У апошнія дні ў некаторых СМІ Беларусі зьявіліся паведамленьні аб тым, што “Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ вылучыла аднаго кандыдата на парляманцкія выбары”. Партыя згадваецца ў пераліку іншых палітычных арганізацыяў, якія актыўна ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы да выбараў.
Кіраўніцтва Партыі зьвярнулася з запытаньнем у рэжымную Цэнтральную Выбарчую Камісію. Прадстаўнікі рэжымнай ЦВК патлумачылі, што “была дапушчана памылка”.
Нагадваем, што Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ ня ўдзельнічае ў вылучэньні кандыдатаў і ва ўсіх іншых працэсах гэтай антыдэмакратычнай выбарчай кампаніі і заклікае беларускае і міжнароднае грамадзтва да байкоту недэмакратычных выбараў. Мы запатрабавалі ад рэжымнай ЦВК, каб яна выступіла з публічным абвяржэньнем сваёй дэзынфармацыі. Мы патрабуем таксама ад рэдакцыяў “Народнай Волі” і БелаПАН апублікаваць абвяржэньні гэтай дэзынфармацыі.
Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ выступае пад лёзунгам “Ніхто на фальшывыя выбары!”
Паліткамітэт Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 21 жніўня 2008 г.