябе статыстыку па колькасьці выбарцаў, якія зарэгістраваліся і прынялі ўдзел у галасаваньні. Зарэгістраваныя назіральнікі, актывісты Беларускага Народнага Фронта “Адраджэньне” і многія тысячы грамадзянаў, аднак, сьведчаць, што статыстыка рэжыма фальшывая. Няма ніякіх 70% выбарцаў, якія прынялі ўдзел у галасаваньні. Не было такой вялікай колькасьці тых, хто прагаласаваў датэрмінова (паводле рэжыму, да 30-33%). Рэжым у чарговы раз зьдзейсьніў крымінальнае злачынства, сфальшаваўшы вынікі свайго электаральнага шоў.

Па ўсёй краіне прагаласавала значна менш за палову колькасьці выбарцаў. Па зьвестках нашых назіральнікаў да 75 адсоткаў выбарцаў не пайшлі галасаваць. 25 красавіка ў Менску і шэрагу іншых гарадоў выбарчыя ўчасткі былі амаль пустыя, толькі ў сярэдзіне дня з 12 да 14 гадзінаў быў невялікі рух. Прыходзілі на выбарчыя ўчасткі ў асноўным пажылыя грамадзяне і дробныя (падзалежныя рэжыма) чыноўнікі і начальнікі. Што тычыцца папярэдняга галасаваньня, то выбарцы практычна не пайшлі на выбарчыя ўчасткі ў папярэднія дні. Традыцыйны адміністрацыйны загон залежных катэгорыяў насельніцтва (напрыклад, студэнтаў, што жывуць у інтэрнатах) практычна не паўплываў на вынікі мерапрыемства.

Адбыўся фактычны народны байкот. Мільёны беларусаў адвярнуліся ад рэжыма, які паспрабаваў яшчэ раз пакарыстацца народным даверам у сваёй крымінальнай справе – справе фальшаваньня выбарчага працэсу і ўзурпацыі дзяржаўнай улады ў краіне гэтым шляхам. Людзі даўно зразумелі, што няварта дапамагаць рэжыму ў ягонай фальшывай гульні “у дэмакратыю”. Людзі не пайшлі на “выбары”, дзе ўсё ўжо вырашана заранёў бонзамі рэжыму. Гэта вельмі важна, што выбаршчыкі ўжо ня йдуць галасаваць — робіцца першы крок да ізаляцыі антыбеларускага рэжыму.

У чарговы раз заўважана актыўнасьць псэўдаапазыцыі, якая заваблівала людзей на выбарчыя ўчасткі, кандыдавала і разьвешвала свае партрэты на рэжымных дошках. Нікога ўжо не зьдзіўляе фальшывая палітыка гэтай публікі. Дарэчы ніхто зь іх у сваіх камэнтарах “працэсу галасаваньня” ані словам не згадаў пра пустыя выбарчыя ўчасткі і фактычны байкот “выбараў”. Не згадалі пра гэта і так званыя “незалежныя” СМІ начале з Радыё Свабода. Людзі яшчэ раз убачылі гэтых асобаў і гэтыя структуры ў дзеяньні.

Цяпер будзе зьдзяйсьняцца працэс зьбіраньня, сістэматызацыі і аналізу інфармацыі пра крымінальную арганізацыю “выбараў” і крымінальную арганізацыю іх фальшывых вынікаў. Але ўжо ў гэты момант адназначна бачная карціна маштабнага падману і маніпуляцыі, у чарговы раз створаная антыбеларускім рэжымам. Бальшыня беларусаў зрабіла свой маральны выбар – нельга ўдзельнічаць у электаральных фарсах рэжыму. Народны байкот дзейнічае як эфэктыўная зброя абароны супраць антынародных праектаў дыктатуры. Дэмакратычныя выбары адбудуцца ў нашай краіне толькі пасьля ліквідацыі гэтай дыктатуры і яе машыны фальсіфікацыі.

Байкот дыктатуры і яе фальшывым шоў!

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 26 красавіка 2010 г.