Зянон Пазьняк: Верма ў сьветлыя дні

1 ноября 2009 г.

Навіны

(Выступ, які зачытаны на мітынгу ў Курупатах.)

Дарагія землякі! Дарагія суайчыньнікі! Сёньня, тут, у Курапатах, у дваццаты раз мы адзначаем сьветлае сьвята “Дзяды”. Дваццаць гадоў таму, 29 кастрычніка 1989 г. быў усталяваны курапацкі Крыж Пакуты ў памяць аб расстраляных продках.

Гэты сямімэтровы крыж прынесьлі на руках тысячы людзей праз увесь доўгі шматкілёмэтровы шлях. Яго паставілі тут усе разам пад гукі рэквіема. Сьвятары чатырох хрысьціянскіх канфэсіяўасьвяцілі яго і багаславілі памяць пра нявінна забітых.

З 1937 па 23 чэрвеня 1941 года энкавэдзісцкія каты – сталінскія камуністы з дня ў дзень, з начы ў ноч стралялі тут людзям у патыліцу і ськідвалі ў глыбокія ямы. У гэтых ямах закапаны цьвет беларускай інтэлігенцыі, пісьменьнікі і паэты, артысты, вучоныя і дасьледчыкі, інжэнеры і рабочыя, сяляне і беларускія настаўнікі. Кожную ноч па навакольлі і па ўсёй Беларусі езьдзіў чорны хапун і хапаў людзей. Масква спускала ў Беларусь сваім уладам і катам плян па арыштах і растрэлах. Вынішчэньне людзей у Беларусі яны рабілі па графіку, штомесячна і штоквартальна. Масква прымала штодзённыя справаздачы аб забітых ахвярах. Толькі ў Курапатах савецкія акупанты забілі каля чвэрці мільёна людзей. Такіх Курапатаў шмат па ўсёй Беларусі.

За часы савецкай акупацыі Беларусі з 1919 па 1953 год (год сьмерці Сталіна) сталіністы-русіфікатары забілі больш 2-х ьільёнаў беларусаў ( і гэта ня ўлічваючы вайну). Ворагі чалавецтва зьнішчылі заможнае працавітае сялянства, вынішчылі фізічна амаль дазваньня беларускую шляхту, расстралялі адукаваных людзей.

Гэта нельга забыць ніколі, пакуль будзе стаяць белы сьвет і будзе жыць Беларусь. Савецкая акупацыя Беларусі перыяду Леніна-сталіна павінна быць прызнаная як рэжым генацыду і пацыфікацыі Беларускага Народу.

Сёньня Дзяды – сьветлае сьвята памяці і яднаньня х душамі продкаў. Сёньня Дзень усіх хрысьціянскіх Сьвятых, а заўтра Дзень Задушны, які патрабуемалітвы за ўсіх забітых і памерлых, тыхсьветныя душы.

Запалім жа сьвечкі ў памяць. Паставім іх пад крыжы й на крыжы, на магілы, пакладзем туды белыя кветкі.

Сёньня нельга сьмяяцца, галёкаць, крычаць. Але ня трэба і жаліцца, плакаць. Сёньня дзень вечнасьці , перад якой мы роўныя ўсе і тут, і там. Дзяды дапамогуць нам гэта адчуць.

Шануйма ж нашых дзядоў, нашую слаўную мінуласьць, нашу культуру і веліч і кожнага простага чалавека.

Верма ў сьветлыя дні ў нашу прышласьць, у вольную будучыню Беларусі.

1 лістапада 2009 г. Зянон Пазьняк