4 лістапада сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ правялі мэмарыяльнае шэсьце і мітынг у Лошыцкім Яры – адным з месцаў у Менску, дзе расейскія акупанты забівалі беларусаў у 1937 годзе. Людзі сабраліся каля палаца культуры Камвольнага камбіната і рушылі шэсьцем пад Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі і гэрбам Пагоня. Яны несьлі таксама транспарант “Памятайма пра ахвяры расейскага тэрору”.
Удзельнікі шэсьця прышлі ў Лошыцкі Яр, да Крыжа на магілах беларускіх пакутнікаў. Людзі заслухалі зварот сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ, — “Лошыцкі Яр. 70 гадоў” (публікуецца). Выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў на Беларусі старшыні Фронту і Партыі. Ён падзякваў людзям, што нягледзячы на непагадзь прышлі, каб ушанаваць памяць нявінных ахвяраў расейскага злачынства на нашай зямлі. Кожны чалавек робіць маральны выбар. І тады — у часы расейска-бальшавіцкай акупацыі, і цяпер – у часы ўнутранай маскоўскай акупацыі, людзі не баяцца рабіць свой маральны выбар. Нягледзячы ні на што наш народ захаваў вернасьць сваёй традыцыі, культуры і мове. Не ўдалося акупантам і іхным паслугачам зьнішчыць беларускі дух, спачварыць душу нашага народу. Калі на прыканцы 1980-х гадоў толькі пачыналася наша нацыянальнае Адраджэньне, афіцэры КГБ адкрыта казалі адраджэнцам: “Адкуль гэта вы зьявіліся і вас столькі? Вас жа ўжо даўно не павінна быць…” Акупанты былі ўпэўнены, што акупацыя і русіфікацыя зьнішчылі ўсё жывое і беларускае на нашай зямлі. Яны памыліліся. Пасеянае продкамі прарасло, дало плён. І дае плён цяпер, у цяжкі пэрыяд нацыянальнага прыгнёту. З намі сёньня шмат маладых людзей, моладзь ідзе разам са старэйшымі дарогай Адраджэньня Бацькаўшчыны. Адраджэнскай моладзі належыць будучыня. Рэжым пагражае зьнішчыць Крыж і магілы ў Лошыцкім Яры. Але мы не дамо нечысьці зьнішчыць нашу сьвятыню, будзем бараніць яе, як мы баранілі ад зьнішчэньня і паняверкі Курапаты. З намі нашы продкі, з намі нашы Дзяды!
Выступіў сп. Валеры Буйвал, сакратар Управы Фронту і Партыі. Ён нагадаў, што беларусы не адны змагаюцца за нацыянальнае вызваленьне, супраць фальшывых дзеячаў і падстаўных. Па ўсёй Эўропе разгортваецца народнае змаганьне за сваё, за роднае: людзі гуртуюцца пад нацыянальнымі сьцягамі ў Італіі, Угоршчыне, Польшчы, Чэхіі… Моладзь магутна заяўляе: “Мы не дазволім, каб Брусэль камандваў намі!” Многія людзі ўжо разумеюць, што брусэльская вярхушка падкуплена на шалёныя грошы Масквы і разам з Масквой зьдзяйсьняе мафійны падзел Эўропы. Не выпадкова вячоркі-лебедько-мілінкевічы так актыўна ваяжыруюць па брусэльскіх колах на Захадзе. Нельга дапусьціць, каб гэтая падстаўная публіка зганьбіла разам з рэжымам нашы сьвятыні, нельга дапускаць іх сюды – гэтых крывадушных і фальшывых дзеячыкаў. Учора яны наладзілі ў сядзібе групоўкі Вячоркі нейкі “антыкамуністычны форум”, а сёньня пад камандай камуністаў, пад крывавым чырвоным сьцягам зноў вядуць людзей на бангалорскае балота “сацыяльным маршам”. Трэба адвярнуцца ад гэтых падманшчыкаў і папоў-гапонаў, не дапускаць іх да беларускай справы, няхай яны застануцца самы са сваімі гаспадарамі: антыбеларускім рэжымам, Масквой і Брусэлям. Народы Эўропы аб’ядноўвае супольная гісторыя, памяць пра ахвяры фашызму і камунізму. Паўсюль людзі шануюць сваіх пакутнікаў. Не дазволім жа і мы, каб варвары растапталі нашы сьвятыні!
Людзі засьпявалі гімн “Магутны Божа”, усклалі кветкі да Крыжа, запалілі сьвечкі і зьнічкі.
Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 4 лістапада 2007 г.