VIIІ Зьезд Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і X Зьезд Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

22 снежня 2008 г.

Навіны

21 сьнежня ў Менску адбыўся VIIІ Зьезд Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Х Зьезд Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”. Зьезд заслухаў палітычны даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ, — “Наперадзе вольная Беларусь” (тэкст публікуецца). Са справаздачнымі дакладамі выступілі намесьнікі старшыні Фронту і Партыі, сакратары Управы і кіраўнікі камісіяў. Былі абмеркаваны сітуацыя ў Беларусі і за яе межамі, вынікі і задачы дзейнасьці Фронту і Партыі. Выступілі таксама дэлегаты Зьезду з розных рэгіёнаў краіны, якія распавялі аб сітуацыі ў Беларусі і працы рэгіянальных арганізацыяў Фронту і Партыі. У адпаведнасьці са Статутам былі праведзены выбары Старшыні, намесьнікаў і Сойму Фронту і Партыі. Старшынём Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ быў абраны сп. Зянон Пазьняк. Намесьнікамі старшыні дэлегаты абралі сп. Юрыя Беленькага (выканаўца абавязкаў старшыні ў Беларусі) і сп. Сяргея Папкова. Быў таксама абраны Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ у складзе 35 сяброў. Зьезд прыняў рэзалюцыю. Заля, у якой адбываўся Зьезд, была ўпрыгожана нацыянальнымі Бел-Чырвона-Белымі сьцягамі і выявамі гэрбу “Пагоня”. Працу Зьезду дэлегаты распачалі і завяршылі сьпяваньнем гімну “Магутны Божа”.

Рэзалюцыя 8-га Зьезду Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ Аб накірунках партыйнай дзейнасьці

Заслухаўшы палітычны даклад Старшыні Партыі, справаздачныя даклады намесьнікаў старшыні і выступы дэлегатаў, Зьезд пастанаўляе:

— У ацэнках дзеяньняў, мэтадаў і накірункаў дзейнасьці ўлічваць спэцыфічныя антыбеларускія абставіны і прамаскоўскую русіфікацыйную палітыку антыдэмакратычнага рэжыму на Беларусі . — Прызнаць станоўчай працу кіраўніцтва Партыі, Сойму і ягоных ворганаў. Асабліва адзначыць дзейнасьць па будаўніцтве, ахове і разьвіцьці Народнага Мэмарыялу Курапаты. Лічыць неабходным працягваць гэтую працу як прыярытэтную культурна-асьветніцкую задачу Партыі. — Лічыць правільнай і палітычна выверанай пазыцыю Партыі па байкоту галасаваньня на парляманцкіх выбарах 2008 года. — Лічыць важнай задачай працягваць нацыянальна-асьветніцкі і палітычна-прапагандысцкі накірункі ў дзейнасьці партыйнай арганізацыі. Шукаць новыя формы, мэтады і падыходы ў прапагандзе нацыянальна-дэмакратычных адраджэнсках ідэй. — Лічыць галоўным накірункам у палітыцы Партыі змаганьне за непарушнасьць суверэнітэту і вольную Беларусь на грунце Беларускай Нацыянальнай ідэі, за дзяржаўны статус беларускай нацыянальнай сімволікі: Бел-Чырвона-Белага сьцяга і гэрба Пагоня, за дзяржаўны статус беларускай мовы і культуры, за нацыянальныя і сацыяльныя інтарэсы людзей, за справядлівасьць і дэмакратыю. Перад пастаяннай пагрозай для беларускай незалежнасьці з боку Расеі Беларуская Нацыянальная ідэя ёсьць тая аб’яднаўчая сіла, якая кансалідуе грамадзтва на змаганьне супраць пагрозы дзяржаве, на стваральную працу, на барацьбу за волю і лепшую долю вялікага Беларускага народа. 21 сьнежня 2008 г.
г. Менск

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 21 сьнежня 2008 г. Менск