Мушкецёры рэжыма

16 сакавіка 2010 г.

Навіны

У сярэдзіне 60-х гадоў беларускім падлеткам падабалася глядзець вясёлы фільм чэхаславацкіх кінематаграфістаў пра мушкецёраў. Стужку з цікаўнасьцю глядзелі б і сёньняшнія дзеці. Дынамічны сюжэт, элемэнты мульціплікацыі, кемлівыя героі – усё гэта падабаецца малым. Асабліва запамінаўся галоўны герой карціны, вынаходлівы Д’Артаньян у чэхаславацкай рэдакцыі. Ён меў капялюш з пяром і мундзір. Абодва элемэнты туалета былі чырвонага колеру, але з белай падкладкай. Калі наступалі “белыя”, мушкецёр хватка выварочваў сваю ўніформу і зьмешваўся з шэрагамі пераможцаў. Калі “чырвоныя” бралі рэванш, мушкецёр рабіў адваротную маніпуляцыю і бег у авангардзе, зьзяючы чырваньню. Пасярод крывавых бітваў хітрун ня толькі заставаўся жывым, але і камфортна харчаваўся на два пайкі.

Шырокая і стракатая шпалера беларускага палітычнага жыцьця прадстаўляе нам шэраг рознаплянавых герояў і безьліч пакручастых сюжэтаў. На працягу ўжо некалькіх гадоў у аўтарытэтных аналітыках нашай краіны ходзяць дзьве асобы, не пазбаўленыя кемлівасьці: Яраслаў Раманчук і Андрэй Вардамацкі. На першага больш, на другога менш, але менавіта на іх ўсьцяж спасылаецца фэномэн пад назовам “апазыцыя”, іх прадстаўляюць як незалежных экспэртаў. Нядаўна паведамілі нават, што ад “апазыцыі” у Брусэль на “Эўранэст” паедзе згаданы сп. Раманчук. З незалежнымі аналітычнымі праграмамі даволі рэгулярна выступае і сп. Вардамацкі.

Пра напружаную аналітычна-сынтэтычную працу сп. Вардамацкага рэгулярна паведамляла сярод іншых старонка навінаў “Naviny. By”. Вось, напрыклад, паведамленьне ад 9 лютага 2009 г. Цытуем на мове арыгіналу: “Директор исследовательской лаборатории “Новак” Андрей Вардомацкий 9 февраля на заседании круглого стола, организованном национальным комитетом Объединённых демократических сил Беларуси, сообщил: “Только 3-4% населения Беларуси прогнозируют смену власти из-за последствий экономического кризиса”, передаёт БелаПАН. В то же время, сообщил А. Вардомацкий, “в массовом сознании ощущение кризиса нарастает”. Однако у населения Беларуси “доминирует предположение, что кризис коснётся Беларуси в меньшей степени, чем других стран”. Крыніца: http://naviny.by/rubriks/society/2009/02/09ic_news_116_306027/

Памятаем, што ў той самы час А. Лукашэнка казаў тое ж самае, толькі іншымі словамі: “Какой крызіс? Крызіс у Амерыке. У нас крызіса нет і не будзет!..” Нават цікава пазнаёміцца з унісонам “незалежнай” і рэжымнай думкі праз год пасьля агучваньня гэтых думак. Трэба адзначыць, што ня толькі “чырвоныя”, але і “белыя” актыўна карыстаюцца паслугамі двух згаданых “незалежных экспэртаў”. Рэжым даволі даўно ацаніў іхныя інтэлектуальныя здольнасьці. Тыя ж “Naviny.By” паведамілі 6 студзеня 2009 г. наступнае, цытуем на мове арыгінала: “Агенство БелаПАН сообщает, что независимые эексперты – руководитель Научно-исследовательского центра Мизеса Ярослав Романчук и директор исследовательской лаборатории “Новак” Андрей Вардомацкий – включены в состав межведомственной рабочей группы для выработки плана действий по развитию странового маркетинга Республики Беларусь. Распоряжение о её создании 31 декабря подписал премьер-министр Сергей Сидорский. Как сообщил Я. Романчук, руководителем рабочей группы назначен заместитель министра иностранных дел Евгений Евдоченко”. Крыніца: http://naviny.by/rubriks/politic/2009/01/06/ic_news_112_304144/

Яшчэ шмат карысьці прынясуць “соціалістіческому отечеству” два выдатных дзеяча незалежна-апазыцыйнай думкі! Прычым, калі ў вызваленай Беларусі ў рамках люстрацыі будуць разглядацца іхныя справы, то яны заявяць з “свяшчэнным гневам”: “Але ж мы папярэджвалі, што в массовом сознаніі ошчушченіе крізіса растёт!” І нічога ня зробіш, народнай уладзе трэба будзе пакінуць іх у спакоі.

У адрозьненьні ад кінагероя, нашым героям ня трэба пераапранацца пад сьвіст куль і бляск штыкоў. Рэгулярная маніпуляцыя адбываецца “в тиши кабинета”. Увечары папрадстаўляеш змагарную “апазыцыю”, а раніцай вып’еш кубачак кавы і ў новым мундзіры едзеш у палац да таварышаў Сідорскага з Евдоченко. Але не пазайздросьціш і рэжыму. Бо як казалі ў антычным Рыме, “Mendax in uno, mendax in omnibus” (“Хто хлусіць у адным, хлусіць заўсёды”).

Янка Базыль