Запыты такога роду заўсёды выглядаюць трохі дзіўнымі сваёй праставатай наіўнасьцю. Скажам: “Чаму ў культурнай Нямеччыне да ўлады прыйшоў Гітлер?” Ці: “Чаму расейскія камуністы праводзілі генацыд народаў за савецкай уладай?” Але, тым ня менш, гэта ёсьць самае ўнівэрсальнае пытаньне, каб адказаць па сутнасьці. Спынюся талькі на асноўных тэзісах.
-
Перамагчы павінен быў Народны Фронт. Дзеля гэтага была падрыхтаваная палітычная база. У канцы 1992 года, пасьля антызаконнай забароны рэфэрэндуму аб новых парляманцкіх выбарах, Апазыцыя БНФ у Вярхоўным Савеце паставіла задачу дамагчыся адстаўкі ўраду Кебіча. Увесь цяжар працы дэпутацкай Апазыцыі БНФ быў перанесены на электарат. Былі наладжаныя пастаянныя паездкі дэпутатаў БНФ па Беларусі, адбыліся сотні спатканьняў з выбаршчыкамі пры перапоўненых залях. Газэта “Свабода” , рэдактарам якой быў сябра Апазыцыі БНФ і Сойму БНФ дэпутат Вярхоўнага Савета Ігар Гермянчук, выходзіла тады 100-тысячным накладам і адлюстроўвала апазыцыйную працу. Гэта было вельмі істотным. Да пачатку 1994 года ў выніку фронтаўскай растлумачальнай працы В. Кебіч ужо ня меў электаральных шансаў на выбарах.
-
Праца, праведзеная Фронтам, і антыкебічаўскі настрой электарату былі ўмела выкарыстаная КГБ, Масквой і іншымі сіламі, якія выставілі свайго кандыдата-тэрмінатара (Лукашэнку) і вымасьцілі яму дарогу да ўлады, выкарыстаўшы вялікія прапагандысцкія, агентурныя і фінансавыя рэсурсы.
-
Увесь цяжар афіцыйнай прапаганды і дзеяньняў (Кебіча) былі ськіраваныя супраць БНФ.
-
Грамадзтва было падатнае на самы прымітыўны тэрмінатарскі папулізм, паколькі заставалася савецкім ва ўмовах крызісу. Самае істотнае, што людзі гэтага грамадзтва ня мелі прыватнай уласнасьці, а значыць – ня мелі жыцьцёвай патрэбнасьці свабоды і неабходнасьці яе абараняць. Чалавек без уласнасьці не пачуваецца гаспадаром на нацыянальнай тэрыторыі і слаба зьвязвае (альбо і не зьвязвае) сваё становішча зь лёсам нацыі і дзяржавы.
-
Перамога БНФ у гэтай сытуацыі забясьпечвалася б у другім туры галасаваньня, паколькі вялікая колькасьць людзей галасавала за Лукашэнку, каб быць супраць Кебіча. Тым часам Лукашэнка ня меў ня толькі станоўчай праграмы, але і ўвогуле – ніякай праграмы, акрамя крайне папулісцкай крытыкі ў такт крызісным і рэтраспэктыўнам савецкім настроям. Стварэньне ў другім туры супрацьстаяньня Пазьняк-Лукашэнка істотна зьмяніла б становішча. Тэрмінатарская крытыка тут ужо была б незапатрабаваная, бо аб’екта электаральнага раздражненьня (Кебіча) ужо б не было ў выбарах. Дзейнічаў бы іншы выбар і іншы падзел электарату ў карысьць БНФ, які меў распрацаваныя моцныя праграмы дэмакратычнага і эканамічнага разьвіцьця Беларусі і гатовы ўрад, паказаны па тэлебачаньні (казалі, што група Лукашэнкі, убачыўшы гэта і пачуўшы, перажыла шок).
-
У другі тур галасаваньня, па падліках фронтаўскіх назіральнакаў (якія кантралявалі, практычна, усе выбарчыя ўчасткі), рэальна выйшлі Пазьняк і Лукашэнка. Але збоку ўлады былі задзейнічаныя адпаведныя рычагі “адміністрацыйнага рэсурсу,” ўплыву і падробкі. У выніку ў другі тур галасаваньня вывелі Кебіча, які ў рэальнасьці займаў чацьвертае месца. Гэтым было ўсё вырашана. Бо Кебіч ня меў шансаў супраць тэрмінатара — уся пратэстная энэргія выбаршчыкаў узбудзілася б супраць Кебіча (што ў выніку і атрымалася).
-
Апошняя магчымасьць выправіць становішча і не дапусьціць антыбеларускія сілы і папулізм да ўлады была тады, калі Кебічу пасьля першага туру праз Сяргея Навумчыка было прапанавана зьняць сваю кандыдатуру. Па закону пасьля гэтага павінны былі адбыцца новыя выбары з новымі кандыдатамі. Кебіч не рашыўся на такі крок, бо яго акружэньне (якое ў сапраўднасьці таксама працавала на праект “Лукашэнка”) пераканала яго, што ён пераможа.
Высновы. Такім чынам, нягледзячы на вельмі грунтоўна прапрацаваную апэрацыю ў КГБ і ў Лубянцы з выкарыстаньнем магутных прапагандысцкіх і агентурных рэсурсаў з шырокім і ўмелым захопам (на пратэстнай хвалі) часткі фронтаўскага электарату, у рэальнасьці не існавала, аднак, ніякай пэўнасьці ў перамозе Лукашэнкі на выбарах.
Галоўнай небясьпекай для рэжыму Кебіч і ўся намэнклятура лічылі Народны Фронт і яго кандыдата ў прэзыдэнты, і таму перад другім турам яны, фактычна, расчысьцілі дарогу Лукашэнку.
У сваіх нядаўніх успамінах Кебіч шчыра ў гэтым прызнаўся, кажучы, што агульнай перамогай яго і Лукашэнкі на выбарах стала тое, што яны разам выступілі як саюзьнікі і не дапусцілі да ўлады Пазьняка. “Чей вклад в общую победу над кандидатами от БНФ, мой или Александра Лукашенко, оказался весомее, пусть рассудит время” ставіць усе кропкі над “і” Вячаслаў Кебіч. Як кажуць лепей і ня скажаш.
8 ліпеня 2009 г., Нью-Ёрк Зянон ПАЗЬНЯК