5 лютага сёлета ў Вярхоўным судзе Беларусі была разгледжана грамадзянская справа па позьве Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Партыя патрабавала адмяніць пісьмовае папярэджаньне, вынесенае Партыі міністэрствам юстыцыі Беларусі ў сьнежні 2007 г. Мінстэрства юстыцыі абвінаваціла Партыю ў “паклёпе на палітыку Расеі, на расейскую гісторыю” і ў “зьнявазе грамадзянаў расейскай нацыянальнасьці”.
Працэс распачаўся з грубых працэсуальных парушэньняў. Суддзя В. Самалюк неабгрунтавана адмовіў прадстаўнікам Партыі ў магчымасьці запрасіць на працэс адваката. У той жа час на працягу ўсяго працэсу ў зале суда знаходзілася прадстаўніца Генэральнай пракуратуры саветнік юстыцыі Мазоўка. Яна ўмешвалася ў спрэчкі і відавочна выступала на баку прадстаўніка міністэрства юстыцыі. Прадстаўніку міністэрства юстыцыі сп. Печкурову сапраўды ўвесь час была патрэбна актыўная і незаконная падтрымка з боку пракуратуры. Ён прадэманстраваў на працэсе сваю поўную прафэсійную некампэтэнтнасьць, паўтараючы на запыты прадстаўнікоў Партыі, што ён “на гэта не ўпаўнаважаны”, а “гэтага ня ведае”.
Прадстаўнік Партыі сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Партыі, задаваў пытаньні па сутнасьці справы: чаму міністэрства юстыцыі Беларусі бароніць палітыку і гісторыю чужой краіны – Расеі, у чым заключаецца “паклёп” і “зьнявага”? На гэтыя пытаньні сп. Печкуроў адмовіўся адказваць і заявіў, што гэта “не яго кампэтэнцыя”. Тады сп. Папкоў запатрабаваў утварыць камісію экспэртаў, якая б правяла экспэртызу дакуманта Партыі пад назовам “Асіміляцыя – злачынства супраць чалавецтва”. Аднак, пасьля чарговага ўмяшальніцтва прадстаўніка пракуратуры суддзя заявіў, што ў такой камісіі “няма патрэбы”.
Урэшце сп. Папкоў зьвярнуў увагу суда на шэраг цытатаў з дакуманта “Асіміляцыя…”, прыведзеных у лісьце міністэрства юстыцыі, якое міністэрства накіравала Партыі. Ніводная з прыведзеных цытатаў (як і ў цэлым тэкст дакуманта “Асіміляцыя…”) ня ўтрымлівае паклёпу на гісторыю Расеі і ў ім нават не згадваліся “расейскія грамадзяне” і “грамадзяне небеларускай нацыянальнасьці” (у зьнявазе якіх абвінавачваецца Партыя). Было заяўлена, што адна з “цытатаў” была груба сфальсіфікавана міністэрствам юстыцыі і ўяўляе сабой падлог. Суд не зьвярнуў увагі на гэты факт. Сп. Печкуроў зачытаў суду заранёў падрыхтаваны выступ, у якім гаварылася пра “павагу і роўныя правы ўсіх нацыянальнасьцяў у Беларусі”, пра “свабоду выбару мовы ў Беларусі”. Ён зрабіў выснову, што гэтаму “прагрэсу” замінае і пярэчыць Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ. Сп. Сяргей Папкоў у сваіх выступах выклаў шэраг фактаў антыбеларускай практыкі асіміляцыі і русіфікацыі беларусаў у Беларусі: ліквідацыя беларускага школьніцтва, фальсіфікацыя нашай нацыянальнай гісторыі, штучная дэградацыя культуры грамадзтва. Гэта ёсьць афіцыйная палітыка кіраўніцтва Расеі і прамаскоўскага рэжыму, які існуе на Беларусі. Расейскія палітыкі вышэйшага ўзроўню, палітолагі і крамлёўскія аналітыкі заяўляюць публічна (суду былі прадстаўлена вытрымкі такіх выказваньняў з СМІ), што мэтай гэтай палітыкі зьяўляецца ўключэньне Беларусі ў Расею “шасьцю губэрнямі”, русіфікацыя насельніцтва Беларусі, выкарыстаньне беларускіх матэрыяльных і інтэлектуальных рэсурсаў на карысьць Расеі. Гэта ёсьць агрэсіўная антыбеларуская палітыка і рэчаіснасьць беларускага жыцьця. Такія факты не зьяўляюцца “тэндэнцыйнымі заявамі”, “паклёпам” і “зьнявагай” з боку Партыі, як гэта сьцьвярджае міністэрства юстыцыі.
Падчас працэсу станавілася зразумелым, што наладжанае ў зале Вярхоўнага суда ёсьць заранёў падрыхтаваным палітыканскім шоў, якое ня мае нічога агульнага з законам і правам. Заранёў таксама было падрыхтавана і судовае рашэньне. 6 лютага Вярхоўны суд адмовіўся задаволіць позву Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ на абскарджаньне незаконнага папярэджаньня з боку міністэрства юстыцыі Беларусі. Нягледзячы на судовую сваволю Партыя будзе працягваць сваю дзейнасьць ў абарону незалежнай Беларускай дзяржавы, беларускай культуры і мовы.
Кіраўніцтва Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 8 лютага 2008 г. Менск