Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон Пазьняк: Я разумеў, што творыцца містэрыя

(Інтэрв’ю С. Навумчыка 28.10.2009)

29 кастрычніка 1989 году тысячы людзей прайшлі ад Усходніх могілак да Курапатаў, дзе правялі мітынг-рэквіем і ўсталявалі першы крыж. Пра падзеі таго дня ўзгадвае першаадкрывальнік Курапатаў Зянон Пазьняк.

У жыцьці людзей часам бываюць дзівосныя аб’яўленьні лёсу. Адны бачаць у снах ці ў іншых знаках сваю будучыню, іншыя перажываюць ажыцьцяўленьне мары. За Саветамі, асабліва ў часы брэжнеўшчыны, ужо мала хто думаў пра незалежную Беларусь пад “Пагоняй” і беларускім Сьцягам. Для тых жа, хто думаў, яна была як сьветлая мара, як фантазія, якая нейкім чынам сталася б, – але жыла толькі ва ўяўленьні…

І што ж? Прыйшоў час – і сьветлая мара ажыцьцявілася. Фантазія стала рэальнасьцю. Але не сама па сабе, а нашымі рукамі, справай і воляй.

Гэта быў час незабыўнага шчасьця, а за плячыма – крылы.

З Курапатамі іншая гісторыя і іншая мара. Але ў істоце – вельмі падобная.

У 70-ых гадах, калі я ўжо ведаў пра Курапаты і калі страшная таямніца гэтага месца мучыла розум, прыгнятала душу, – тады часта думалася, што вось, настане дзень, да якога я дажыву і буду сьведкам, калі здохне Савецкі Саюз і тысячы, моц людзей прыйдзе ў Курапаты і прынясе на сваіх плячах вялікі Крыж, і паставяць яго ў Курапатах на гары ў памяць забітых. І ўзвысіцца ён над усім лесам – Крыж Пакуты, які злучыць жывых.

У 1989 годзе я зразумеў, што хоць Савецкі Саюз яшчэ не сканаў, але вялікі дзень настае. Камуністы пасьля сваёй ганьбы і паразы на Дзяды ў Менску 30 кастрычніка 1988 году цяпер ужо не рашыліся забараніць мэмарыяльнае шэсьце ў Курапаты.

Я выклаў свой плян Крыжовага шэсьця і ідэю ўстанаўленьня Крыжа сябрам з кіраўніцтва Фронту. Плян быў прыняты, пачалася праца. Праект і зрабленьне Крыжа былі даручаныя групе мастакоў, якой кіраваў сябра Сойму БНФ Аляксей Марачкін. У групе працавалі Алесь Шатэрнік, Хведар Ладуцька, Мікола Купава, Яўген Кулік, Віктар Маркавец і Сяргей Кляшчук. Мастакі выканалі ўсё добра і дакладна.

На раніцы 29 кастрычніка вялізны сямімэтровы Крыж быў дастаўлены да Ўсходніх могілак. Адтуль, па асацыяцыі зь мінулагоднімі падзеямі, павінна было пачацца шэсьце.

Я разумеў, што творыцца містэрыя, і шэсьце мусіць быць адпаведным, гэта значыць, адпавядаць сымболіцы падзеі. Яно павінна было мець вобраз і назірацца ў прасторы. Трэба было знайсьці трасу, дарогу для гэтага вобразу. І мы знайшлі гэтую дарогу. Памятаю, што я нават прамераў яе з сэкундамерам у руках.

Мы павялі людзей не вакольна, па вуліцах Каліноўскага ды Сядых, а па пустым касагоры, наўпрост, ад Усходніх могілак, уніз, у пойму рэчкі Сьлепні і потым праз дамбу, зноў на вуліцу гораду. Гэта была амаль на кілямэтар адкрытая мясцовасьць, на якой было шмат пешаходных дарожак. Мы выбралі сярод іх такую трасу, якая зьвівалася хвалямі, як зьмяя, як стужка на ветры. Па дарожцы можна было ісьці разам чатыром-пяці чалавекам, і калі дзесяць тысячаў народу выцягнуліся ў даўжэзны ланцуг і пайшлі па касагоры гэтакім бясконцым сэрпантынам, з Крыжам, сьцягамі, харугвамі і кветкамі, пайшлі на Курапаты – відовішча ўзьнікла незабыўнае.

Галава шэсьця была ўжо на Лагойскім тракце, а хвост яго яшчэ спускаўся па сэрпантыне ад Усходніх могілках. Так было створанае ня проста шэсьце, а Крыжовы Шлях. Шлях з Крыжам, які на руках нёс народ у Курапаты.

Дарэчы, у вядомым, забароненым фільме Міхаіла Жданоўскага “Дарога на Курапаты” ёсьць кадры гэтага гістарычнага шэсьця.

Зазначу, што каб восем кілямэтраў несьці цяжкі Крыж, была створаная каманда чалавек шэсьцьдзесят, якія мелі знакі на адзеньні – белы шасьціканцовы крыж на чырвоным фоне. Але па ходу шэсьця мноства людзей падыходзілі і па пераменцы несьлі Крыж. Кожны хацеў яго несьці і далучыцца да містэрыі. Такім чынам, і тут створаны сымбаль – курапацкі Крыж прынёс на руках сам народ.

У Курапатах гучэў Рэквіем. Пад гукі Рэквіему паднялі і паставілі Крыж. Дзясяткі людзей кінуліся дапамагаць, кожны хацеў дакрануцца да яго рукой. Потым сьвятары ўсіх чатырох хрысьціянскіх канфэсіяў, па чарзе, асьвяцілі Крыж. Ад каталікоў – ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, ад пратэстантаў – пастар Эрнэст Сабіла…. Вуніяцкія дзяўчаты зь белымі кветкамі пад камандай ксяндза Яна Матусевіча сьпявалі беларускія Псальмы. А з праваслаўнага сабору ў Менску прыехала цэлая каманда зь пяці ці шасьці духоўных асобаў і адслужылі цэлую службу з кадзілам і песьнясьпевамі.

Потым ізноў гучаў Рэквіем, і быў жалобны мітынг. Мне вельмі цяжка было яго весьці – душа напоўнілася трымценьнем… Вось яно, думаю, сталася, адбылося, ажыло запаветнае… А яшчэ ж быў Савецкі Саюз, камунізм, КПСС. І, напэўна, ніхто, акрамя нас, фронтаўцаў, ня верыў у хуткі яго канец.

З прамоваў на мітынгу найбольш мне запомніліся словы беларусаў зь вёскі Цна, сьведкаў расстрэлаў у Курапатах. А таксама выступ Янкі Брыля, які расказаў, ізноў жа, амаль містычную гісторыю. Як у Быкаўні, пад Кіевам, у час эксгумацыі знайшлі ў расстрэльнай яме падпісаны цыгарэтны муштук ягонага схопленага НКВДзістамі брата. Пісьменьнік дастаў з кішэні і ўсім паказаў гэты муштук.

Курапацкі Крыж Пакуты павінен быў стаяць на гары, у цэнтры Курапатаў, на месцы, якое цяпер у Курапацкім Народным Мэмарыяле называецца Галгофа. Аднак у 1989 годзе, пасьля прызнаньня ўрадавай камісіяй факту НКВДзісцкіх расстрэлаў людзей у Курапатах, Саўмін хуценька паклаў там вялізарны валун з надпісам, што зьбіраецца тут нешта ўвекавечваць. Хітруны не зьбіраліся нічога рабіць у Курапатах, іхняя задача была – не пусьціць сюды Народны Фронт, абмежаваць ініцыятыву народу. Ужо і таго Саўміну даўно няма, а камень гэты ўсё ляжыць.

Мы паставілі Крыж перад уваходам, на самым пачатку курапацкага лесу, разумеючы, што ён будзе не прадметам, а сакральнай зьявай, сымбалем у памяць пра генацыд. Прыйдзе час, і мы ўсталюем гэты крыж са сталі, на трыццаць мэтраў, на курапацкай Галгофе, каб відаць быў над лесам здалёк. Каб кожны бачыў і разумеў, як трэба берагчы свабоду, жыцьцё, Беларусь і народ.

Зянон Пазьняк
(28.10.2009, радыё Свабода. Інтэрв’ю С. Навумчыка)

4/12/2009 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Сьнежань 2009
П А С Ч П С Н
« Ліс   Сту »
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024