Мы публікуем Адозву да ўкраінскага народу, прынятую прэзыдыюмам палітрады партыі “Наша Украіна” 22 красавіка 2010 г. Старшынём партыі зьяўляецца экс-прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка.
Да ўсіх грамадзянаў Украінскай дзяржавы (Адозва)
Украіна ў небясьпецы! 21 красавіка 2010 года ў Харкаве Прэзыдэнт Януковіч падпісаў ганебнае Пагадненьне, якое навечна замацоўвае знаходжаньне Чарнаморскага флёту Расейскай Фэдэрацыі на тэрыторыі Украіны.
Гэтым дзеяньнем цяперашняя ўлада пазбавіла сябе права называцца ўкраінскаю, бо дала згоду на акупацыю і фактычнае адтаржэньне часткі ўкраінскай тэрыторыі. Прэзыдэнт Януковіч адступіўся ад незалежнасьці і сувэрэнітэту нашай дзяржавы, які ён прынародна прысягаў берагчы і абараняць.
Адкрыты шлях да грамадзянскага супрацьстаяньня, які пагражае Украіне расколам і стратай тэрытарыяльнай цэласнасьці. Перад украінскай нацыяй у поўны рост паўстала пагроза страты дзяржаўнасьці.
Здраніцкі ўчынак улада выдае за эканамічную добрую справу – зьніжэньне коштаў на расейскі газ. Не дамо ўвесьці сябе ў падман! Ніводная краіна ня плаціць сувэрэнітэтам за газ або нафту, не мяняе свабоду на хлеб. Прысутнасьць іншаземных войскаў на ўкраінскай зямлі – гэта нацыянальнае прыніжэньне!
Мы верым, што патрыятызм дапаможа ўсім нам усьвядоміць – дзеля прыбыткаў некалькіх алігархічных кланаў Прэзыдэнт Януковіч сьцірае Украіну як нацыяю і дзяржаву з карты сьвету. Нас вяртаюць у бездзяржаўную мінуўшчыну, за якую наша нацыя заплаціла Галадаморам, тэрорам, асіміляцыяй.
Тое, што адбылося, — не выпадковая памылка. Йдзецца пра пасьлядоўную, мэтанакіраваную, распрацаваную ў чужой сталіцы палітыку падпарадкаваньня ўкраінскіх нацыянальных інтарэсаў расейскім. Складнікі сцэнару вілавочныя.
Нішчыцца ўсё, што робіць нас украінцамі: мова, культура, гістарычная спадчына. Адбываецца здача нацыянальнай інфармацыйнай прасторы, працягваецца наступ на ўкраінскую асьвету.
Нас ператвараюць у калонію эканамічна: Расеі перадаюць стратэгічныя прадпрыемствы, кантроль над атамнай энэргетыкай і газатранспартнай сістэмай. Украіну ўцягваюць у мытны саюз і адзіную эканамічную прастору.
Зьдзяйсьненьне гэтага антыўкраінскага сцэнару стане прысудам нашаму эўрапейскаму выбару, нашым спадзяваньням на вольную, моцную і справядлівую Украіну.
Украінскае грамадзтва шакіравана змовай, якая за ягонымі плячыма адбылася ў Харкаве. Украінскі народ не ўпаўнаважваў уладу на такія дзеяньні, Канстытуцыя Украіны іх забараняе. Наш абавязак – адвесьці пагрозу ад Бацькаўшчыны!
“Наша Украіна” будзе ўсімі сродкамі ў Вярхоўнай Радзе і па-за парлямантам супрацьдзейнічаць ратыфікацыі злачыннай дамовы і заклікае да шырокага супраціву ўвесь украінскі народ, усіх патрыётаў Украіны.
Мы заклікаем мясцовыя рады ўсіх узроўняў даць належную ацэнку дзеяньням улады. Заклікаем усіх грамадзянаў Украіны падтрымаць акцыі ў абарону незалежнасьці. Разам устанем на абарону нацыянальнай годнасьці і волі.
Як эўрапейская дэмакратычная нацыя мы павінны прадэманстраваць, што ня купка палітыканаў, а народ вырашае лёс уласнай краіны. Мы абаронім свабоду і незалежнасьць Украіны!
Прэзыдыюм палітрады “Нашай Украіны” 22 красавіка 2010 г. Кіеў Крыніца: http://www.razom.org.ua/news/5939 (Пераклад з украінскай)
Мы добра ведаем нашых суседзей. Яны ўмеюць ня толькі пісаць яркія адозвы і дэклярацыі. Украінцы на працягу сваёй гісторыі шмат разоў на справе паказалі маскоўскаму агрэсару, як яны ўмеюць бараніць сваю зямлю і волю. Калі трэба, то і са зброяй у руках. Новая ўлада Украіны, кажучы словамі героя Шэкспіра, “чаравікоў не знасіўшы”, ужо пачала здаваць нацыю і дзяржаву ў маскоўскі палон. Як абрадваліся былі ў Крамлі-Лубянцы вынікам нядаўніх прэзыдэнцкіх выбараў ва Украіне! Як мітусьліва засьпяшаліся маскоўскія баяры падпісваць з сваімі марыянэткамі новую “Пераяслаўскую змову”! Яны, мабыць, баяцца не пасьпець, хочуць пасадзіць Украіну ў свой мех хутчэй, пакуль (як яны мяркуюць) украінцы яшчэ ня скемілі, пра што йдзецца. Яны нават да Кіева не даехалі, каб бліжэй да сваёй мяжы падпісаць антыканстытуцыйныя паперы. Але марныя спадзяваньні імпэрыялістаў і іхных прыхвасьняў. Украінскія патрыёты падымаюцца на вызвольнае змаганьне супраць антынацыянальнай змовы. Яны мабілізуюць народ на барацьбу за незалежнасьць Бацькаўшчыны. Наперадзе вялікія падзеі ва Украіне. Наперадзе канчатковая перамога над Імпэрыяй Зла.
Валеры Буйвал