29 чэрвеня Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ арганізавала штогадовыя мэмарыяльныя мерапрыемствы паблізу г. Чэрвеня (былы Ігумен) Менскага раёну. Да сяброў Партыі далучылася шмат дзяўчат і хлопцаў – маладых беларускіх патрыётаў. Прыбыла дэлегацыя летувіскай моладзі пад нацыянальна-дзяржаўным сьцягам Летувы. Удзельнікі пачалі Шлях ад будынка былой Ігуменскай турмы. Гэты астрог расейскія акупанты нашай зямлі пабудавалі яшчэ на прыканцы 18 стагоддзя. Ворагі Беларусі пакарысталіся турмой і ў чэрвені 1941 года, калі каты НКВД гналі калёны вязьняў з Менскай турмы ў бок Расеі. Палітычных вязьняў вывелі з Ігуменскай турмы 25 чэрвеня і пагналі па дарозе. У лясным масіве Цагельня расейскія акупанты адкрылі агонь па нявінных людзях і забілі больш за тысячу чалавек. Зразумела, што ў савецкія часы было забаронена згадваць пра ігуменскую трагедыю. З 1990 г. Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” пачаў праводзіць мэмарыяльныя акцыі ў памяць ахвяраў расейскага тэрору. Людзі ўсталявалі манумэнтальныя крыжы на магілах ахвяраў. Сёлетнія мэмарыяльныя мерапрыемствы распачалася сьпяваньнем духоўнага гімну “Магутны Божа”. Выступілі намесьнік старшыні Фронту і Партыі сп. Сяргей Папкоў, сакратары Управы Фронту і Партыі сп. Віктар Рабушка і Валеры Буйвал, сябра Сойму Фронту і Партыі сп. Пятро Шашкель, прадстаўнікі дэлегацыі з Летувы. Выступоўцы казалі пра народную памяць аб ахвярах расейскай акупацыі. Ігумен – не адзінае месца на Беларусі, дзе ў першыя дні нямецкай інвазіі расейскія каты НКВД забівалі тысячы людзей. Наперадзе адкрыцьцё праўды аб іншых злачынствах акупацыйнага маскоўскага рэжыму. У адрозьненьні ад нямецкага фашызму чырвоны расейскі фашызм ня быў ліквідаваны і забаронены ў выніку той вайны. Ён працягвае сваё драпежнае існаваньне ў сёньняшнім маскоўскім імпэрыялізме. Не выпадкова, што расейскія цемрашалы імкнуцца перапісаць гісторыю і ў чарговы раз падмануць людзей: услаўляюць Сталіна і “славные органы” НКВД-КГБ, хаваюць сьляды сваіх злачынстваў на нашай зямлі. Яны імкнуцца вярнуць у нашае жыцьцё увесь крывавы антычалавечы жах, які яны тварылі на Беларусі і ў іншых акупаваных краінах у 1930-40-я гады. Яны – спадчыньнікі злачынцаў НКВД-КГБ. Іхная задача – аднаўленьне маскоўскай імпэрыі ў былых межах, зьнішчэньне незалежных дзяржаваў вызваленых ад каляніялізма народаў. Іхныя лабавыя атакі на нашую незалежнасьць былі правалены ў 1996 годзе ў выніку магутнага супраціву беларускіх патрыётаў. Цяпер Масква рукамі сваіх марыянэтак спрабуе ў каторы раз падмануць наш народ і паняволіць Беларусь шляхам фальшывых “выбараў”. Адзінае выйсьце з гэтага тупіка – усенародны няўдзел у выбарчых гульнях дыктатуры. Мы павінны адвярнуцца ад рэжыму – няхай гуляецца сам з сабой. Масква павінна зразумець, што ў выпадку нашэсьця на нашую дзяржаву Беларускі народ будзе абараняць сваю незалежнасьць у адпаведнасьці з Канстытуцыяй, у адпаведнасьці з нашай нацыянальнай традыцыяй і прыродным правам. Над магіламі нашых сьвятых ахвяраў мы паўтараем гэтае папярэджаньне цяперашняму пакаленьню маскоўскіх забойцаў. Маскоўскі фашызм ня пройдзе! Над грамадой луналі нацыянальныя Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі. Моладзь трымала транспаранты “Не забудзем ахвяраў расейскага тэрору!”, “Ніякіх саюзаў з імпэрскай Расеяй!” Людзі ўсклалі да манумэнтальных крыжоў на магілах ахвяраў вянкі і кветкі, запалілі сьвечкі і зьнічкі.
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 29 чэрвеня 2008 г.