Беларуская Салідарнасьць – супольная абарона нашых нацыянальна-дзяржаўных інтарэсаў

12 красавіка 2010 г.

Навіны

(Красавіцкі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ)

11 красавіка сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Сябры Сойму ўшанавалі хвілінай маўчаньня памяць польскіх ахвяраў авіякатастрофы, якая здарылася ўчора пад Смаленскам. Сойм заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ – “Ніякай талеранцыі. Толькі байкот!” (публікуецца). З дакладамі выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі.

Сэрыя трагічных падзеяў у Расеі і вакол яе, якія адбыліся за апошнія два тыдні, дэманструюць усяму цывілізаванаму сьвету “нетыповы характар” маскоўскай імпэрыі і яе дзяржаўнага парадку. На жаль, заходне-эўрапейскія грамадзтвы падыходзяць да адносінаў з Масквой паводле сваіх традыцыйных крытэрыяў маральнасьці, пасьлядоўнасьці ў лагічнай сувязі “абяцаньне-выкананьне”. Пазбавіўшыся ад расейскай акупацыі або навязьлівых уплываў Масквы большую або меншую колькасьць гадоў таму, яны пачынаюць забывацца пра некаторыя ісьціны, якія агучыла нават расейская інтэлектуальная эліта ў класічны пэрыяд: “Умом Россию не поймёшь, аршином общим не измеришь…” Калі здараецца няшчасьце, агаломшаныя народы і ўрады пытаюцца: “За што? Чаму?” І не знаходзяць адказу. А беларусы маглі б распавесьці і растлумачыць ім шмат што. Ды толькі не Лебедько або Мілінкевіч, якія не вылазяць з замежных паездак і вядуць свой расказ паводле зусім іншых сцэнароў, у якіх не адлюстроўваецца беларуская праўда і адэкватная інфармацыя пра маскоўскую імпэрыю. Карэкцыя адносінаў да Масквы адбываецца ў шэрагу цывілізаваных заходніх краінаў, але адбываецца яна павольна, не пасьпявае за падзеямі і агучанымі крамлёўскімі плянамі. Гэта вядзе да трагедыяў і вялікіх стратаў.

Стала вядома, што беларусы з трывогай успрынялі інфармацыю пра “адраджэньне” атручаных радыяцыяй раёнаў і разгортваньне там вытворчасьці прадуктаў харчаваньня, якія будуць распаўсюджвацца па ўсёй тэрыторыі нашай краіны. Прадукцыя, вырабленая ў экалагічна чыстых раёнах, пасылаецца эшалёнамі цяпер і будзе вывозіцца з Беларусі ў Расею. Расейцы ня хочуць труціцца забруджанымі радыяцыяй прадуктамі і труціць сваіх дзяцей. Такую безварыянтную магчымасьць стварае для нашага народу чужы, антыбеларускі рэжым узурпатараў ўлады ў Беларусі. Трэба тлумачыць людзям, што гэты антычалавечы праект дыктатуры нясе ў сябе пагрозу поўнага зьнішчэньня нашага народа. Да антычалавечага праекта актыўна падключаюцца замежныя структуры. Японцы даюць вялікія грошы на дасьледваньні над хворымі беларусамі на Гомельшчыне. Заходнія і расейскія кампаніі па вытворчасьці мэдыкамэнтаў праводзяць над жыхарамі Беларусі практычную адпрацоўку сваіх новых прэпаратаў. Аб’ектыўна ім выгадна, каб як мага больш нашых людзей хварэла і спажывала іхную мэдпрадукцыю. У гэтым ім павінны дапамагчы радыёактыўныя прадукты харчаваньня. Усё гэта робіцца пры актыўнай падтрымцы рэжыму, “эліта” якога ўзбагачаецца шляхам карупцыі.

Якім жа ёсьць выйсьце з гэтай цяжкой сітуацыі? Першым крокам у супрацьстаяньні палітыцы зьнішчэньня нашага народу зьяўляецца няўдзел беларусаў у крымінальных дзеяньнях рэжыму. У прыватнасьці ў такіх крымінальных дзеяньнях, у якія рэжым хоча зацягнуць усё дарослае насельніцтва краіны, мільёны беларусаў. Маюцца на ўвазе рэжымныя шоў, антызаконныя кампаніі пад назовам “выбары”. На гэтыя шоў разам з рэжымам нашых людзей актыўна цягне псэўдаапазыцыя, якая зьяўляецца інтэгральнай часткай антыбеларускага рэжыма. Адказам на рэжымную крымінальшчыну павінен быць масавы непрыход беларусаў на выбарчыя ўчасткі, на “выбары”, на якіх усё ўжо даўно вырашана дыктатурай. Ёсьць яшчэ адзін аспэкт гэтай праблемы. Калі за мяжой убачаць, што народ не ідзе на “выбары” і не падтрымлівае рэжым, то заходнікі перастануць падсілкоўваць гэты рэжым сваімі фінансавымі падачкамі, якія кладуцца цяжарам на наступныя пакаленьні беларусаў (ужо зараз на кожным з грамадзянаў Беларусі вісіць па 2300 даляраў гэтых даўгоў). Сапраўднае Адраджэньне Беларусі, нашай культуры, эканомікі, нашага народу магчымыя толькі без гэтага рэжыму, які душыць усё жывое і нацыянальнае на нашай зямлі.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі, што акрамя мясцовых псэўдаапазыцыйных тусовак, большасьць людзей не зьбіраецца ўдзельнічаць у выбарчым шоў дыктатуры. Людзі разумеюць, што іх хочуць падмануць у чарговы раз і зарабіць на іх грантаўскія грошы. Расейская мафія працягвае захоп (па бросавых, фальшыва нізкіх цэнах) нашай народнай маёмасьці, скупляе беларускія прадпрыемствы. Расейцы такім чынам завалодалі малочным заводам у Пружанах на Берасьцейшчыне, і адразу ж мясцовыя малочныя экалагічна чыстыя прадукты пайшлі ў Маскву. Прагучала таксама інфармацыя пра беларускіх будаўнікоў, якія выязджаюць з правінцыі працаваць у Менск. Яны атрымліваюць невялікія для такой працы заробкі. Камандуюць імі не нашы людзі, а туркі і маскоўцы. Нашы грамадзяне паступова ператвараюцца ў парабкаў для чужынцаў на ўласнай зямлі.

Толькі ўсенародная Беларуская Салідарнасьць, супольная абарона нашых нацыянальна-дзяржаўных інтарэсаў ёсьць шляхам выйсьця нашай краіны з глыбокага крызісу.

Пасьля Сойму група сяброў Сойму накіравалася ў амбасаду Польшчы і ўсклала кветкі перад будынкам амбасады, куды прыходзяць сотні беларусаў, каб ушанаваць памяць польскіх ахвяраў учорашняй катастрофы, што адбылася ў Расеі. Патрыёты ўвайшлі ў будынак амбасады і зрабілі запісы ў кнігу спачуваньняў.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 11 красавіка 2010 г.