*(Лютаўскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ) *
14 лютага сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ, — “Пра сэнс антыбеларускай палітыкі” (будзе надрукаваны).
З дакладам аб палітычным і сацыяльна-эканамічным становішчы ў Беларусі і ў сьвеце выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў старшыні Фронту і Партыі. Нават людзі далёкія ад фронтаўскіх патрыятычных пазыцыяў (напрыклад, старшыня Саюзу прадпрымальнікаў Беларусі Карагін) прадказваюць, што “мытны саюз” з Расеяй азначае ў пэрспэктыве зьнішчэньне беларускага бізнэсу. Разбуральныя для нашай краіны “малочныя” і “нафтавыя войны” з Расеяй (на самой справе спэктаклі, зрэжысіраваныя Масквой) прадэманстравалі неабвержны факт – рэжым у Менску зьяўляецца рэжымам унутранай (расейскай па сутнасьці) акупацыі і выконвае волю чужых сіл, а не абараняе нацыянальна-дзяржаўныя інтарэсы Беларусі. Гэта ўсьведамляюць усё больш і больш людзей. Заўважана, што ніхто ўжо даўно не прызнаецца, што некалі галасаваў за Лукашэнку. Усе хаваюць гэты ганебны факт у сваёй біяграфіі. Расея актывізавала імпэрскі наступ на Беларусь і Украіну. Многім здаецца, што з перамогай маскоўскага кліента Януковіча ўкраінскі народ прайграў чарговы этап змаганьня за сваю краіну. Але ня трэба адчайвацца: ва Украіне асноўная барацьба яшчэ наперадзе. Падобна на тое, што кіраваньне маскоўскай агентуры ў даволі блізкім часе давядзе ўкраінцаў да неабходнасьці вырашаць лёс краіны не электаральным, а іншым спосабам. Пэрспэктывы ў прэзыдэнта з крымінальнай мінуўшчынай няма. Трэба адзначыць таксама, што лібэральны Захад цалкам задаволены гэтым станам у краінах Усходняй Эўропы. Для Захаду галоўнае, каб праз транзітныя тэрыторыі ішлі расейскія газ і нафта. Такім чынам беларусы і ўкраінцы павінны разлічваць выключна на сябе самых у змаганьні за сваю волю і незалежнасьць. Галоўным ёсьць народная салідарнасьць у барацьбе за свой агульны народны інтарэс.
Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны адзначылі актывізацыю псэўдапалітычных мерапрыемстваў, разрэкламаваных псэўдаапазыцыяй. Так з ініцыятывай правядзеньня “рэфэрэндуму па новых коштах на імпартныя аўтамабілі” выступіў Янукевіч са сваім кавазі-БНФ (гэта ў ведамстве Лукашэнкі і Ярмошынай яны клічуць на рэфэрэндум). Працягваюць справу дэзарыентацыі і дэзінфармацыі беларускай моладзі малыя (але шумныя ў СМІ) псэўдаапазыцыйныя маладзёвыя групоўкі. Яны спрабуюць сабраць моладзь на свае няўдалыя мерапрыемствы альбо пад небеларускай сымволікай (апэльсінавы сьцяг з чорнай птушкай), альбо зусім без сымволікі (для іх галоўнае, каб над маладымі не лунаў нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг). Уся прамаскоўская безідэйная псэўдаапазыцыя зноў заклікае беларусаў “ісьці на выбары”. Толькі людзі ўжо ня надта прыслухоўваюцца да гэтых зазывалаў.
Былі абмеркаваны мерапрыемствы па арганізацыі байкоту рэжымнага шоў на наступных “мясцовых выбарах” дыктатуры.
Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 14 лютага 2010 г. Менск