Інфармацыя з Масквы. Шмат пытаньняў

29 сакавіка 2010 г.

Навіны

“У Маскву вярнуўся тэрор”. – як сфармулявалі сутнасьць падзеяў расейскія журналісты. У выніку двух выбухаў на дзьвюх станцыях маскоўскага мэтро загінулі і былі паранены дзесяткі людзей. Выбухі адбыліся раніцай 29 сакавіка, калі шмат пасажыраў едуць на працу. Начальнік ФСБ Бортнікаў і мэр Масквы Лужкоў ужо праз пару гадзінаў заявілі публічна, што тэракты зьдзейсьнілі каўказкія жанчыны-шахідкі. Маўляў, знайшлі фрагмэнты целаў, непашкоджаную галаву і г.д. У гэтай сувязі адразу ўзьнікае пытаньне. Адкуль такая апэратыўнасьць высноваў гэтых начальнікаў? Чаму, нават як сьлед не пачаўшы рассьледваньне (са станцыяў яшчэ выносілі забітых і параненых), яны ўжо такія ўпэўненыя?

На інтэрнэт-выданьні французкай газэты “Le Monde” за 29 сакавіка 2010 г. дэманструецца відэазапіс інтэрвію (на расейскай мове) з маладым маскоўцам, які стаў сьведкам другога выбуха, на станцыі мэтро “Парк культуры”. Ён расказвае, што зайшоў у мэтро на ст. “Біліятэка імя Леніна”. Па громкай сувязі людзей заклікалі карыстацца наземным транспартам, але не заклікалі да эвакуацыі (хаця ўжо было вядома, што адбыўся першы выбух на ст. “Лубянка”). Цягнік паехаў. Пастаяў хвілін пяць перад ст. “Парк культуры”. Потым заехаў на станцыю, там адбыўся выбух. Крыніца: http://www.prensaescrita.com/adiario.php?codigo=&pagina=http:www.lemonde.fr

Чаму пасьля першага выбуху не эвакуіравалі людзей з падземкі? Чаму цягнік чакаў перад станцыяй, дзе павінен быў адбыцца выбух? Ад першага да другога выбуха быў інтэрвал у сорак (!) хвілін. Чаму выбухі адбыліся менавіта ў тых месцах, дзе знаходзяцца галоўныя цэнтры ФСБ і Міністэрства Унутраных Справаў РФ? Камусьці трэба было, каб выбухаў было два?

Гэта не апошнія пытаньні і не апошнія дзіўныя супадзеньні з папярэднімі выбухамі ў Маскве і іншых гарадах Расеі. Медведев, Пуцін, Бортнікаў, Лужкоў і іншыя начальнікі не сьпяшаюцца адказваць на гэтыя пытаньні. Расейскае тэлебачаньне не сьпяшаецца ставіць іх.

Алесь Хадасевіч