Старадароскі РАУС выдаў пастанову аб прымусовым прыводзе ў суд сьвятара Леаніда Акаловіча. Сьвятара абвінавачваюць у тым, што 19 красавіка ён удзельнічаў у несанкцыянаваным сходзе ў вёсцы Дражна. Тады ў вёсцы быў усталяваны шасьціканцовы крыж у памяць пра 25 мірных жыхароў, забітых партызанамі 2-й Менскай партызанскай брыгады 15 красавіка 1943 году. Празь некалькі дзён пасьля ўсталяваньня мясцовыя ўлады дэмантавалі крыж. З ранейшага:
“Спадарыня Валянціна, Бабруйск: “Я хачу расказаць праўду пра партызанаў. Нябожчыца маці казала, што днём жыхары вёскі Залужжа немцаў баяліся, а ноччу баяліся партызанаў. А яшчэ яна казала нам, дзецям, што Дражна спалілі партызаны. ”
“Спадар Курневіч, Барысаў: “Пра трагедыю ў вёсцы Дражна. Мае бацькі і радня па Барысаўшчыне болей баяліся партызанаў, чым немцаў. Партызаны чысьцілі ўсё: і валёнкі, і кажухі, асабліва шукалі самагонку. Калі не было чым пажывіцца, ад злосьці палілі хлеў. Калі я працаваў у райвыканкаме, па заданьні разглядаў заявы. Заяўнікі хацелі быць сем’ямі бацькоў загінуўшых ад рук немцаў. Пры допыце сьведак высьветлілася, што жыхары вёскі Грымін самі прасілі нямецкую ўладу абараніць іх ад рабаўніцтва і разгулу партызанаў.”
“Сьведка трагедыі Віктар Колас: “У хату забег камісарчык у чорнай скуранцы й бацьку першага забіў. Я засланіў сабою старэйшага брата, але мяне Бог сьцярог” 1“Мікалаю Пятроўскаму на той страшны Вялікдзень было 13 гадоў. На яго вачах забілі ўсю сям’ю. Пра той дзень ён гаворыць перамагаючы спазмы, што сьціскаюць горла.
Мікалай: “Яна карову хацела выпусьціць, гарэла ўсё. Яна не дабегла да гэтай адрыны, яе звалілі. Калі гарэла ўсё, я лёг на прысядзібным участку сваім. Зь сястрой. Сястра са мною побач ляжала. Я кажу: “Каця, а дзе мама?” — “Ня ведаю”. Я павярнуўся. Гляджу. Акрываўленая ўся. І рэзалі. Зьдзекаваліся проста. Зьдзекаваліся жудасна”.
Мікалай: “Калі сказаў сястры: “Маму паглядзі”. Яна павярнулася, галаву ўзьняла. А ў гэты час, я лічу, што гэта быў камандзір брыгады, ён нацэліўся прама на мяне і на сястру. І калі яна ўзьняла галаву… Стрэлаў ня чутна. Ён ёй у сэрца. Кроў пачала прасочвацца… Я паспрабаваў яе прыўзьняць. Аказалася, проста ў сэрца ёй страляў. А брата ў канаве знайшлі. Разрыўной куляй у скронь. Кінулі ў канаву труп. Пасьля ўжо знайшлі. А побач суседка. Я бачу, што сястра мёртвая, маці мёртвая. Я пачаў паўзьці. А побач дагараў дом суседкі. Яны злавілі гэту суседку. Яна трымала дзяўчынку. Схапілі. Яна не адпускала ад сябе дзіця. І яны разам зь дзіцем у палаючы дом кінулі. Маме было 43 гады, сястры 21, а брату 16”.
Мікалай: “Што характэрна. Я чытаў данясеньні, падпісаныя камбрыгам Івановым. “Зьнішчана 217 свалачэй”. А па сутнасьці, ніводнага паліцая. Адзін паліцай выпадкова. А ў паліцыі было 79 чалавек. “Гарнізон разгромлены”, пішуць. А гэты гарнізон праіснаваў да канца вайны”.
А зараз слова краязнаўцу Віктару Хурсіку, які ў архівах здабываў усю інфармацыю пра трагедыю і які ў дзень усталяваньня крыжа таксама быў тут.
Хурсік: “Брыгаду ўзначальваў абсалютна малады камандзір. Якога нішто не зьвязвала зь Беларусьсю. Гэты чалавек быў з Расеі. Малады хлопец. Ён атрымаў адразу пасьля лейтэнанта падпалкоўніка ў штабе партызанскага руху. І прыехаў тут арганізоўваць. … Білі штыкамі, нажамі калолі. Кідалі дзяцей у агонь. Гэта ўсё засьведчана. Пасьля гэтага быў выдадзены ў самой партызанскай брыгадзе загад “Сьмерць балбатунам”. Тых, хто ад афіцыйнай вэрсіі падзей адмовіцца, чакала суровая кара”.
(Паводле радыё Свабода)