Сяргей Каваленка ізноў узьняў сьцяг. Цяпер — каля суду

23 красавіка 2010 г.

Навіны

Віцебскі сябар КХП БНФ, якога сёньня меліся судзіць за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на галоўнай гарадзкой ёлцы, пад такім самым сьцягам прыйшоў на свой судовы працэс.

Узьняўшы сьцяг над галавой, Каваленка прывітаў прысутных — аднапартыйцаў, грамадзкіх актывістаў, праваабаронцаў і журналістаў, якія прыйшлі на ягоны суд. Потым разьвярнуўся тварам да вуліцы і гукнуў мінакам: “Жыве Беларусь! Мяне будуць судзіць за гэты сьцяг”.

З будынку суду выбег міліцыянт-ахоўнік, загадаў спадару Каваленку згарнуць сьцяг і выклікаў нарад міліцыі. Актывіст схаваць сьцяг не пагадзіўся, і да яго спрэчкі зь міліцыянтамі далучыліся прысутныя актывісты.

Да будынку суду зьехаліся адразу некалькі міліцэйскіх машын. Супрацоўнікі міліцыі заявілі, што прысутныя сабраліся на несанкцыянаваны мітынг. Усё, што адбывалася, здымалі некалькі апэратараў у цывільным і ў форме.

Тарас Сурган, сябар С. Каваленкі, заявіў, што не дазваляў сябе здымаць невядомым асобам. І зьвярнуўся да міліцыянтаў, якія стаялі побач, каб забаранілі гэта рабіць. Супрацоўнікам міліцыі нічога не заставалася, апроч як заявіць, што “тут усе здымаюць, і мы нікому не забараняем”. Гэтыя словы ўратавалі ад затрыманьня журналістаў з фотаапаратарамі і камэрамі, бо незадоўга да таго па рацыях прагучала каманда: “Усіх, хто нешта здымае, везьці ў пастарунак”.

Паводле Радыё Свабода http://www.svaboda.org/content/article/2018793.html 20.04.2010