Рэпліка аб расейска-чачэнскай вайне

29 ліпеня 2009 г.

Навіны

Ва ўсім сьвеце людзі пішуць пра вайну, паказваюць яе жахі і антыгуманнасьць а журналісты нават гінуць, стараючыся адлюстраваць гэтую бесчалавечнасьць вайны і паўплываць на грамадзкую думку, каб абмежаваць жорсткасьць і войны спыніць. З гэтага гледзішча інфармацыя спадарычні Тацьцяны Елавой, аб бязьлітасным забойстве расейцаў, якую яна зьмясьціла ў Сеціве, адыгрывае тую ж ролю. Пры гэтым якая вайна – такая і лексіка. У заходнім друку было шмат выразаў і параўнаньняў, кшталтам што чачэнцы выстрэльвалі расейскіх салдат, “як качак” (апэрацыя ў Грозным), ці “як зайцоў”, што расейцы трактавалі схопленых чачэнцаў, “як скаціну” і г. д.

Інфармацыя Елавой цяжкая і жудасная, але сэнс яе, як і ўсюды ў падобных выпадках, аднолькавы – узбудзіць гуманны пратэст супраць несправядлівай вайны шакуючым мэтадам. На Захадзе, у культурных грамадзтвах людзі так і адгукаюцца на шок – з гуманістычных пазыцыяў. Аднак, тое што адбываецца ў гэбоўскай Расеі выяўляецца з дакладнасьцю наадварот. Рэакцыя тыпова варварская (пакараць гонца, што прынёс дрэнную вестку), рэакцыя прымітыўная, рабская і агрэсіўная (“нашіх режут”).

Рускіх салдатаў, забойства якіх паказана на відэа, чачэнцы забілі на чачэнскай тэрыторыі, куды іх са зброяй паслаў Пуцін з заданьнем забіваць чачэнцаў. Пуцін ведаў, што ён робіць, куды ён іх пасылае і што ім за гэта можа быць. Ён ведаў, што чачэнскі народ будзе супраціўляцца і бараніць сваю краіну, што на вайне дзейнічае закон: кроў за кроў сьмерць за сьмерць, жорсткасьць за жорсткасьць.

Усё міжнароднае, нацыянальнае і канстытуцыйнае права на баку чачэнцаў. Бо ў іхны дом уламаўся агрэсар са зброяй і сілай. Агрэсар пачаў дывановыя бамбаваньні чачэнскіх гарадоў. Агрэсар разбурыў датла сталіцу Чачэніі, забіў і скалечыў 50 тысячаў чачэнскіх дзяцей, зьнішчыў 150 тысячаў насельніпцтва Чачэніі (15 адсоткаў). Агрэсар прыдумаў “зачысткі” і “фільтрацыйныя лагеры”, катаваньні і мардаваньні чачэнскіх мужчын і жанчын. У гэтых умовах чачэнскі народ мае права на супраціўленьне любымі спосабамі, на ўсе дзеяньні ў адказ, якія ўжывае супраць іх агрэсар, узброены авіяцыяй, артылерыяй, касэтнымі і вакуумнымі бомамі, спэцыяльна падрыхтаванымі атрадамі.

У тым, што на вайне ў Чачэніі чачэнцы забіваюць рускіх салдат, вінаватыя не чачэнцы, якія бароняцца на сваёй тэрыторыі, а тыя хто гэтую вайну разьвязаў, хто Чачэнію акупаваў і хто гэтых салдат на сьмерць туды паслаў. Для тых жа, хто паслаў расейцаў на сьмерць, жыцьцё чалавека ня мае значэньня ці то чачэнец, ці рускі. Успомніце “Норд-Ост” у Маскве і 131 ахвяру атручаную баявым газам па асабістаму загаду Пуціна. Успомніце Беслан, загады Крамля і страляньне з танкавых гарматаў па школе з дзецьмі-закладнікамі і сотні дзіцячых ахвяр. Успомніце крамлёўска-лубянскія падрывы дамоў разам зь людзьмі ў Маскве і Волгадонску, каб стварыць павад для агрэсіі супраць Чачэніі.

Пра сутнасьць гэтай варварскай каляніяльнай вайны ў Чачэніі казалі ў Расеі толькі адзінкі перадавых людзей, якія мелі эўрапейскае вольнае думаньне. Ганна Паліткоўская, Станіслаў Маркелаў, Натальля Эстэмірава на фактах паказвалі антычалавечую сутнасьць вайны ў Чачэніі, разьвязанай крамлёўскімі рэзідэнтамі. Дзе гэтыя сумленная інтэлігенты? Іх забілі зь ведама гэтай жа крамлёўскай улады на фоне абыякавага маўчаньня і маўклівага адабрэньня “страны рабов” (М. Лермантаў, М. Чарнышэўскі).

Вось гэтая “страна рабов” і накінулася цяпер азьвярэла на маладую беларуску Тацьцяну Елавую толькі за тое, што яна як эўрапейскі чалавек вольнай сьведамасьці паказала ім люстэрка з адбіткам самых сябе – вынікі іхняй экзальтаванай рабскай падтрымкі ўсіх мярзотаў бруднай крамлёўскай вайны на Каўказе.

Як гэта ўсё нам знаёма яшчэ з часоў Кастуся Каліноўскага: гэтая рэцэптарная расейская рэакцыя, гэтае крымінальнае асэнсаваньне вайны і ўбачанага відэафільма, гэтая шалёная нянавісьць і поўная адсутнасьць грамадзянскай пазыцыі адказнасьці за сваё грамадзтва, адсутнасьць крытычнага думаньня, рахунку сумленьня і справядлівасьці.

Псіхалогія арды. Сутыкненьне двух сьветаў, дзе адзін бок разумее іншы, але іншы не ў стане зразумець нават сябе. І яшчэ адна заўвага. Ёсьць неабходнасьць цалкам канкрэтнага рашэньня па тых камэнтарах, прапушчаных у Сеціва, якія маюць склад крымінальнага злачынства. Гэта там, дзе спадарычні Елавой выказаныя пагрозы яе жыцьцю і пагрозы расправы. У расейцаў зазвычай такі крымінальны стыль дыскусіяў. Але беларуская пракуратура мае ўсе падставы згодна закону распачаць крамінальную справу па факту пагрозаў жыцьцю асобы, ваказаных публічна. Для ворганаў пракуратуры даведацца ”ІР”, адрасы і прозьвішчы тых, хто пагражаў забойствам, нескладана. У дзеяньне мусяць уступіць адпаведныя юрыдычныя працэдуры, якія, праўда, могуць зацягнуцца, але ў выпадку перасячэньня беларускай мяжы, такая асоба мусіць быць адразу арыштаваная і аддадзена пад суд.

Зянон Пазьняк 28 ліпеня 2009 г.