Беларуская Салідарнасьць

23 сакавіка 2010 г.

Навіны

(Сакавіцкі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ)

21 сакавіка сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Сойм заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ – “Галоўнае – байкот. Галоўнае – з народам”. З дакладамі выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі.

Яны павіншавалі сяброў Сойму з надыходзячым сьвятам – Днём Волі, пажадалі моцы духа і ўпэўненасьці ў перамозе нашай беларускай справы.

За мінулы месяц становішча ў краіне не палепшылася, а наадварот працягваецца паглыбленьне эканамічнага крызісу і сацыяльна-палітычны распад рэжыму. Прыкметай часу стала ліхаманкавае раскраданьне нацыянальнай маёмасьці дзеячамі рэжыму на ўсіх яго ўзроўнях і непараўнальны размах карупцыі. У адкрытую, нахабна дзейнічаюць расейскія гастралёры, якія за бясцэнак (на самой справе за “адкат” для чынавенства дзяржаўнага і мясцовага маштабаў) захопліваюць найлепшыя беларускія прадпрыемствы. Такім чынам, крымінальныя паводзіны зрабіліся нормай у сыстэме рэжыму. Адчуваецца, што перад канчатковым крахам дзялкі імкнуцца ўзбагаціцца за кошт народа любым спосабам. Іхнае спадзяваньне палягае на тым, каб урэшце рэшт здаць у Расею разрабаваную і ўжо канчаткова акупаваную маскоўцамі Беларусь, ліквідаваўшы разам з акупантамі Беларускую Дзяржаву.

Выратаваць народ і краіну можа толькі народная Беларуская Салідарнасьць. Рэжым працягвае бязглуздую пабудову сваіх аб’ектаў: каласальных лядовых палацаў і раскошных будынкаў для рэжымнай адміністрацыі ўсіх узроўняў. Грошы на гэта забіраюцца ў працоўных людзей. Напрыклад, нядаўна быў рэзка зьніжаны заробак кіроўцаў маршрутных аўтобусаў у Менску (з 1800000 рублёў да аднаго мільёна рублёў). Спроба працоўных пайсьці супраць гэтай несправядлівасьці выклікала цынічную рэакцыю начальства, якое заявіла: “Каму не падабаецца, той можа звальняцца”. Пакуль што пакрыўджаныя людзі вярнуліся да працы. Аднак незадаволенасьць людзей расьце.

Цяжка сказаць, што Лукашэнка і ягоная групоўка маюць нейкую папулярнасьць і апірышча ў народзе. Беларусы ўжо пачынаюць ў адкрытую выказваць свой пратэст і незадаволенасьць. Трэба тлумачыць грамадзянам, што на дадзеным этапе неабходным спосабам супраціўленьня рэжымнаму злу ёсьць няўдзел у рэжымных псэўдавыбарах. Людзі мусяць адвярнуцца ад рэжыма і тым самым пазбавіць яго сацыяльнай глебы. Няхай з рэжымам гуляецца ў фальшывыя электаральныя гульні ягоная псэўдаапазыцыя, такая ж прамаскоўская, як і сам гэты рэжым.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра акты рэжымнага зьдзеку з працоўных людзей: пра нахабныя заявы начальства работнікам і работніцам, якія ўжо ня маюць чым карміць дзяцей, пра цынічныя адказы на калектыўныя лісты працоўных у “адміністрацыю прэзыдэнта”, пра развал у сацыяльна-культурнай сфэры і мэдычных установаў. А нтыбеларускі рэжым працягвае ліквідоўваць прадпрыемствы і любыя праявы беларускага бізнэсу, расчышчае месца для расейскіх бандытаў, якія атабарваюцца ў нашай краіне. Людзі пазбаўляюцца ад ілюзій і разумеюць, што ня трэба ісьці на фальшывыя “выбары” дыктатуры. Яны ўжо ня слухаюць афіцыйную прапаганду і абрыдлых зазывалаў ад “апазыцыі”, якія заклікаюць фактычна падтрымаць антынародны рэжым.

Сойм пацьвердзіў свае рашэньні і зноў выказаўся за энэргічнае правядзеньне байкоту псэўдавыбараў, шырокую кампанію мабілізацыі людзей на салідарныя дзеяньні ў гэтым рэчышчы. Вельмі важна зьдзяйсьняць назіраньне за ходам “выбараў”, зьбіраць факты грубых парушэньняў заканадаўства і прадастаўляць іх беларускаму і міжнароднаму грамадзтву. Чарговая выбарчая афёра не павінна быць прызнана легальнай. Рэжым ня зможа больш беспакарана зьневажаць і падманваць людзей.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. 21 сакавіка 2010 г.