Цікава часам чытаць сайт Радыё Свабоды. Менавіта чытаць, бо рэдакцыя арганізавала гэткі “Трафальгар-сквэр”, дзе кожны можа выказацца: камэнтары. Рознага там пачытаеш. 11 сакавіка ў рубрыцы “Вольная студыя” прагучала, а потым і было зьмешчана на сайце інтэрвію з палітолагам Уладзімерам Падголам пад назовам “Перапішам Біблію па-беларуску”. Інтэрвію выклікала надзвычайную ўвагу слухачоў-гледачоў, было нетыпова шмат камэнтароў і, галоўнае, пытаньняў да самога сп. Падгола. Многіх зьдзівіла шматграннасьць асобы сп. Падгола. Ён аказаўся ня толькі філосафам, палітолагам, псіхолагам, сацыёлагам etc., але таксама і біблістам. Людзі пачалі пытацца пра генэзіс такога разнабаковага талента, які можа толькі парадваць беларускае грамадзтва. Людзі напісалі, што прафэсійная кар’ера сп. Падгола пачалася пасьля заканчэньня фізкультурнага інстытута, што адным з фрагмэнтаў кар’еры было чытаньне лекцыяў для работнікаў спэцслужбаў. У некаторых камэнтарах адчувалася зьдзіўленьне тым фактам, што сам сп. Падгол раней неяк не згадваў пра гэтую частку сваёй біяграфіі. Прычым, чытачы выказвалі сваё зьдзіўленьне ў прыстойнай манеры, суправаджаючы зьдзіўленьне камплімэнтамі на тэму “у здаровым целе здаровы дух”. Выказаўся з камэнтаром нават адзін афіцэр, які слухаў лекцыі сп. Падгола і падзяліўся з усімі, што яны “паспрыялі яго баявой, палітычнай і спэцыяльнай падрыхтоўцы”.
Рэакцыя самаго сп. Падгола была нечаканай. Ён некалькі разоў зьмясьціў сваю “отповедь хулітелям” у тым жа шэрагу камэнтароў. “Отповеді” былі вельмі шматслоўныя (гэта у прынцыпе ўласьціва іхнаму аўтару заўсёды) і дастаткова нэрвовымі. Калі ў дзьвюх словах, то “я фізкультурны не канчаў і ў гэбэ лекцыяў не чытаў”. Сп. Падгол нават зьмясьціў поўную выкладку сваёй біяграфіі (у тым ліку на ангельскай мове), сьпіс апублікаванай ім літаратуры. Апраўдваўся актыўна. Хаця некаторыя з камэнтатараў зьдзіўлена спыталіся: ну і што, што фізкультурнік? Ды і лекцыі афіцэрам спэцслужбаў таксама некаму трэба чытаць. І вельмі добра, калі гэта робіць такі шматгранны спэцыяліст.
Мы ў Беларускім Народным Фронце добра памятаем гэтага спадара. Ён упершыню зьявіўся ў сталічнай сядзібе БНФ у ліпені 1994 года. Якраз падчас прэзыдэнцкай кампаніі, у выніку якой на царства заступіў А. Лукашэнка. Гаваркі чалавек халерычнага тэмпэрамэнту адразу зьвярнуў на сябе ўвагу. Трэба прызнаць, што многіх уразіла ягонае майстэрства апэрыраваць складанай (для нашых вушэй) тэрміналогіяй, упэўненасьць у сябе і энэргічнасьць. Праз некалькі дзён усе пачалі крыху стамляцца ад ягонай шматслоўнасьці. Першым адзёрнуў яго (даволі рэзка) Васіль Уладзімеравіч Быкаў, які цыкнуў на Падгола падчас паседжаньня выбарчага штабу: “Досыць ужо гэтым словаў і ідэалагемаў. Давайце гаварыць і рабіць прасьцей!” І сапраўды, прапановы сп. Падгола былі даволі экзатычнымі. Напрыклад, ён настойліва пераконваў Зянона Пазьняка, каб той патрапіў у выцьвярэзьнік. Гэта, маўляў, надасьць яму папулярнасьці сярод простага народа. Дагэтуль успамінаецца тэкст радыёзастаўкі, якая гучала па беларускаму радыё ў час, прызначаны нашаму выбарчаму штабу. Імкнучыся імітаваць Левітана, Падгол голасам прарока гукаў у эфір: “Фронт бароніць! Фронт будуе!..” Гучала гэта вельмі кур’ёзна. За некалькі дзён да галасаваньня Падгол надрукаваў свой артыкул у адной віцебскай газэце. Ён напісаў там, што калі БНФ прыйдзе да ўлады, то “будзе вешаць камуністаў”. Фронтаўцы пачалі распытываць віцебскіх сяброў у чым тут справа. Тыя засьмяяліся і патлумачылі, што сп. Падгол сярод іншага закончыў фізкультурны інстытут і чытаў курс для супрацоўнікаў спэцслужбаў. Тады ўся экзатычнасьць стала зразумелай.
Пасьля расколу БНФ у 1999 годзе Падгол зрабіўся галоўным кансультантам В. Вячоркі. Служыў ён там нядоўга, на некаторы час зьнік. А потым зноў узьнік і пачаў выступаць перад публікай з сваімі шматслоўнымі, перасыпанымі тэрміналогіяй лекцыямі. Ён усюдыпрысутны ў рамках так званых апазыцыйных СМІ. Некаторыя зноў уражаны ягонай усюдыпрысутнасьцю і энэргічнасьцю. Ня дзіва, што паклоннікі і паклонніцы хацелі б больш ведаць, ведаць усё пра свайго куміра. Але кумір ня хоча расказаць пра сваю творчую мінуўшчыну. А шкада, гэта ж які чалавечышча!
Алесь Хадасевіч