Канцлер ФРГ Ангела Мэркель рыхтуецца да афіцыйнага візыту ў Турцыю. Турэцкі бок у сувязі з гэтым выступіў з “творчай ініцыятывай”. 25 сакавіка прэм’ер Турцыі Рэджэп Эрдаган публічна заявіў, што будзе весьці з нямецкімі гасьцямі перамовы наконт адкрыцьця на тэрыторыі Нямеччыны шэрагу школ з турэцкай мовай навучаньня. Там змогуць, маўляў, вучыцца дзеці турэцкіх грамадзянаў ФРГ. Гэта, маўляў, дапаможа ім засвоіцца ў Нямеччыне. Акрамя таго турэцкі ўрад зьбіраецца дамаўляцца з немцамі пра ўвядзеньне двайнога грамадзянства, каб ніхто з трох мільёнаў турак Нямеччыны (!) не адмаўляўся ад грамадзянства Турцыі, як яны гэта вымушаны рабіць зараз. Канцлер Мэркель апэратыўна заявіла, што турэцкамоўных школ у ФРГ ня будзе. Ня будзе таксама і двайнога грамадзянства.
Немцы цудоўна разумеюць, што гэта азначала б: заснаваньне на нямецкай зямлі нейкага новага ўтварэньня, султаната ці што. Беларусь дэманструе народам Эўропы дэструктыўныя вынікі падобнай палітыкі. Татальная русіфікацыя Беларусі, нашай нацыянальнай адукацыі вядзе да падзеньня інтэлектуальнага ўзроўня, да заняпаду культуры і цяжкасьцяў у разьвіцьці новых пакаленьняў нашага народу. Агрэсіўная расейшчына пачуваецца ў Беларусі “как дома”, куражыцца і зьневажае наш народ. У пэрспэктыве русіфікатары маюць на мэце ліквідацыю беларускай Дзяржавы і поўнае апанаваньне Беларусі. Іхным ідэалам ёсьць ачыстка Беларусі ад беларусаў.
Немцы, хаця і хаўрусьнікі Масквы ў гэтай палітыцы, але яны клапоцяцца пра свае нацыянальна-дзяржаўныя інтарэсы. Тры мільёны чужых людзей экзатычнай культуры без таго зьяўляецца сур’ёзнай праблемай для нямецкай дзяржавы. Цяпер немцам прапануецца “пакінуць у спакоі” турэцкіх грамадзянаў ФРГ і больш не прымушаць іх вучыць нямецкую мову, размаўляць і пісаць на ёй і г.д. Як кажуць мясцовыя русіфікатары, “не надо насілія над намі, не заставляйте нас учіть ваш белорусскій язык”. Мэркель і нямецкія эліты адэкватна ўбачылі змрочную пэрспэктыву асіміляцыі свайго народа. Немцы супраціўляюцца асіміляцыі чужынцамі.
Юрка Марозаў