Рэжымная падзяка за дапамогу

25 марта 2010 г.

Навіны

24 сакавіка Радыё Свабода паведаміла пра акцыю “ахоўнікаў грамадзкага парадку” у Магілеве. Мясцовая міліцыя (а як мяркуем, і мясцовае гэбэ) рабіла зачыстку горада ад немцаў. У аддзел міліцыі завялі і трымалі там на працягу трох гадзінаў дзьвюх маладых грамадзянак ФРГ: 22-гадовую Сюзану Паўль і 20-гадовую Зольву Шорыес. У дзяўчын адабралі пашпарты і абвінавачвалі ў недазволеным хаджэньні па магілеўскіх ВНУ і нелегальных размовах з мясцовымі студэнтамі. Раней да іх зьявілася група нейкіх асобаў у цывільным, хацела задаваць пытаньні і запісваць адказы на відэакамэру. Кемлівыя немкі адмовілі правакатарам, а ў міліцыі не падпісалі пратакол. Дзяўчатак не ўдалося запалохаць. Справа набыла грамадзкі розгалас. Цяпер міліцыя выкручаецца, кажа пра парушэньне імі правілаў знаходжаньня ў РБ. Нямецкія студэнткі прыехалі ў Беларусь ад арганізацыі “Блакітныя берагі”, каб апекавацца дзецьмі-інвалідамі. На Захадзе такая харытатыўная, бясплатная дзейнасьць называецца валанцёрствам. Вядома, што ў шпіталях і іншых адмысловых цэнтрах Беларусі такую працу вядуць у асноўным замежныя грамадзяне, замежная моладзь. У беларусаў гэтым займацца неяк “ня прынята”. Ва ўсім сьвеце афіцыйныя ўлады ставяцца з павагай да валанцёраў, якія выконваюць часам вельмі няўдзячную і цяжкую працу, нясуць дапамогу мясцовым людзям і інстытуцыям. Ва ўсім сьвеце, але не ў РБ. Мясцовае чынавенства ўсіх узроўняў заўсёды дзейнічала, а з 1994 года зусім адкрыта дзейнічае супраць заходніх сяброў Беларусі. Заходнікі ня могуць зразумець, чаму асобы ва ўніформах і ў цывільным сочаць за імі, правакуюць і зьневажаюць іх, патрабуюць ад іх нейкія “выплаты” і “штрафы”, імкнуцца ўсімі сіламі прымусіць замежнікаў больш не прыязджаць на Беларусь і не аказваць дапамогі беларусам. Людзі тлумачаць разгубленым эўрапейцам і амэрыканцам, што чужынская ўлада і яе носьбіты ня маюць ніякага дачыненьня да нашай культуры і нашага народу. Гэта ёсьць акупацыйны рэжым, зацікаўлены не ў вырашэньні праблем у Беларусі, а ў стварэньні новых праблем. Асноўная задача абмундзіраваных хамаў – выканаць загад дыктатуры па ўмацаваньню рэжыму ізаляцыі нашай краіны ад цывілізаванага сьвету. Ім трэба, каб беларусы ўсіх пакаленьняў (а перш за ўсё моладзь) ні з кім не кантактавалі, ня мелі чалавечых адносінаў, не дзяліліся інфармацыяй. Рэжыму хацелася б, каб наша моладзь “тусавалася” толькі з расейскай шпаной. У такіх умовах, зразумела, сустрэчы і размовы маладых немак з равесьнікамі, наведваньне імі беларускіх інстытутаў ёсьць нелегальнай і падрыўной дзейнасьцю. Да істэрычнай рэакцыі магілеўскіх пінкертонаў трэба паставіцца “с поніманіем” – служба такая… З кожным месяцам існаваньня ў нашай краіне антыбеларускага рэжыму ўдаўка ізаляцыі зашморгваецца ўсё больш шчыльна. І ня трэба мець ілюзіі, што акупанты злітуюцца над нашымі дзецьмі-інвалідамі ці яшчэ над кім. У іх іншыя функцыі. Жыць вольна і проста нармальна мы зможам толькі пазбавіўшыся ад іх.

Янка Базыль