Акт вандалізма ў Курапатах
Уначы на 12 сакавіка на тэрыторыі Народнага Мэмарыялу ў Курапатах адбыўся чарговы акт вандалізма. Злачынцы паламалі і кінулі на зямлю 34 крыжа, таксама пашкодзілі шэраг крыжоў на магілах ахвяраў. Такога вялікага зьнішчэньня беларускай сьвятыні не было з восені 2001 года, калі адбываўся наступ антыбеларускага рэжыму з мэтай зьнішчэньня Народнага Мэмарыялу. Безумоўна, чарговы прыступ сатанінскай нянавісьці да сьвятога Крыжа, да нашай сьвятыні і магілаў пакутнікаў зьвязаны з набліжэньнем Дня Волі – 90-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Улада цемры калоціцца ад страху і нянавісьці. У 2001 годзе беларускія патрыёты абаранілі Курапаты ад рэжымных варвараў. Абарона сьвятыні працягваецца. 15 сакавіка а 12.00 сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ праводзяць у Курапатах вялікую талаку, каб аднавіць паламаныя крыжы. Заклікаем людзей добрай волі далучыцца да талакі.
Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 13 сакавіка 2008 г.