(ліст да сябраў Фронту)
Паважаныя сябры, фронтаўцы. На апошніх паседжаньнях Сойму мы абмяркоўвалі пытаньне аб будучых выбарах прэзыдэнта Беларусі, якія павінны адбыцца ў 2011 годзе. Выснова да якой мы прышлі наступная.
**У выбарах, дзе пры падтрымцы рэжыму будзе незаконна балатавацца кандыдат Лукашэнка, удзельнічаць нельга. Гэта будуць ня выбары, а крымінальнае дзеяньне па чарговым захопу ўлады. Людзі ня маюць ніякага ўплыву на вынікі галасаваньня. Немагчыма рэальна пракантраляваць падлік галасоў, дзейнічае адладжаная сістэма фальсіфікацыі галасаваньня цалкам падпарадкаваная адміністрацыі рэжыму. Чалавек бяспраўны перад уладай. **
Захоп улады праз імітацыю выбараў характэрны для дыктатрскіх рэжымаў і забясьпечаны ўдзелам выбаршчыкаў у галасаваньні. Пры камуністычнай уладзе за савецкім часам стварэньне масавага ўдзелу ў галасаваньні было ўзьведзена ў ранг дзяржаўнай палітыкі. Негаласаваньне разглядалася як варожасьць да савецкага рэжыму (з усімі адсюль высновамі). Масавасьць галасаваньня давала магчымасьць лёгка паведамляць пра 99,99 адсоткаў прагаласаваных за кандыдатаў КПСС.
Перакуліць тую сістэму абдурваньня і прымусу мог толькі няўдзел у галасаваньні, пустыя выбарчыя ўчасткі. Але савецкае грамадзтва, запалоханае рэпрэсіямі, фактычна, знаходзілася ў палоне бальшавіцкай сілы, у лагеры, дзе рэальна ня мела ніякіх правоў, дзе не існавала магчымасьцяў для самаарганізацыі, і насельніцтва было няздольнае нават да такога пасіўнага супраціўленьня як няўдзел у галасаваньні. Бо кожны баяўся, што ягоны няўдзел выкліча рэпрэсіі.
Мы бачым як цяперашні антыбеларускі рэжым імкнецца вярнуць той савецкі страх у грамадзтва.
Байкот фальшывых выбараў – гэта сродак адкрытай выбарчай барацьбы з рэжымам. Удзел у падманных выбарах ёсьць садзеяньне рэжыму, стварэньне яму ўмоваў для фальсіфікацыі і аб’яўленьня фальшывых вынікаў галасаваньня. Удзел ў такіх выбарах разам з узурпатарам, які ня мае права балатавацца, будзе абазначаць легітымізацыю ўмоваў, прызнаньне яго незаконных дзеяньняў “дэ факта”, дзеяньняў, у якіх пры любых выніках галасы будуць палічаны толькі на карысьць узурпатара.
Зразумела, што і пасьля байкоту выбараў рэжым падасьць фальшывыя зьвесткі і паведаміць пра “перамогу” свайго кандыдата. Але ён тут ужо не схаваецца за плечы выбаршчыкаў і за тайнае галасаваньне, рэальнасьць стане кожнаму відаць і будзе наглядна пацьверджана. Ашуканства зробіцца відочным і навочна даказуемым. Усё гэта створыць новую сытуацыю ў грамадзтве і новыя дачыненьні, якія будуць спрыяць ліквідацыі антыбеларускага рэжыму.
Трэба разумець, што байкот не абавязкова выкліча імгненныя і кардынальныя перамены, але дакладна, што ён стане крокам да гэтых падзяў. Гэты крок трэба рабіць.
Цяпер пра тактыку нашай народнай партыі Фронту. Тактычна мы павінны зараз выступіць з патрабаваньнем зьмены існуючага выбарчага заканадаўства. Павінна быць скасавана папярэдняе галасаваньне, гарантаваны удзел апазыцыйных рэжыму палітычных партыяў і арганізацыяў ва ўсіх выбарчых камісіях, гарантаваная свабода перадвыбарчай агітацыі на ўсіх узроўнях (сходы, мітынгі, пікеты, распаўсюд друкаванай прадукцыі, выступы ў агульнакраёвым і мясцововым радыё, тэлебачаньні, друку), гарантавана прысутнасьць назіральнікаў за галасаваньнем на выбарчых участках і за падлікам галасоў з правам патрабаваць відочнага ўсім падліку галасоў і пераліку галасоў пры сумніўных сытуацыях.
Як і ў 2005 годзе нам неабходна зьвярнуцца да Лукашэнкі з патрабаваньнем выконваць закон і ня ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі 2011 года ў якасьці кандыдыта.
Тэарэтычна мы павінны прадугледзець (мець на ўвазе) свайго кандыдыта (кандыдатуры ёсьць) на выпадак непрадбачаных падзеяў і агітаваць за байкот у выпадку непрыняцьця нашых законных патрабаваньняў. Такая схема нашых дзеяньняў на бліжэйшы час.
Распаўсюджаньне інфармацыі пра сутнасьць і неабходнасьць байкоту трэба пачынаць цяпер. У нашай перадвыбарчай народнай палітыцы галоўная арыентацыя на людзей, якія валодаюць выбарчым правам, працоўным сацыяльным статусам і становішчам у грамадзтве, бо менавіта гэтая сьпелая, працоўная і актыўная частка народу вызначае грамадзкі настрой. На іх некалі ў 90-х абапіраўся Народны Фронт.
У час байкоту мы можам (пры неабходнасьці) каардынаваць дзеяньні зь іншымі арганізацыямі і асобамі, якія падтрымліваюць нашыя ўмовы і патрабаваньні.
Некаторыя арганізацыі і асобы, аднак, ужо пасьпяшаліся аб’явіць пра вылучэньне сваіх кандыдатаў на выбары і пра спадзяваньні на падтрымку з майго боку. Такія дзеяньні супярэчаць пазыцыі нашай народнай партыі і падтрымлівацца ня будуць.
Рыхтуймася да байкоту. Не павінна цемра і ашуканства існаваць бясконца. Ня могуць людзі вечна баяцца. Бярэмся за працу і будзе вынік. Жыве Беларусь!
23 верасьня 2009 г. Зянон Пазьняк