Прэс-рэліз (4-8 лістапада 2007 г.)

8 ноября 2007 г.

Актуаліі

На наступны дзень пасьля пачатку выступаў апазыцыі супраць прэзыдэнта Грузіі Саакашвілі 4 лістапада ў паветраную прастору Грузіі уварваліся расейскія ваенныя самалёты. Саакашвілі заявіў, што войскі краіны гатовыя абараніць незалежнасьць і тэрытарыяльную цэласнасьць Грузіі. Ён нагадаў таксама, што падзеі ў Грузіі зьяўляюцца часткай перадвыбарчай кампаніі ў Дзярждуму РФ.

4 лістапада ў Расеі сьвяткавалі “день народного едінства” ў гонар вызваленьня Масквы ад “польскіх інтэрвэнтаў” у 1612 г. Ня любяць, ой ня любяць успамінаць маскоўцы, што ў Крамлі і многіх іншых месцах на самой справе сядзелі беларускія гарнізоны. Але ў гэты дзень сёлета гістарычныя рэмінісцэнцыі мала займалі арганізаваныя расейскія масы. Галоўнай для арганізатараў і масоўкі была цяпершчына. На Манежнай плошчы ў Маскве “Молодая гвардія” (пуцін-югенд) сабралася на мітынг-канцэрт. Грымела папса, інтэрвэнтаў ніхто не згадваў. Потым уключылі вялізазны экран, зь якога да “югенда” зьвярнуўся Б. Грызлоў, старшыня Дзярждумы. Ён доўга не прамаўляў. Толькі бадзёра гукнуў: “Мы верим в Россию? Мы верим в президента? Мы верим в себя?!” Плошча штораз раўла камсамольскімі галасамі – “Да-а-а!” Маскоўскае “Зіг-хайль!” коціцца па прасторах лапатнай, адсталай і няшчаснай імпэрыі.

7 лістапада парэшткі камунізму арганізоўвалі сваё сьвяткаваньне. Невялікімі купкамі яны сабраліся каля ленінаў у Менску, Віцебску і іншых гарадах Беларусі. З кожным годам яны выглядаюць усё больш кур’ёзнымі гістарычнымі выкапнямі. У асноўным пажылыя асобы трымалі савецкую сымволіку і сьцягі БССР-РБ, партрэты Леніна і Сталіна. Іх ніхто не чапаў. Падобна, што ў нас гэтая малалікая сэкта паступова вымірае. У Маскве іх сканцэнтравалі значна больш, раздалі чырвоныя сьцягі і транспаранты пра “соціалістіческую революцію”. Надрываліся аркестры, па праспэктах не маглі праехаць аўтамабілі. Масква на поўным сур’ёзе застаецца сталіцай бальшавізму. У некаторых іншых месцах камуне пашэнціла значна менш. У Львове ў сотню камуністаў, што сабраліся каля помніка Чырвонай арміі (на Заходняй Украіне не засталося ўжо аніводнага леніна), людзі пачалі кідаць яйкі і іншыя прадметы. Міліцыя ледзь здолела спыніць украінцаў, якія хацелі пабіць чырвоных. Людзі трымалі ў руках (а потым спалілі) пудзілы з партрэтамі генсека кампартыі Украіны Сіманенкі і генсека “партыі сацыяльнай справядлівасьці” Вітрэнкі. “Сацыяльны марш” у Львове зусім не атрымаўся. Пасьля бальшавіцкага мітынгу вакол помніка засталіся кучы яечнага шалупіньня і іншага сьмецьця, якое паслужыла “оружіем пролетаріата”. З усяго гэтага чырвонага вадэвіля найбольш крыўдным ёсьць факт, што менавіта ў нашай Беларусі ўгодкі бальшавіцкага перавароту ў чужым нам горадзе застаюцца афіцыйным сьвятам у нашых гарадах.

У дзень бальшавіцкіх угодкаў прагучаў голас з-за кратаў. Алігарх М. Хадаркоўскі (былыя савецкія дысыдэнты сур’ёзным тонам называюць яго “совестью Россіі”) з чыцінскага астрога зьвярнуўся да насельніцтва РФ. Ён заклікаў на парляманцкіх выбарах 2 сьнежня сёлета ісьці на выбарчыя ўчасткі і прагаласаваць “за любую малую партию, которая не вызывает презрения”. Да такой формы “іді і скажі своё НЕТ” не дадумаліся ў свой час нават менскія падстаўныя псэўдаапазыцыянэры. Арыгінальная фармулёўка, аднак, (пасьля абкаткі ў Расеі) можа паступіць на ўзбраеньне калякіных-івашкевічаў-мілінкевічаў і іншых з прамаскоўскай фронды, якія ўжо цяпер у адкрытую намерваюцца весьці людзей на галасаваньне на чарговых палатных “выбарах”. Беларусам трэба быць пільнымі і не дазволіць у чарговы раз падмануць сябе падстаўным.

Падобна на тое, што Масква зусім не чакала апэратыўных дзеяньняў уладаў Грузіі па спыненьні правакацыі, арганізаванай на маскоўскія грошы. Раніцай і нават апоўдні 8 лістапада Крэмль яшчэ ня мог ачухацца пасьля атрыманьня зьвесткі пра ўвядзеньне надзвычайнага становішча ў краіне, якую па загадзе імпэрыі хацелі б расхістаць антыдзяржаўныя прамаскоўскія сілы. У нэтрах крамлёўскіх кабінэтаў назіраецца чыста эмацыйная рэакцыя, галоўны начальнік маўчыць як вады ў рот набраўшы. Як і ў даўнія смутныя часы на чырвоны гаўбец Гранавітай палаты выштурхнулі баяраў, якія запоўнілі сабой інфармацыйны вакуум. Старшыня Дзярждумы Б. Грызлоў (крыва і ненатуральна ўсьміхаючыся) сказаў, што “у Грузіі пачынаецца кравапраліцьце” і “усё арганізавала амэрыканская выведка”. Баярын Ю. Лужкоў заклікаў тэрмінова прызнаць незалежнасьць Абхазіі. Выглядае на тое, што адразу ж пасьля правалу апошняй лубянскай правакацыі з выбухам у Тальяці (дзе тысячы людзей замахалі кулакамі і загаласілі: “Як толькі выбары, дык пачынаюцца выбухі! Усё мы разумеем, будзьце вы прокляты!”) Крэмль ўвальваецца ў яшчэ адзін, гэтым разам міжнародны правал.

Янка Базыль