*(Подзьвіг дзядоў. 1939-1945) *
Я добра памятаю гэтую бабулю. Марыю Бязборшчую усе ведалі на беліцкай ускраіне Гомеля. Заўсёды з усьмешкай, яна прыязна ставілася да ўсіх людзей, у тым ліку і да нас, малых дзяцей. А ў пасьлясталінскі час было даволі нетыпова праяўляць у паводзінах сэнтымэнтальнасьць, жыць з адкрытай душой. Беларусы, агаломшаныя дзесяцігоддзямі сталіншчыны, усё ніяк не маглі выпрастацца, выйсьці з шоку, усё яшчэ не здымалі з сэрца іржавы амбарны замок савецкага страха. Спадарыня Марыя вырасьціла дзяцей і ўнукаў, пабудавала з сям’ёй вялікі дом. Толькі праз гады мне расказалі гісторыю жаўнерскай удавы.
Мужа спадарыні Марыі забралі ў чырвоную армію ў кастрычніку 1943 года, адразу пасьля таго, як немцаў выбілі з Нава-Беліцы на другі бераг Сажа. Жаўнеру Бязборшчаму сапраўды пашэнціла. Ён быў сярод тых 5-10% з дзесяткаў тысячаў юнакоў і мужчын Гомельшчыны, якія ацалелі ў першых баях пад камандваньнем крамлёўскіх “геніяў”. Нашых дзядоў ледзь узброілі, нічаму не навучылі і адразу кінулі ў лабавыя атакі на нямецкія кулямёты. Амаль заўсёды без артылерыйскай і авіяцыйнай падтрымкі. Дзікая руская тактыка называлася “грудью, товарищи!” Палітрукі-камісары называлі гэты прыём больш цынічна: “искупить вину”. Мелася на ўвазе “віна” беларусаў, якія выжылі пад нямецкай акупацыяй. Страты ў батальёнах гомельскіх навабранцаў былі жахлівыя. Тыя зь іх, хто вяртаўся паранены на некалькі дзён дадому, шэптам распавядалі сямейнікам пра жудасную бойню, у якую кінулі нашых людзей саветы.
Беларус Бязборшчы мужна ваяваў супраць немцаў у Беларусі і Польшчы. У 1945 годзе лісты ад яго пачалі прыходзіць з Нямеччыны. У красавіку жаўнер радасна пісаў жонцы і дзецям, што вайна канчаецца, што ўсе чакаюць вяртаньня дадому. І раптам сям’я атрымала “пахаронку”. Жаўнер Бязборшчы загінуў на Зээлаўскіх вышынях.
Мацнейшым участкам кальца абароны нямецкай сталіцы былі Зээлаўскія вышыні, ператвораныя гітлерцамі ў магутны бэтонны абарончы комплекс. “Савецкі геній” маршал Жукаў аддаў 1-му Беларускаму фронту загад на лабавы штурм вышыняў. Іншых загадаў, як вядома, у кар’еры крывавага монстра не было: заўсёды “у лоб” і заўсёды ня лічачыся з чалавечымі стратамі. Гэтым разам, аднак, “геніі” уразнастайнілі свой праект. Атака павінна была адбыцца ўначы, у вочы немцам павінны былі біць сьвятлом 140 моцных пражэктараў, узятых з зэнітных установак. Меркавалася асьляпіць і дэмаралізаваць няпрыецеля. Савецкая гістарыяграфія дагэтуль выхваляецца генэральскім вынаходніцтвам. У вядомым кінасэрыяле “Освобожденіе” эпізод з пражэктарамі паказаны як трыюмф савецкай ваеннай дактрыны. На самой справе ўсё было зусім інакш. Уначы 16 красавіка атака пачалася, мільён чырвонаармейцаў пайшлі на 100 тысячаў немцаў. У мэмуарах генэрала Чуйкова апісаны гэты момант: “Я спытаў у Жукава:” Чаму яшчэ не ўключылі пражэктары ?”…
Іх уключылі, але іхнае сьвятло гублялася пасярод выбухаў і ўспышак артылерыйскага агню і авіябомбаў. Моцныя прамяні зьмешваліся з пылам і дымам, абцяжарвалі арыентацыю для наступаючых войскаў і камандваньня. Жукаўская “інавацыя” скончылася поўным правалам. Вышыні былі ўзяты праз некалькі дзён бесперапынных атакаў па трупах, што ляжалі ў некалькі слаёў (як заўсёды ў Жукава). Берлінская апэрацыя каштавала 200 тысячаў жыцьцяў (некаторыя гісторыкі называюць лічбу ў 300 тысячаў забітых чырвонаармейцаў). Страты танкавых частак, якія Жукаў загнаў на вуліцы нямецкіх гарадоў і мястэчак, наблізіліся да 95% (іх лёгка падпальвалі нават 12-гадовыя падлеткі з гітлер-югэнда). І гэта ўсё ў апошнія дні вайны!
За ўсю вайну аніводзін амэрыканскі або брытанскі генэрал не дазволіў сабе такой “тактыкі” і “стратэгіі”. Ім было “далёка” да мангольскай манеры крамлёўскіх начальнікаў.
**На Эмільянскім гасьцінцу **
У баях за вызваленьне ад немцаў Цэнтральнай Італіі вызначыліся жаўнеры 2-га Польскага корпуса і трох прыдадзеных да яго брыгад (сотні беларускіх жаўнераў і афіцэраў). Яны атрымалі загад вызваліць старажытны горад Балонью, адну з пэрлаў італьянскай цывілізацыі. Наступ пачаўся 9 красавіка 1945 года. Аддзелы корпуса фарсіравалі раку Сэніа і рушылі на Балонью. Атака працягвалася і па начах пры яркім сьвятле пражэктараў, усталяваных на танках. Вызваліцелі ішлі па гістарычнаму, пабудаванаму яшчэ антычнымі рымлянамі Эмільянскаму гасьцінцу.
17 красавіка над ракой Гаёна польскія часткі сутыкнуліся з нямецкай 1-й паветрана-дэсантнай дывізіяй, якая ў траўні 1944 года абараняла пазыцыі на Монтэ-Касіна па дарозе на Рым. Наогул, гэта была ўжо трэцяя сустрэча Войска Польскага з гэтай элітнай нямецкай часткай. У лютых баях гітлерская дывізія была ўшчэнт зьнішчана. Польскія аддзелы настолькі хутка ішлі наперад, што траплялі пад “сяброўскі агонь” (“дружественный огонь”) амэрыканскай авіяцыі, бо лётнікі прымалі іх за адыходзячыя нямецкія часткі. Увечары 20 красавіка корпус імкліва падышоў да Балоньі. Перадавыя часткі патрапілі пад абстрэл амэрыканскай артылерыі, бо амэрыканцы былі ўпэўнены, што на дарозе могуць быць толькі немцы.
21 красавіка аддзелы корпуса прарваліся ў цэнтар горада, а асноўная частка корпуса працягнула пагоню за ворагам на ўсход і поўнач ад Балоньі. Натоўпы жыхароў Балоньі віталі вызваліцеляў з імпэтам, уласьцівым італьянцам. Жаўнераў засыпалі кветкамі і пацалункамі. У той жа час народ адлоўліваў паўсюль мясцовых фашыстаў і без суда распраўляўся зь імі (такое адбывалася паўсюль у вызваленай Эўропе: немцаў бралі ў палон, але з мясцовымі здраднікамі не цырымоніліся).
У баях за вызваленьне Італіі ў 1944-45 гадах бралі ўдзел Юры Налівайка з Беласточчыны, Мікалай Бутар з Вілейшчыны, Рыгор Піваварчык з Лунінца, Язэп Жукевіч з Гарадзеншчыны, Зьміцер Прыбалавец са Століншчыны, Уладзіслаў Млечка з Даўгінава на Вілейшчыне, Аляксандр Дарапіевіч з Берасьцейшчыны, Аляксандр Надсан (цяпер - каталіцкі сьвятар, Апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў, выдатны рэлігійны дзеяч беларускай дыяспары, жыве ў Лёндане) і тысячы іншых беларускіх герояў. Многія зь іх загінулі і пахаваны на польскіх вайсковых могілках, якія ёсьць у розных раёнах Італіі.
Валеры Буйвал