Факты і падзеі (13-14 лістапада 2007 г.)

16 ноября 2007 г.

Актуаліі

13 лістапада ў Маскве падаў голас Нікіта Белых, старшыня так званага Саюза Правых Сілаў Расеі. Нагадаем, што яго і ягоных падначаленых надта ж любіць запрашаць на свае еўрамаршы менская псэўдаапазыцыя, выстаўляючы іх як “надежду русской демократіі” (якая – за “дэмакратычную інтэграцыю Беларусі ў Расею”). У Бялых і СПС вялікія праблемы. Напярэдадні парляманцкіх выбараў з іхных шэрагаў масава разьбягаюцца сябры і больш таго – кандыдаты, выстаўленыя ад СПС на выбары. У апошнія дні ў шэрагу рэгіёнаў зьнялі свае кандыдатуры асобы, якія ўзначальвалі выбарчы сьпіс СПС. Бялых абвінавачвае ў гэтым нам. старшыні прэзыдэнцкай адміністрацыі Алега Гаваруна. Маўляў, гэты Гаварун асабіста тэлефануе кандыдатам ад СПС і абяцае ім непрыемнасьці, калі тыя будуць кандыдаваць у супрацьвагу Пуціну. Можа так яно і ёсьць. Але калі так, то крамлёўскія гаваруны перастараліся. Кожнаму зразумела, што “правыя” ня маюць ніякіх пэрспэктываў на маючым адбыцца выбарчым спэктаклі. У Крамлі нават сур’ёзна абмяркоўваецца магчымасьць спыненьня прыёму новых сябраў у пуцінскую партыю “Едіная Россія”. Ахвотныя кан’юнктуршыкі павалілі ў ЕР, расштурхваючы дарогу лакцямі. Усе хочуць засьведчыцца ў вернасьці крамлёўскаму начальніку і “ягонай лініі” (апошнім часам так стала называцца палітыка пуцінізма) ды пасьпець на сакрушальную і “элегантную” перамогу пуціністаў. Каго цяпер з “маскоўскіх дэмакратаў” будуць выстаўляць на сваіх балотных маршах вінцучкі-лебедько-мілінкевічы?

Зьдзяйсьняецца крамлёўская пагроза наконт “адэкватнага адказу” Грузіі пасьля правалу антыдзяржаўнага перавароту, арганізаванага па загаду з Масквы тбіліскай “аб’яднанай апазыцыяй”. 13 лістапада грузінскія ўлады паведамілі, што на тэрыторыю Абхазіі ўведзены дадатковыя расейскія вайсковыя сілы: 200 вайскоўцаў, комплексы “Град”, танкі, браневікі і гаўбіцы. Памятаем, як нам. міністра МЗС РФ Камынін заявіў 8 лістапада, што “мы обеспечим защиту российских граждан”. На працягу шэрагу гадоў яны раздавалі ў акупаванай правінцыі Грузіі пашпарты РФ, а цяпер будуць бараніць гэтых “граждан” ад Грузіі.

14 лістапада Масква абвясьціла пра ўвядзеньне на Беларусь магутнай зьнішчальнай (і зусім непатрэбнай беларусам) зброі. Генэрал Зарыцкі, начальнік ракетных войскаў і артылерыі РФ, заявіў: “Пастаўка апэратыўна-тактычных комплексаў “Іскандэр” на Беларусь стане асімэтрычным адказам на пляны ЗША па стварэньню трэцяга базавага раёна супрацьракетнай абароны на эўрапейскім кантынэнце”. Такім чынам наша краіна становіцца закладніцай расейскай ваеншчыны, якая выконвае загад Крамля-Лубянкі на ваенную канфрантацыю з заходняй цывілізацыяй. Зьдзяйсьняецца тое, аб чым патрыёты Беларусі ўвесь час папярэджвалі заходнія ўрады і грамадзтвы: тэрыторыя Беларусі выкарыстоўваецца Масквой як трамплін для ваеннай пагрозы заходнім краінам, як плацдарм, брутальна вырваны з эўрапейскага кантэксту і аддадзены маскоўскаму агрэсару. Магутныя ракеты будуць падсунуты на 500 кілёмэтраў бліжэй да эўрапейскіх гарадоў. А палітычныя эліты ў заходніх сталіцах, падобна, аглохлі і асьлеплі, нічога не разумеюць. Брусэльская намэнклятура, эўрапейскія СМІ і палітыкі працягваюць бессэнсоўныя гульні з падстаўной менскай псэўдаапазыцыяй, робяць выгляд, што змагаюцца за дэмакратызацыю Беларусі. Расейскія акупанты Беларусі ўжо накіравалі на іх мадэрновыя ракеты, а яны ўсё тэарэтызуюць пра “збліжэньне апазыцыя з уладамі”, “дэмакратычныя выбары” і “лідэра, акцэптабельнага як у Брусэлі, так і ў Маскве”. Tупізм эўрачыноўнікаў давядзе да няшчасьця эўрапейскія народы. У чарговы раз палітпрайдзісьветам ня ўдасца пабудаваць эўракамфорт, аддаўшы ў маскоўскі палон беларускі народ.

Яўлінскі публічна паскардзіўся ў Маскве на дзеяньні ўладаў супраць ягонага “Яблока”. 14 лістапада штаб гэтай партыі ў горадзе Пскове быў разгромлены натоўпам з невядомых асобаў, міліцыя ня ўмешвалася. Былі разьбіты шыбы, мэбля, аргтэхніка, зьнішчаны выбарчыя агітацыйныя матэр’ялы. Яўлінскі пра гэта не казаў, але, падобна, што штабныя “яблычнікі” ледзь пасьпелі ўцячы з канторы. Мізэрны канец крамлёўскіх гульняў маскоўскіх дэмакратаў, якія праклалі для лубянцаў шлях у Крэмль.

Янка Базыль