Кніжка Галіны Пазьняк „Беларусь у сэрцы”, побач з працамі Сяргея Навумчыка, адно з першых выданьняў, дзе прадстаўлены разгорнутыя (хоць і фрагмэнтарна) ўспаміны пра рух Беларускага Адраджэньня ў канцы 80- і 90-х гадах мінулага стагоддзя, пра беларускіх адраджэнцаў і барацьбу, якая прывяла да аднаўленьня і ўсталяваньня дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі.
У кнізе пададзены таксама ўспаміны з жыцьця ў СССР, аб дачыненьнях з Васілём Быкавым, а таксама запісы размоваў кіраўнікоў Фронту аб пэўных падзеях нядаўняй беларускай мінуласьці, літаратурныя рэцэнзіі і інш.
Усё гэта новы матэрыял, які, спадзяюся, паслужыць на карысьць нашай Бацькаўшчыны і мэмуарнай літаратуры.
Успаміны Галіны Пазьняк маюць яшчэ тую асаблівую каштоўнасьць, што напісаныя чалавекам, які непасрэдна дзейнічаў і працаваў у фронтаўскіх структурах і ў структурах мясцовай выбарнай і выканаўчай улады (Менскі Гарсавет і Менскі Гарвыканкам). Тут падаецца свой асабісты (і тым каштоўны) погляд знутры на Беларускае Адраджэньне і на сістэму дачыненьняў паміж тыхчасовай уладай і Адраджэньнем. У тэкстах закранутыя пласты, якія яшчэ ніколі не траплялі на старонкі цяперашняга друку. Гэтая кніга, таксама як і працы Сяргея Навумчыка, – цаглінка ў гісторыю беларускага змаганьня за незалежнасьць, нацыянальнае адраджэньне і свабоду.
Зянон Пазьняк
23 траўня 2007 г., Нью-Ёрк
Спампаваць
(9,2 Mb.)