22 сакавіка жыхары нашай сталіцы сталі сьведкамі падзеі, стылістычна падобнай на эпізод з вэстэрна. На ўсім вядомай ронда-скрыжаваньні каля плошчы Бангалор пасярод белага дня разгарнулася сцэна, пра якую не паведамілі афіцыйныя рэжымныя СМІ. Людзі ўбачылі, як проста па праезжай частцы бягуць у бок скрыжаваньня чалавек шэсьць маладзёнаў. Усе як на падбор пад два мэтры ростам, у руках кувалды. Першы з бегуноў меў у руцэ нейкую жалезную булаву, якой махаў з дзіўнай лёгкасьцю, нібыта палачкай. Па ронда якраз разварочвалася легкавая машына чорнага колеру. Убачыўшы дзецюкоў, яе кіроўца націснуў на газ, не зважаючы на чырвоны колер сьветлафора. Машына рванулася наперад, але чалавек з булавой пасьпеў дабегчы да яе і нанёс моцны ўдар па бакавой шыбе, якая разьляцелася на аскелкі. Людзі ў машыне ледзь пасьпелі адхінуцца ад удара. Пашкоджаная машына адарвалася ад пагромшчыкаў і паляцела наперад па вул. Арлоўскай. Было зразумела, што пагромшчыкі мелі намер разьбіць аўтамабіль ушчэнт, а магчыма і забіць людзей, што знаходзіліся ў ім. Яны пару сэкунд пастаялі пасярод дарогі, а потым ускочылі ў мікрааўтобус і панесьліся ўсьлед за пашкоджанай машынай. Людзі спакойна назіралі за драматычнай сцэнай. Адна дама зрабіла камэнтар, што “мабыць гэтыя не расплаціліся з некім і ў іх цяпер выбіваюць грошы…” Аказваецца, што такія сцэны апошнім часам адбываюцца ў розных месцах нашай краіны. Фізічна падрыхтаваныя бандыты ўтварылі крымінальныя фірмы “для спэцыяльных паслугаў”. Да іх можна зьвярнуцца, заплаціць і “заказаць” выбіваньне грошай з фізычных або юрыдычных целаў, якія вінаватыя вам грошы. Спэцпраца будзе выканана “на совесть”. Нідзе ў Эўропе няма такіх “фірмаў”, няма такой арганізаванай дзейнасьці. Ёсьць паасобныя злачынствы, часьцей за ўсё іх зьдзяйсьняюць людзі з расейскай, албанскай або югаслаўскай мафіі. Урады і службы аховы правапарадку вядуць жорсткую барацьбу з гэтымі праявамі крыміналу. Інакш у Расеі. Там крымінал зьяўляецца ўжо ня проста паралельным жыцьцём у дзяржаве. Працэсы крыміналізацыі зайшлі ў Расеі так далёка, што адбылося зрастаньне крымінальных структураў і дзяржаўных ворганаў. Людзі ўжо ня могуць разабрацца, дзе канчаецца адно і пачынаецца другое. Адсутнасьць мяжы з усходнім монстрам і ў цэлым палітыка русіфікацыі Беларусі прамаскоўскім рэжымам прывяла да таго, што гэтая пошасьць абрынулася на нашу Беларусь. Нашы людзі па-філасофску кажуць, што вяртаюцца памятныя 90-я гады, калі фэномэн рэкецірства быў адной з прыкметаў “новай расейскай дэмакратыі”, якая куражылася і на нашай зямлі. На прыканцы 90-х гэтая зьява амаль зьнікла з грамадзкага і эканамічнага жыцьця. А цяпер вось у сувязі з разбуральным крызісам “расейскай дэмакратыі” яна зноў расквітнела і ў Масковіі і ў Беларусі. Зразумела, што згаданыя “фірмы” нідзе афіцыйна не зарэгістраваныя, ня плацяць падаткі і не даюць анонсы ў газэтах. Фармальна гэта ёсьць падпольныя структуры. Але паводзяць яны сябе настолькі расперазана і адкрыта, што становіцца зразумелым – яны маюць афіцыйную “крышу”. На нашых вачах адбываецца крыміналізацыя беларускага грамадзтва. Дзікія маскоўскія мэтады “высьвятленьня адносінаў” прышчапляюцца ў нашай краіне. Міліцыя і спэцслужбы (самыя шматлікія ў Эўропе адносна колькасьці насельніцтва) не спыняюць гэтую дзікасьць. На Бангалоры (дзе падчас бяскрыўдных мітынгаў псэўдаапазыцыі заўсёды поўна міліцыі і гэбэшнікаў) і ў іншых месцах падчас пагромаў не было аніводнага чына ва ўніформе. Крымінал дзейнічае абсалютна беспакарана. Жыцьцё беларусаў на ўласнай зямлі робіцца ўсё больш цяжкім. Акупацыйны рэжым, па сутнасьці рэжым расейскай акупацыі – гэта не проста ўмоўная дэфініцыя тых, хто можа “недалюблівае ўсё рускае”. Гэта ёсьць наша трагічная рэчаіснасьць і яе антыбеларускія праявы. Наш народ ўсё больш становіцца закладнікам расейскага крыміналу, які нахабна ўрываецца ва ўсе зьявы нашага жыцьця. Калі беларусы не наладзяць у сваім нацыянальным доме парадак, то вынікі гэтых працэсаў будуць вельмі трагічнымі для нас усіх. Трэба салідарна абараняць краіну ад чужынскага рэжыму.
Юрка Марозаў