16 лістапада драматычныя зьвесткі паступілі з сібірскага Омска. Тамака міліцыя арыштавала вялікую колькасьць улётак СПС у друкарні “Алые паруса”. Мясцовыя кандыдаты ад СПС Н. Ефімкін, В. Шіршов і Т. Алексашіна пачалі галадоўку пратэсту супраць гэтай выбарчай рэпрэсіі.. І гэта толькі чарговы эпізод разьвіцьця гэбоўска-лубянскіх сюжэту ў Расеі.
У Растове-на-Доне 16 лістапада адбыўся масавы мітынг. На мітынгу выступіў начальнік ФСБ Патрушаў. Ён жа раздаваў ключы жыхарам 16-паверхавага дома і абяцаў “решить жилищный вопрос чекистов в к 2010 году”. Жыхарамі зьяўляюцца, зразумела, мясцовыя чэкісты. Для іх закладзены яшчэ тры дамы ў Растове. Гэта ня першая такая акцыя Крамля-Лубянкі. Перад выбарчым рыўком Пуцін значна павысіў заробкі вайскоўцам, Патрушаў увіхаецца каля сваіх кадраў. Калі чуеш пра іхную “жілішчную проблему”, то так і ўяўляеш са спачуваньнем, як пасьля дзяжурства на “падслушцы” або пасьля чарговай правакацыі доблесныя дзяржынцы ідуць адсыпацца на вакзалы і сьметнікі, у калектарныя тунэлі і на паддашкі. Але праз тры гады іхныя пакуты ўрэшце скончацца.
Са Спаскай вежы Крамля махнулі хусьцінкай і адбыўся чарговы міжнародны забег агентуры. У Косаве актыўна кандыдуе на парляманцкіх выбарах швайцарскі албанец Паколі, вядомы жулік, які краў грошы разам з начальнікам СНД Барадзіным падчас “рэмонта крамлёўскіх палатаў” сем гадоў таму. А ў Брусэлі падняўся італьянскі эўрадэпутат Джульета К’еза. Ён прабівае з трыбуны пытаньне пра “нелегальныя амэрыканскія турмы ва Украіне”. Маўляў, амэрыканцы фрахтуюць падпольныя турмы на тэрыторыі Украіны для зьняволеньня там палонных ісламістаў, якіх вязуць транзітам у Гуантанама. У заходніх СМІ на пару дзён гэта стала сэнсацыяй. А мінабароны Украіны заявіла, што “усё гэта лухта і няпраўда”. Якая сувязь паміж гэтымі падзеямі ў Косаве і Брусэлі. Сувязь неасьцярожна раскрыла расейскае тэлебачаньне, на якім выступіў згаданы Джульета К’еза. Выступіў на вельмі прыстойнай расейшчыне, у паперку не заглядаў, прамаўляў вельмі эмацыйна і без запінкі. Памятаем, што Паколі таксама ўмее вельмі тэмпэрамэнтна размаўляць па-расейску (памылкі яго не бянтэжаць). Выглядае так, што яны зафрахтаваныя Масквой яшчэ з часоў камсамольскага юнацтва.
18 лістапада расейскае тэлебачаньне давала рэпартаж з Косава. Прамаскоўскі кандыдат Паколі на парляманцкіх выбарах у гэтай правінцыі праваліўся. Выбары выйграў папулярны ў народзе партызанскі камандзёр Тачы. У пераможным выступе на цэнтральнай плошчы Прышціны ён заявіў, што ў бліжэйшы час будзе абвешчана незалежнасьць Косава ад Сербіі. Па тэлекамэнтарах адчувалася, што маскоўцаў аж калоціць ад гэтых падзеяў. Валіцца яшчэ адзін бастыён зьнешняй расейскай імпэрыі. Албанскі народ даўно ўжо не арыентуецца на Маскву. Засталіся толькі няшчасныя сербы, якія зьяўляюцца меншасьцю ў Косаве. У 1998 годзе яны масава танцавалі на ўзбочынах косаўскіх дарог, калі сербскія карнікі гналі сотні тысячаў албанцаў прэч з Косава. Танцы скончыліся разгромам сербскай арміі і вяртаньнем албанцаў у Косава. Каб крыху разбавіць горкую пігулку, расейская тэлегрупа заехала ў сербскую частку косаўскага горада Мітровіцы і ўсё спачувала сербам. Не абышлося і без маскоўскай фальшыўкі. Тэлебачаньне паказала новы бронзавы помнік у Мітровіцы і патлумачыла, што “грошы на яго сабрала ўдзячнае Расеі мясцовае сербскае насельніцтва”. Манумэнт прадстаўляе расейскага дыплямата Шчарбіну (паводле прозьвішча зразумела, што з беларусаў не адзін Грамыка рабіў кар’еру ў крамлёўскай дыпляматыі), якога косаўскія албанцы застрэлілі ў 1903 годзе. Больш гаротным сербам няма чым заняцца, як зьбіраць грошы на помнікі крамлёўскім пэрсанажам. Зразумела, што бронзавую фігуру прывезьлі з Масквы і на грошы расейскіх падаткаплацельшчыкаў.
Янка Базыль