11 травеня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ Зянон Пазьняк прадставіў для абмеркаваньня аналітычны матэрыял па сучаснай палітыцы: “Некалькі тэзісаў пра агульныя справы” (публікуецца).
З дакладам аб становішчы ў краіне выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца на Беларусі абавязкаў старшыні Фронту і Партыі. Адбыўся грунтоўны і дэтальны аналіз палітычнай сытуацыі ў Беларусі. Сябры Сойму пацьвердзілі папярэдняе рашэньне Сойму аб разгортваньні інфармацыйнай працы сярод беларускага грамадзтва па ізаляцыі рэжыму і ў першую чаргу яго імкненьня легелізаваць палату. Да грамадзтва мусіць быць даведзеная інфармацыя аб небяспецы ўдзелу ў плянуемых на сёлетнюю восень “выбырах”. Толькі актыўны няўдзел ў выбарчым фарсе дасьць магчымасьць зламаць расейска-прамаскоўскія задумкі па так званай “інтэграцыі” у склад Расеі.
Зьвернута ўвага на пасобніцтва рэжыму з боку групоўкі Калякіна-Мілінкевіча-Вячоркі-Лябедзькі ў справе легітымізацыі рэжымнай палаты. Яны клічуць людзей на выбары нягледзячы на тое, што рэжым узмацніў рэпрэсіі. Пасьля судовых рэпрэсіяў над прадпрымальнікамі, брутальнага зьбіцьця і арыштаў моладзі 25 сакавіка, нападу на журналістаў і рабаваньня іх кампутарнай тэхнікі, брутальнага парушэньня міжнародных нормаў у адносінах да амбасады ЗША удзел у рэжымных выбарах, агітацыя за удзел у гэтых антыбеларускіх выбарах ставіць ўдзельнікаў ( так званых “кандыдатаў у дэпутаты” і іхных памагатых) у антыбеларускі маскоўска-прамаскоўскі лягер.
Абмеркавана далейшая праца па ўладкаваньні Народнага мэмарыялу “Курапаты”.
Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 11 траўня 2008 г.