Факты і падзеі (1-3 лістапада 2007 г.)

4 ноября 2007 г.

Актуаліі

1 лістапада генасамблея ЮНЕСКО ў Парыжы прыняла дэклярацыю аб Галадаморы ва Украіне, арганізаваным маскоўскімі ўладамі ў 1932-33 гг. (да 10 мільёнаў ахвяраў). Былі спрэчкі і дыскусіі. У выніку ў тэксьце дэклярацыі падзеі названы “трагедыяй”, няма вызначэньня “генацыд”. І зразумела чаму. У фармулёўцы пра генацыд трэба было б назваць таго, хто тварыў генацыд – Расею, расейскіх акупантаў Украіны. Можна сябе ўявіць, колькі шалёных нафтавых мільёнаў кінула Масква на подкуп дэлегатаў генасамблеі. Але Крэмль не адкруціцца ад адказнасьці. Галадамор прызнаны генацыдам украінскага народу парлямантамі Аўстраліі, Угоршчыны, Летувы, Грузіі і Эквадора. Гэта толькі пачатак.

1-3 лістапада ў адным з раёнаў сталіцы Крыма Сімфэропалі крымскія татары абаранялі сваю зямлю. Зразумела, што расейскія інтэрнэтвыданьні называюць іхныя дзеяньні “самозахватом землі”. Улады за вялікі хабар прадалі татарскія землі фірме “Олві-Крым” (зразумела, капітал расейскі). Фірма пачала будаваць на захопленых землях аб’екты. Але туды прышлі 300 татарскіх мужчынаў, вытурылі будаўнікоў і ахову і апэратыўна разбурылі гэтыя аб’екты. Татары занялі абарону на сваёй зямлі. Іх атакавалі 500 спэцназаўцаў з бранемашынамі і сотні пераапранутых у “казакоў” расейскіх асаднікаў. Татары адбілі некалькі штурмаў. З усіх канцоў Крыма на Сімфэропаль рухаюцца татарскія падмацаваньні. Памагай Бог змагарнаму народу ў абароне роднай зямлі!

2 лістапада ва ўкраінскім горадзе Івана-Франкоўску паставілі знак на месцы будучага помніка, прысьвечанага ўкраінскім “гастарбайтэрам”, якія загінулі ў Расеі. Вядома, што для беларусаў, украінцаў і малдаванаў “мірный труд” у Расеі ператварыўся ў статыстыку зьнішчальнай вайны: загінулі, былі паранены і скалечаны, зьніклі бяз вестак ужо тысячы нашых людзей. Расейскія СМІ, камэнтуючы праект помніка, пасыпалі лічбамі пра ўкраінцаў, што працуюць у Італіі, Гішпаніі, Польшчы. Але ў цывілізаваных краінах няма такога жаху, як у Расеі. Ня ўдасца расейцам прыкрыць свой фашызм чужой статыстыкай.

Раніцай 3 лістапада чачэнскія партызаны атакавалі расейскую аўтакалёну на дарозе Грозны-Аргун. Пашкоджаны машыны, расейскія генэралы прызнаюць аднаго параненага. Прычым, падкрэсьліваюць, што паранены – “упаўнаважаны МУС РФ па Башкірыі”. Зразумела чаму. Каб склалася ўражаньне, што па чачэнскай дарозе ехала башкірская калёна. Даўно вядома, што вайскоўцаў з мусульманскіх этнасаў не пасылаюць на чачэнскую вайну. Ня толькі мусульманскія аўтаноміі, але і будыйская Калмыкія прынялі рашэньне не аддаваць сваіх сыноў на расейскую каляніяльную вайну. Так сама як і ў Чачэніі, акупанцкі “упономоченный” Масквы ў Башкортастане – прысланы расеец.

Янка Базыль