“Алімпійскі бунт”

18 сакавіка 2010 г.

Навіны

18 сакавіка славацкая газэта “SME” пісала пра алімпійскі Сочы. Нядаўна там была з праверкай камісія з Праграмы ААН па жыцьцёвым асяроддзі. Кантралёры паглядзелі на ўсё і зрабілі выснову, што работы вядуцца з парушэньнем экалогіі. Газэта адзначае, што ў адрозьненьні ад Ванкувэра, у Сочах ўсё яшчэ належыць пабудаваць да Алімпіяды 2014 года. Але будаўнікі страйкуюць, бо ім не выплачваюць заробкі.

На гэтую ж тэму напісала і польская газэта “Gazeta Wyborcza” пад тытулам “Алімпійскі бунт”. Яна паведаміла пра праблемы больш падрабязна: “Рабочыя на алімпійскіх аб’ектах ужо некалькі месяцаў не атрымліваюць заробкі, ня маюць што есьці і жывуць у дзікіх умовах”. Усе газэты называюць алімпійскі Сочы “каронным аб’ектам Пуціна”. Польскае выданьне робіць выснову, што нягледзячы ні на што “Olimpiada musi byc”. Апублікаваны таксама фотаздымак з выявай салюта і натоўпаў радасных расейцаў пад тытулам “Эйфарыя ў Сочы”. Праўда, маецца на ўвазе даволі даўні фэейвэрк з нагоды прызначэньня Сочы алімпійскім горадам (2007 г.).

Постсавецкія людзі, аднак, здагадваюцца, што Алімпіяды “у Расеі” хутчэй за ўсё якраз і ня будзе. Алімпійскі размах служыць цудоўнай нагодай для пуцінскіх і іншых элітаў у справе раскраданьня грошай. Разышліся яны так, што няма чым нават харчаваць будаўнікоў. Ня страшна будзе алімпійцам і гледачам дужацца ў аб’ектах, пабудаваных галоднымі і абрабаванымі дарагімі расіянамі?

Юрка Марозаў