Подзьвіг дзядоў (1939-1945)

5 апреля 2010 г.

Навіны

У гэтыя дні ў многіх краінах людзі ўспамінаюць трагічныя падзеі Другой сусьветнай вайны. Набліжаецца 65-я гадавіна перамогі краінаў антыгітлерскай кааліцыі над Нямеччынай і яе хаўрусьнікамі. Урады і грамадзтвы ўшаноўваюць вэтэранаў, якія жывуць, успамінаюць герояў і ахвяраў вайны. Адбываюцца мэмарыяльныя мерапрыемствы на месцах баёў, у музэях, каля помнікаў і магіл палеглых. Зьяўляюцца новыя навуковыя дасьледваньні, фільмы, кнігі і мастацкія творы. Новыя пакаленьні хочуць ведаць праўду пра тую вайну, пра паводзіны ўрадаў і генэралаў, пра подзьвіг жаўнераў, пра прычыны і вынікі чалавечай трагедыі, што зьмяніла сьвет.

Вайна абпаліла нашу Беларусь, прынесла нашаму народу незьлічоныя страты і пакуты. Беларусы ваявалі супраць фашызма на ўсіх франтах Сусьветнай вайны: у руінах Сталінграда і ў Лівійскай пустыні, на Мурманскім беразе і пры Монтэ-Касіна. Беларусы абаранялі Ленінград і Каір, штурмавалі Балонью і Берлін, білі ворага на роднай зямлі. Маракі-беларусы прайшлі змагарным шляхам праз усе моры і акіяны, дзе адбываліся марскія бітвы Сусьветнай вайны.

Мы не павінны забывацца пра няўдзячны лёс нашай Беларусі пасьля вайны. Беларусь аказалася адзінай з дзяржаваў-пераможцаў, якая пацярпела тэрытарыяльныя страты ў выніку вайны. Імя пераможцаў-беларусаў растварылася ў чужой славе. На Захадзе ўсіх нашых жаўнераў, што ваявалі ў Войску Польскім, натуральна называлі “палякамі”, а тых, хто ваяваў у партызанскіх атрадах у Італіі, Францыі і Славакіі, называлі “рускімі”. На Усходзе на тых, хто ваяваў у чырвонай арміі, назаўжды паставілі таўро “рускіх” або “савецкіх”. Нашы героі вярталіся на Радзіму і зноў траплялі ў маскоўскі імпэрскі палон, калгаснае рабства, многія ўжо пасьля вайны загінулі ў ГУЛАГу. На Захадзе беларусам таксама давялося нясоладка. “Удзячныя” брытанцы, пабачыўшы людзей у польскіх уніформах, агрэсіўна крычалі “Polish, go home!” Адзіны прывілей, які мелі жаўнеры, гэта быў дазвол начаваць у лёнданскім мэтро.

Гісторыя беларускага змаганьня на Усходзе больш менш вядома нашым людзям, няхай сябе і ў скрыўлена-савецкай трактоўцы. Подзьвіг беларусаў на Захадзе да апошняга часу быў табу для беларускай навукі і нашага грамадзтва. Беларускія вэтэраны маўчалі або распавядалі шэптам пра сваю адысею. Сапраўднай рэвэляцыяй у гэтай тэме было выданьне ў 2006 годзе (вельмі малым накладам і ў Пецярбурзе) кнігі маладога беларускага гісторыка Юры Грыбоўскага “Беларусы ў польскіх рэгулярных вайсковых фармаваньнях 1918-1945 гадоў”. Яна адразу ж зрабілася бібліяграфічным рарытэтам. Зразумела, што пад антыбеларускім рэжымам не даводзіцца чакаць яе перавыданьня або новых адкрыцьцяў.

Савецкая псэўданавука і фальшывая прапаганда пачыналі адлік храналогіі ІІ Сусьветнай вайны (пад сталінскім эўфэмізмам “велікой отечественной войны”) з 22 чэрвеня 1941 года. Беларусам даўно ўжо пара аддаць гэтыя храналагічныя гульні назад у Маскву. Для нашага народа сусьветная вайна пачалася 1 верасьня 1939 года. Немцы бамбілі Горадню, Баранавічы і іншыя гарады Заходняй Беларусі. Беларускія жаўнеры і афіцэры Войска Польскага з першых імгненьняў нямецкай агрэсіі ўступілі ў бой на Вэстэрплятэ пад Гданьскам. У баях з японскай Квантунскай арміяй у Манчжурыі (жнівень 1945 года) беларусы скончылі свой баявы шлях у вайне.

Мы распачынаем новую рубрыку, прысьвечаную змаганьню беларускага народу ў Сусьветнай вайне, — “Подзьвіг дзядоў (1939-1945)”. Мы ня маем на мэце храналагічны выклад падзеяў вайны. Подзьвіг кожнага чалавека, кожнага палка – самакаштоўны. Подзьвіг нашых дзядоў, якія на роднай зямлі і ў далёкіх краях змагаліся за Беларусь і за вызваленьне чалавецтва, не павінен быць забыты. Не павінны чужынцы бясконца выкарыстоўваць беларусаў у якасьці падсобнага матэр’ялу для сваёй гісторыі. Трэба ведаць праўду пра беларускіх герояў і ганарыцца імі.


Бітва за Нідэрлянды

У верасьні 1944 года брытанскі фэльдмаршал Мантгомэры распачаў апэрацыю пад крыптонімам “Маркэт-Гардэн” з мэтай прарыву саюзных войскаў праз тэрыторыю Нідэрляндаў у Нямеччыну. Меркавалася захапіць прамысловую Рурскую вобласьць Нямеччыны і завяршыць вайну да Калядаў 1944 года. “Маркэт-Гардэн” зьяўляецца найбуйнейшай паветрана-дэсантнай апэрацыяй у ваеннай гісторыі. У тыле немцаў высаджваліся цэлыя дывізіі брытанскіх і амэрыканскіх дэсантнікаў, насустрач ім прарываліся сухапутныя войскі з тэрыторыі Бэльгіі. Актыўны ўдзел у апэрацыі ўзялі аддзелы Войска Польскага (тысячы беларускіх афіцэраў і жаўнераў). Нагадаем, што пасьля разгрому Польшчы ў верасьні-кастрычніку 1939 года 20 тысячаў беларускіх вайскоўцаў адышлі ў шэрагах Войска Польскага ў Румынію, а потым працягнулі змаганьне супраць немцаў у Францыі і Брытаніі. У 1942 годзе да іх далучыліся выведзеныя з Сібіры ў Паўночную Афрыку, а потым на Захад часткі Польскай арміі генэрала Андэрса, сфармаванай з вайскоўцаў, узятых у палон саветамі ў 1939 годзе (таксама тысячы беларусаў з Заходняй Беларусі, значна менш украінцаў).

На пяты дзень апэрацыі “Маркэт-Гардэн”, 21 верасьня 1944 года над Нідэрляндамі, каля горада Арнхэм дэсантавалася частка польскай паветрана-дэсантнай брыгады пад камандваньнем генэрала Сасабоўскага. Беларускія вэтэраны ўспаміналі гэты дэсант: “Немцы стралялі па нас, як па курапатках…” Астатняя частка брыгады высадзілася праз тры дні ў раёне Гравэ. Жаўнеры высаджваліся проста на галовы немцам і вялі цяжкія баі, маючы толькі лёгкую зброю. Супрацьтанкавая артылерыя брыгады з жаўнерамі абслугі высадзілася раней з брытанцамі і змагалася на іншым участку арнхэмскага фронту. Польскія батальёны два разы фарсіравалі Рэйн пад шквальным агнём і зьнішчалі нямецкія аддзелы.

Мантгомэры і іншыя лічылі, што нямецкая армія канчаткова дэмаралізавана, але гэта была памылка. Немцы сабралі рэзэрвы і пачалі контрнаступ. Рызыкоўная брытанская апэрацыя правалілася, быў аддадзены загад на адступленьне. Упершыню за ўсю вайну камандваньне загадала не забіраць з сабой параненых, каб не замаруджваць адступленьне. На апошняй фазе бітвы, уноч з 25 на 26 верасьня польскія часткі прыкрывалі сабой адступленьне 1-й брытанскай паветрана-дэсантнай дывізіі. Страты Войска Польскага склалі 40% забітымі і параненымі.

Каб падмануць ворага, брытанцы ў той самы час арганізавалі наступ на поўдні Нідэрляндаў у раёне горада Аксэль. Гэта быў падманны манэўр, каб адцягнуць увагу ад галоўнага ўдару на Арнхэм-Эйндховэн. На гэтым участку вызначыліся сапёрныя часткі Войска Польскага (шмат беларусаў). Пад агнём ворага яны будавалі масты праз рэчкі і забясьпечвалі наступ брытанскіх частак. Загінула і было паранена вельмі шмат жаўнераў і афіцэраў.

Увесну 1945 года войскі антыгітлераўскай кааліцыі пачалі канчатковае вызваленьне Нідэрляндаў. 8 красавіка ў складзе першага эшалёну канадскай арміі у бой уступіла 1-я польская танкавая дывізія генэрала Мачка (шмат беларускіх вайскоўцаў). Дывізія мела загад адрэзаць нямцекія войскі ў паўночнай Галяндыі ад тэрыторыі Нямеччыны. Дывізія выканала сваю задачу, потым ўступіла на тэрыторыю Нямеччыны і з баямі заняла нямецкі горад Вільгэльмсхафэн.

Вядома, што ў наш час даволі шмат маладых беларусаў езьдзіць у Нідэрлянды. Знайдзіце час, завітайце на мясцовыя вайсковыя могілкі, ускладзіце кветкі на магілы беларускіх герояў, перадайце ім прывятаньне ад роднай зямлі.


** У небе над Курскай дугой**

Подзьвіг беларускага аса павінны вывучаць ва ўсіх вайсковых акадэміях сьвету. 6 ліпеня 1943 года, на самым пачатку гіганцкай бітвы на Курскай дузе 28-гадовы старэйшы лейтэнант Аляксандр Гаравец уступіў ў бой з нямецкімі бамбавікамі. Адзін супраць дваццаці самалётаў. Беларус зьбіў 9 нямецкіх самалётаў, але і сам загінуў у няроўным баі. Дагэтуль ніхто ня здолеў паўтарыць гэты геройскі учынак і прадэманстраваць такое баявое майстэрства.

Аляксандр Гаравец нарадзіўся ў вёсцы Машканы Сеньненскага павета Магілеўскай губерніі. Вучыўся ў Полацкім лясным тэхнікуме. Скончыў віцебскі аэраклюб, Ульянаўскую лётную школу (1935). Зрабіў 74 баявых вылеты, зьнішчыў 11 самалётаў і шамт наземнай тэхнікі ворага ў баях на Паўночна-Каўказкім і Варонежскім франтах.

З архіўнага фотаздымка на нас глядзіць малады, прыгожы, сьветлы твар беларускага юнака. Нельга забываць нашых дзядоў, нашых славутых продкаў, што аддалі свае жыцьці за Беларусь. Нельга змарнаваць нашу народную славу.