Кароткая памяць

14 сакавіка 2010 г.

Навіны

11 сакавіка Летува адзначала 20-я ўгодкі аднаўленьня сваёй дзяржаўнай незалежнасьці. У Вільне і па ўсёй краіне адбыліся сьвяточныя мерапрыемствы: парады, канцэрты, канфэрэнцыі, рэлігійныя цырымоніі. Людзі ўшаноўвалі герояў, якія змагаліся за свабоду і незалежнасьць Летувы ва ўсе пэрыяды нацыянальнай барацьбы.

Беларускія патрыёты таксама прыгадвалі падзеі дваццацігадовай даўніны. Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” у сакавіку 1990 года вітаў мужны крок летувіскіх парлямантароў і народа суседней краіны, якая першай заявіла пра выйсьце з СССР і тым самым вызначыла шлях для ўсіх падсавецкіх народаў. З восені 1988-га года, ад самага пачатку магутнага ўздыму нацыянальных рухаў беларускія і летувіскія патрыёты, БНФ “Адраджэньне” і Саюдзіс дзейнічалі супольна, разам ішлі да вызваленьня ад расейскай акупацыі. У гісторыі тых гадоў ёсьць шмат яркіх старонак беларуска-летувіскай салідарнасьці. Калі акупацыйны рэжым спрабаваў сарваць правядзеньне Устаноўчага Зьезду БНФ “Адраджэньне” у Беларусі, летувісы запрасілі беларускіх патрыётаў у Вільню, дзе і адбыўся Зьезд у чэрвені 1989 года. У сакавіку 1990 года савецкая намэнклатура БССР па загаду з Масквы заявіла, што ў сувязі з дэклярацыяй аб незалежнасьці Летувы яна (намэнклятура БССР) будзе патрабаваць вярнуць ёй Вільню і Віленскі край. Апазыцыя БНФ “Адраджэньне” у Вярхоўным Савеце БССР дэзавуіравала гэтую намэнклятурную заяву і выступіла з падтрымкай дэклярацыі незалежнасьці Летувіскай Рэспублікі.

Сотні фронтаўцаў у 1988-91 гадах накіроўваліся ў Вільню, каб падтрымаць змаганьне Саюдзіса. Летувісы віталі калёны пад Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі, якія далучаліся да дэманстрацыяў і мітынгаў. Беларусы і Беларускі Сьцяг былі на барыкадах Вільні ў самыя цяжкія дні і ночы абароны незалежнасьці. Дэпутаты парляманцкай апазыцыі БНФ “Адраджэньне” Зянон Пазьняк, Юры Беленькі, Сяргей Папкоў і іншыя прыязджалі ў Вільню, каб сваёй прысутнасьцю і палітычнымі справамі аказаць падтрымку змагарнаму народу і Парляманту Летувы.

Прамінула дваццаць гадоў. Шмат што зьмянілася ў сьвеце. У Беларусі працягваецца змаганьне за свабоду і незалежнасьць ад унутранай, расейскай па сутнасьці акупацыі. Летува разьвіваецца ў сям’і цывілізаваных эўрапейскіх народаў. На сьвята незалежнасьці ў Вільню летувіскімі ўладамі былі афіцыйна запрошаны дзьве асобы з Беларусі: сп. Шушкевіч “ад апазыцыі” і тов. Буря ад прамаскоўскага рэжыму РБ. Ні адзін, ні другі ніяк ня вызначыліся ў падзеях сакавіка 1990 года. Мабыць у цяперашняга кіраўніцтва суседняй краіны ёсьць свая трактоўка тых гістарычных падзеяў. Але беларускія патрыёты памятаюць аб тых сьветлых старонках нашага сумеснага змаганьня за вызваленьне ад Імпэрыі. Беларусы жадаюць братняй Летуве дабрабыту і квітненьня.