Васіль Уладзiмiравiч Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 году ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёну Віцебскай вобласьці. Навучаўся на скульптурным аддзяленьні Віцебскай мастацкай вучэльні.
Упершыню творы Васіля Быкава былі апублікаваныя ў 1947 годзе, аднак творчая біяграфія пісьменьніка пачынаецца з апавяданьняў, напісаных у 1951 годзе. Некаторыя творы пісьменьніка, такія як аповесьці “Трецяя ракета” (1962), “Дажыць да світання”, былі экранізаваныя.
Сярэдзіна 90-х нібыта вярнула пісьменьніка ў савецкія часы. Шырокая траўля ў дзяржаўнай прэсе, забарона, цэнзура на выхад яго новых твораў, пагаршэньне на гэтай глебе здароўя вымусілі Быкава пакінуць Радзіму. Некалькі гадоў ён жыў за мяжой.
У сьнежні 2002 году Васіль Быкаў пераехаў на сталае жыхарства ў Чэхію. Тады пісьменьнік сказаў, што ён “даўно марыў пасяліцца ў Чэхіі, заўсёды меў сымпатыю да гэтай краіны і яе грамадзянаў”. У рашэньні праблемы пераезду Быкава ў Чэхію актыўны ўдзел прымала канцылярыя чэскага прэзыдэнта і асабіста Вацлаў Гавэл. Некалькі апошніх гадоў Герой Сацыялістычнай Працы, ляўрэат Ленінскай прэміі, народны пісьменьнік Беларусі пражываў у ФРГ, а да гэтага ў Фінляндыі.
Народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў памёр 22 чэрвеня 2003 года ў 20 гадзiн 30 хвiлiн у рэанімацыйным аддзяленьні анкалягічнага шпіталю ў Бараўлянах, пад Менскам.
Паводле Радыё “Свабода”