Лукашэнка запусціў крымінал у Беларусь

20 сакавіка 2010 г.

Навіны

19 сакавіка Радыё Свабода пусьціла ў эфір сюжэт пад выразным назовам “Лукашэнка разьлічвае ўсіх абгуляць у рулетку”. Слухаючы гэтую перадачу, нармальны чалавек адносіў ўражаньне, што пададзеная ў ёй інфармацыя ёсьць вынікам гераічных дзеяньняў нейкіх падпольшчыкаў ад журналістыкі. Што ўсё гэта падслухана і перададзена ў рэдакцыю з вялікай рызыкай для жыцьця і здароўя. Бо тое, што прагучала, магло гучаць толькі на таемных сходках нейкай крымінальшчыны, у лепшым выпадку – за зачыненымі дзьвярмі дома якога-небудзь клана Карлеонэ.

А не было ніякай таямніцы, ніякай рызыкі або гераізма. Усё банальна, усё з афіцыйных крыніцаў. Цытуем Свабоду: “На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка і кіраўнікі ўраду выпрацоўвалі канцэпцыю гульнявога бізнэсу ў Беларусі. Пасьля таго, як дзейнасьць казіно і заляў гульнявых аўтаматаў у Расеі забаранілі, а ва Украіне наклалі на яе мараторый, чакаўся масавы прыток замежнага капіталу і гульцоў у гэтую сфэру ў Беларусі… Цяпер да паслугаў аматараў рулеткі і картаў – амаль чатыры дзесяткі казіно, паўтысячы заляў гульнявых аўтаматаў і букмэкэрскіх кантораў. Аднак, паскардзіўся Лукашэнка, рэальны прыбытак гэтых установаў застаецца па-за кампэтэнцыяй падатковых ворганаў. Таму ён перакананы: дзяржава павінна жорстка кантраляваць галіну, у якой круцяцца вялізныя грошы… Канцэпцыю гульнявога бізнэсу на пашыраным паседжаньні ў кіраўніка краіны прадстаўляў прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі. Ён прапанаваў аб’яднаць усё гульнявое абсталяваньне праз тэлекамунікацыйную сетку, якая будзе працаваць у рэжыме онлайн…”

Адным словам “эх, зажывем”! Суседнія краіны адмовіліся ад картаў і рулеткі, бо немагчыма стрымаць крыміналізацыю гэтага нячыстага бізнэсу. Нават Расея робіць спробы пазбавіцца ад гэтай сацыяльна небясьпечнай практыкі, якая можа перакуліць імпэрыю. А начальнікі мясцовай лабараторнай установы ўжо наладжваюць апаратуру, ужо надзяваюць халаты і пальчаткі. У якасьці поля для экспэрымэнту над жывымі людзьмі абрана перш за ўсё наша сталіца. Ужо на працягу гадоў расейская дзяржмафія і крымінальныя дзялкі цэлымі табунамі, цягнікамі і самалётамі высаджваюцца на нашай зямлі, каб пакуражыцца, прагуляць свае крывавыя капіталы. Беларусам адведзена роля абслугі гэтай чужынскай пачвары, якую люта ненавідзіць сам рускі народ. Беларусы павінны забаўляць, ахоўваць, улагоджваць расейскіх гангстэраў рознага гатунку. Беларускіх дзяўчат мабілізуюць у легіёны “жріц любві”. Менск ператвараецца ў сацыяльную клааку, дзе нармальнаму беларусу становіцца ўсё цяжэй. Такое бывала ў гісторыі народаў. Такое звычайна рабілі магутныя краіны з сваімі слабаразьвітымі суседзямі. Дастаткова ўспомніць Кубу, “выспу для забаваў багатых амэрыканцаў”.

І гэта толькі пачатак. Рэжым абнародваў пляны па зьнішчэньню цэлых кварталаў у цэнтры Менску. Насельніцтва з разбураных дамоў будзе выселена падалей ад сталіцы, у так званыя “гарады-спутнікі”. Там, дзе стагоддзямі жылі беларусы, акупанцкі рэжым мае намер пабудаваць хмарачосы-гатэлі, комплексы казіно і забаўляльных структураў. На ўсё гэта спатрэбіцца цэлая армія прастытутак, халуёў і рознага кшталту паслугачоў. Нашу сталіцу (а ў пэрспэктыве і ўсе буйнейшыя гарады) Лукашэнка плануе аддаць у распараджэньне чужых цынічных істотаў, які прайшлі па трупах ва ўласных краінах, перш за ўсё ў Расеі. Можа яны будуць больш гуманнымі ў дачыненьні да беларусаў? Мяркуем, што не. Беларускія сем’і, ня маючы працы, вымушаны будуць аддаваць гэтаму малоху сваіх дзяцей, паўнагадовых і непаўнагадовых. Разбураную эканоміку адносна ненадоўга заменіць сабой ачмурэньне пасярод азарта, але “кайф” працягнецца да краху маскоўскай імпэрыі (гэта не за гарамі). З падзеньнем крамлёўскага рэйха абваліцца і пабудаваная ў Менску крымінальная піраміда, гульцы разьбягуцца хто куды. Але беларускай цывілізацыі пры такой хадзе падзей будзе нанесены такі ўдар, катастрафічныя наступствы якога прыйдзецца ліквідаваць вельмі доўга. Магчыма на працягу некалькіх пакаленьняў. Таму што рускае ачмурэньне – гэта адна з найбольш цяжкіх формаў карозіі душы. Заўважым, маладой душы. Бо ў паганы вір маскоўскага “гуляй-поля” трапляюць перш за ўсё маладыя беларусы і беларускі.

Беларусы павінны салідарна абараніць сваю сталіцу, сваю зямлю ад маскоўскага гадзюшніка. Тады мы выратуем сваю будучыню і сваіх дзяцей.

Янка Базыль