Прапануем вашай увазе два паведамленьні на тэму замежнай “падтрымкі” аховы здароўя ў Беларусі.
Японія працягне дапамагаць беларусам, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. 6 красавіка 2010 г. За шэсьць гадоў нашы партнёры прадаставілі грант на амаль чатырыста мільёнаў даляраў. Ужо працуюць 13 праектаў, яшчэ шэсьць плянуецца завершыць сёлета. Сучаснае японскае мэдычнае абсталяваньне зьявілася ў абласной і раённых больніцах Гомельскай вобласьці. Гэтым разам сістэма дасьледваньня ворганаў страваваньня перададзена Гомельскай абласной дзіцячай клінічнай больніцы. Паведаміў Кіесі Мацудзакі, Часовы павераны ў справах Японіі ў Беларусі. Крыніца: http://www.tvr.by/rus/print.asp?id=27335
Успамінаецца ўласны досьвед мінулых дзесяцігоддзяў, калі мы з супрацоўнікамі атрымлівалі шматлікія патэнты з ЗША, Канады, Францыі, Японіі, Нямеччыны і г.д. Можа гэтыя работы, выканананыя на сусьветным узроўні, і цяпер былі б цікавымі і запатрабаванымі, пэрспэктыўнымі і важнымі з пункту гледжаньня тыражаваньня арыгінальных рашэньняў? А то атрымліваецца: апошнія гады заходнія фірмы на ўсе лады прапануюць правяраць у нас створаныя імі прыборы, фармакалагічныя сродкі і да т.п. Гэтыя прапановы, падмацаваныя шчодрым фінансаваньнем, пачынаюць дамінаваць сярод навуковых распрацовак, якія выконваюцца ў нас. Аўтар публікацыі Георгі Сідарэнка, акадэмік НАН Беларусі. 26 сакавіка 2010 г. Крыніца: http://www.sb.by/viewpoint/98414/
Шматслоўных камэтароў гэтыя паведамленьні не патрабуюць. У шэрагу краінаў сьвету сотні тысячаў людзей адгукнуліся на бяду беларусаў. Гэтыя людзі ўжо дваццаць гадоў аказваюць гуманітарную дапамогу нашым дзецям, беларускім установам адукацыі і аховы здароўя. Чыноўнікі і структуры антыбеларускага рэжыма рэгулярна зьневажаюць гэтых людзей, зносяцца з імі ў хамскім і агрэсіўным тоне, абкладаюць штрафамі і падаткамі. Нармальны чалавек ня можа зразумець, чаму яго так трактуюць прадстаўнікі дзяржавы, народу якой ён аказвае дапамогу (вельмі часта сродкамі з свайго сямейнага бюджэту). Такім людзям трэба тлумачыць, што яны становяцца ахвярамі антынароднага рэжыму, які зацікаўлены ў спыненьні гуманітарнай дапамогі і вяртаньні ў “чысты экспэрымэнт” над нашым народам. Да таго ж рэжыму вельмі не падабаюцца непасрэдныя адносіны беларускіх сем’яў з замежнымі сябрамі.
Затое “зялёнае сьвятло” запалена рэжымам для сумніўных (а па сутнасьці злачынных) ініцыятываў і ініцыятывак, якія разгортваюць на нашай зямлі тыя, хто ня можа адкрыта займацца такой дзейнасьцю ў сваіх краінах. Ну, чаго раптам японцы на такія каласальныя сумы забясьпечылі гомельскія шпіталі сучасьнейшай апаратурай для дасьледваньня сістэмы страваваньня? Вядома, што менавіта па страўніку, мазгах і эндакрыннай сістэме радыяцыя наносіць найбольш разбуральны ўдар. У нармальнай краіне з адказным патрыятычным урадам сотні тысячаў людзей (мноства дзяцей) проста не пражывалі б на атручаных радыяцыяй тэрыторыях і не працавалі б там, ствараючы атручаную радыяцыяй прадукцыю. Нармальны ўрад папрасіў бы ў Японіі фінансавай дапамогі для ўладкаваньня беларускіх сем’яў на экалагічна чыстых тэрыторыях. Але тады спыніўся б экспэрымэнт, тады не паступалі б “навуковыя” дадзеныя па захворваньнях і сьмяротнасьці вялікіх папуляцый людзей.
У мафійным хаўрусе з карумпаванымі “элітамі” рэжыма працуюць і замежныя канцэрны (у тым ліку расейскія) па вытворчасьці лекаў. Для іх Беларусь таксама ёсьць шырокім палігонам для апрабаваньня сваёй прадукцыі. Ня трэба выдаткоўваць грошы на кролікаў і мышэй. Зноў у наяўнасьці злачынная “чысьціня экспэрымэнту”. Такім “навукоўцам” вельмі выгадна, каб у Беларусі хварэла як мага больш людзей. А гэта можна забясьпечыць толькі ўтрымліваючы людзей у чарнобыльскіх раёнах. Кола зла замыкаецца.
Вырвацца з гэтага кола можна толькі палітычным шляхам, толькі ў выніку ліквідацыі антычалавечага прамаскоўскага рэжыму, які захапіў нашу краіну.
Юрка Марозаў