*Тыя, хто праваліўся на іспытах у беларускі інстытут, зьяўляюцца прывабным матэр’ялам ня толькі для правінцыйнага Белгарада, але і для вядомых сталічных ВНУ РФ. Падобна, што ў “самой чітаюшчей стране міра” ужо асабліва няма з каго выбіраць. Расейскае насельніцтва ў цэлым і моладзь у прыватнасьці імкліва сьпіваюцца, рана паміраюць. *
Са школьных падручнікаў па гісторыі мы ведаем пра элемэнт “фэадальнай дэмакратыі”, які доўга існаваў у расейскім таталітарным грамадзтве. Увосень, на сьвята сьв. Юр’я сяляне мелі права зьдзейсьніць лакальны выбар сваёй будучыні: пакінуць аднаго памешчыка і запісацца да другога, які выставіў больш гуманныя і прывабныя абяцаньні. Як вядома, канец гэтай традыцыі паклаў указ Івана Жахлівага. З тае пары загучала “на святой Русі” народнае прыслоўе “Вот тебе, бабушка, і Юрьев день”. Не выпадкова цар, які першым у чалавечай гісторыі зьдзейсьніў поўны разгром уласных дзяржаўных элітаў і ўсталяваў у краіне рэжым спэцслужбаў (апрычніну), быў узорам для дэспатычнага Сталіна. Расейская арда паспрабавала распаўсюдзіць гэтае і іншыя свае “новаўвядзеньні” на захопленых землях, але была разгромлена беларускай арміяй і беларускім народам у Лівонскай вайне. Беларусы ў каторы раз выратавалі ня толькі сябе, але і ўсю эўрапейскую цывілізацыю.
Падчас Трынаццацігадовай расейска-беларускай вайны (1654-1667) маскоўцы ўзялі жудасны рэванш. Акупанты ня толькі палілі, катавалі, зьнішчалі, але і гналі на Усход сотні тысячаў беларускіх людзей, лепшых спэцыялістаў (як мы сказалі б сёньня): рамесьнікаў, будаўнікоў, работнікаў. Беларусы і гэтым разам разграмілі і выгналі ворага, але дзяржаве і генафонду нацыі быў нанесены вельмі цяжкі ўдар. Гэта прывяло да пэрманэнтнага крызіснага стану і ўрэшце рэшт да поўнага паглынаньня Беларусі Імпэрыяй Зла ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай на прыканцы 18-га стагоддзя.
Бальшавіцка-расейская акупацыя была часам палітыкі зьнішчэньня ўсяго беларускага. На розных этапах акупацыі акупанты дзейнічалі па-рознаму, у залежнасьці ад абставінаў. Леніншчына-сталіншчына выкарыстоўвала мэтады нічым не прыкрытага генацыду беларускага народу. Паслясталінскі пэрыяд прадэманстраваў пэўную гнуткасьць імпэрскай палітыкі і розныя яе стракатыя формы. Напрыклад, у Сібір, Запаляр’е, на цаліну на прыканцы 1950-х гадоў і на БАМ у 1970-я акупанты гналі сотні тысячаў беларусаў не пад чорным сьцягам ГУЛАГа, не пад брэх канвойных сабак, а “добровольно-прінудітельно” – пад гукі аркестраў, пад абяцанкі прывілеяў, высокіх заробкаў і сьветлай будучыні. Лёс беларусаў, якія паверылі ў абяцанкі шчасьця на чужых прасторах, быў трагічным. У выніку расейскай акупацыйнай палітыкі Беларусі была нанесена каласальная шкода. Некаторыя нават зьдзіўляюцца, як пасьля такога яшчэ жыве і дыхае наш народ. Здавалася б, досыць, трэба абуджацца з гэтага кашмару і перастаць быць кормам для суседняга імпэрскага монстра. Ёсьць свая дзяржава, ёсьць свая зямля, мова, культура. Ёсьць пэрспэктыва разьвіцьця і самарэалізацыі на роднай зямлі. Але, як казаў іспанскі геній Франсіска Гоя, “сон розума нараджае пачвараў”…
Усё больш людзей разумее, што пасьля 1991 года ў нашай краіне дзейнічае рэжым маскоўскага рэваншу. З ліпеня 1994 года адбылася канчатковая крышталізацыя ўнутранай расейскай акупацыі нашай краіны. Рэжым з удзелам асобаў, якія гавораць па-руску з беларускім акцэнтам, – гэта толькі шырма, за якой дзейнічае маскоўскі акупант. Ня будзем паўтараць факты і аргумэнтацыю на тэму разгрома ўсяго разумнага, сьветлага і нацыянальнага ў нашай краіне. Тыя, хто займаецца эканомікай, бізнэсам, сельскай гаспадаркай, культурай і спортам, і самы усё гэта бачаць і ведаюць пра разбуральныя вынікі прамаскоўскай арыентацыі, штучна навязанай нам спрадвечным ворагам Беларусі. Паўстае рытарычнае пытаньне: дык можа Расея ўзбагацілася і сталася шчасьлівей на няшчасьці абрабаванага беларускага народа? Рэчаіснасьць дэманструе нам адваротнае: імклівы працяг разбурэньня расейскай эканомікі, крыміналізацыю дзяржаўных структураў, дэмаралізацыю і выміраньне расейскага этнасу.
Менавіта з сярэдзіны 1990-х гадоў (калі ў Расеі актывізаваліся згаданыя працэсы) духавыя аркестры зноў зайгралі бадзёрыя савецкія маршы пра цалінных герояў. Гэтым разам, аднак, маскоўцы запрашаюць-завабліваюць не на цаліну. Там цяпер тэрыторыя незалежнага Казахстана. Ратаваць, аказваецца, прапануецца Маскву і Пецярбург.
Аб’явы друкуюцца ў газэтах, расклейваюцца па слупах у беларускіх гарадах і мястэчках, публікуюцца ў інтэрнэце. Давайце зазірнем на афіцыйны сайт менскага “Палітэха”. Беларускі Нацыянальны Тэхнічны Унівэрсітэт прапануе наступную паслугу ў сфэры ўмацаваньня нацыянальнай тэхнікі. Некалькі расейскіх ВНУ запрашаюць беларусаў, якія не прайшлі па конкурсе ў БНТУ
Вось сьпіс вакансіяў на навучаньне: Белгарадзкі дзяржаўны тэхналагічны ўнівэрсітэт імя Шухава (на спэцыяльнасьць “Электрапрывад і аўтаматыка прамысловых установак і тэхналагічных комплексаў”), Маскоўскі дзяржаўны ўнівэрсітэт тэхналогіяў і кіраваньня (на спэцыяльнасьць “Аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасьцяў”) і Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны горны інстытут імя Пляханава (на спэцыяльнасьць “Горная справа”).
Патрабаваньні да кандыдатаў наступныя. Сярэдні бал дакумэнта аб адукацыі кандыдата павінен быць ня менш за 7 балаў. Тыя ж сем балаў у атэстаце кандыдата павінны быць па расейскай мове, матэматыцы і фізіцы. Умовы для навучаньня даволі шчодрыя і папахваюць “савецкім інтэрнацыяналізмам”. Навучаньне беларусаў абяцаюць рабіць “за кошт сродкаў бюджэта РФ”. Даюць бясплатны інтэрнат, будуць выплочваць стыпэндыю. Прыём дакумэнтаў ад кандыдатаў робіцца “не адыходзячы ад касы”, у галоўным корпусе БНТУ (аўдыторыя 232а). Крыніца: http://priem.bntu.by/ru/pk/archive/rus/
Вельмі цікавы прынцып, ці не так? Тыя, хто праваліўся на іспытах у беларускі інстытут, зьяўляюцца прывабным матэр’ялам ня толькі для правінцыйнага Белгарада, але і для вядомых сталічных ВНУ РФ. Падобна, што ў “самой чітаюшчей стране міра” ужо асабліва няма з каго выбіраць. Расейскае насельніцтва ў цэлым і моладзь у прыватнасьці імкліва сьпіваюцца, рана паміраюць. Узровень адукацыі і навукі падае, навукоўцы ўцякаюць за мяжу. Моладзь ня хоча служыць у крымінальнай расейскай арміі, ваяваць за крамлёўскі рэжым, ня хоча працаваць за капейкі на ненавісных алігархаў і мафіёзаў. Найбольш цяжкое становішча назіраецца якраз у імпэрскіх сталіцах і буйных гарадах, дзе ўжо ніхто ня хоча працаваць рукамі і галавой. Вось тут і спатрэбіліся ў чарговы раз сотні тысячаў (а пажадана мільёны) беларускіх работнікаў і інтэлектуалаў любога ўзросту. Масква нават пайшла на скасаваньне гістарычнага ўказа Івана Жахлівага пра адмену Юр’евага дня. Цяпер расейскія памешчыкі і магнаты зазываюць беларусаў на сваю тэрыторыю, нават “абшчагу” абяцаюць. Калі няма сваіх мазгоў, то хочуць пакарыстацца нашымі.
Згаданая аб’ява ў БНТУ – гэта толькі маленечкая крыга, што адарвалася ад гіганцкага расейскага ледавіка, які насоўваецца на Беларусь. Мы ведаем, што з разбуранай акупацыйным рэжымам эканомікі Беларусі ў Расею накіраваліся ўжо каля палутара мільёна беларусаў. Рабочыя, навукоўцы, творчая моладзь шукаюць там магчымасьці выбіцца з галечы, зарабіць грошай, стварыць нейкую пэрспэктыву для сваіх сем’яў. Расейская мафія падманвае нашых людзей. Беларусаў эксплуатуюць, забіраюць або не выплочваюць заробленыя грошы, зьбіваюць, прыніжаюць, катуюць, калечаць, забіваюць. Лічбы беларускіх стратаў у Расеі нагадваюць статыстыку ваенных дзеяньняў. Але людзі зноў і зноў ідуць да маскоўскіх баяр, пакідаюць родную зямлю.
Дзе выйсьце з гэтага, здаецца, тупіковага становішча? Адзін з фронтаўскіх вэтэранаў выказаў вельмі адназначную і нескладаную формулу вызваленьня ад маскоўскага Юр’евага дня: “Гэта ж так проста. Ня трэба ўцякаць і шукаць шчасьця на чужыне. Трэба пазбавіць краіну ад антыбеларускага рэжыма і пачаць наладжваць нармальнае жыцьцё на сваёй зямлі”.
І сапраўды, усім ня ўдасца пралезьці пад дрот лукашысцкай загароджы і схавацца ад праблемаў на Захадзе. Тым больш ці варта ўцякаць з аднаго барака ў другі – расейскі барак —, нават калі там канвойныя абяцаюць лепшую пайку?
Беларусы павінны адчуць сябе гаспадарамі ў сваёй краіне і больш не дазваляць абрабоўваць і прыніжаць сябе. Народ павінен адвярнуцца ад рэжыма і тым самым выказаць яму недавер. Калі казаць канкрэтна, то ня ўдзельнічаць у фальшывых кампаніях рэжыма. Напрыклад, ня ўдзельнічаць у выбарчых фарсах, якія наладжвае рэжым з сваёй “апазыцыяй”. З няўдзелу ў злачынстве пачынаецца ачышчэньне ад злачынства. Гэта і ёсьць пачатак нармалізацыі жыцьця ў роднай Беларусі.
Янка Базыль